Тэкст на незразумелай мове

10 кастрычніка — Міжнародны дзень псіхічнага здароўя, да якога я мусіла напісаць гэты складаны для мяне тэкст. Тэкст, для якога насамрэч няма канкрэтнай даты, асабліва цяпер, калі ўсе мы траўміраваны нечуваным па сваіх маштабах гвалтам.

img_2326_edited_logo.jpg

Чытаю сябе як тэкст на незразумелай мове, дзе можна толькі здагадвацца, што азначае той і вось гэты сімвал, і якую думку перадае адрэзак ад кропкі да кропкі, і чым заканчваецца старонка, якую я перагортваю ў спадзеве на іншае, але знаходжу там адно і тое ж.

Так пачынаецца кожная раніца. Я не ведаю, адкуль гэтая пустэча ў галаве і што выгрызае дзірку ў маім сонечным спляценні, але ведаю, што тут і цяпер мяне няма: ад напоўненасці майго «Я» не засталося нічога.

За акном з'ядае святло голле клёна, на якое раз-пораз сядаюць варона ці голуб, і гэта разбаўляе аднастайнасць карцінкі перад маімі вачыма. Нібы скамянелая, я магу гадзінамі ляжаць і глядзець, як шамаціць лісце, патрывожанае ветрам, як скачуць па сцяне спічастыя цені. Быццам ува мне жывымі засталіся толькі вочы. Усё адно, які дзень, які час і што адбываецца па-за зонай дасяжнасці позірку — бывае, я нават забываю, што там штосьці існуе.

Даўно закінута праца, у ракавіне плодзіць бактэрыі і мошак гара посуду, млосна ад навін, ад вуліц і людзей, і невядома, што трымае, калі ёсць толькі жаданне выйсці ў акно.

Такая гісторыя не ў мяне адной. 2020 год згуляў з намі ўсімі злы жарт, падарыўшы найвялікшую надзею і разбіўшы яе аб асфальт, як нечую галаву. На гэтым месцы, бы пасля ядзернай бомбы, не расце нічога — і так яно і пустуе, як чорная дзірка, убіраючы ў сябе ўсе сілы, спадзевы, жаданні... Кожная навіна, кожнае новае затрыманне, прысуд, уцёкі ці смерць толькі пашыраюць яе межы, робячы немагчымым хоць нейкі супраціў дэпрэсіі, а кожны стук у дзверы і гучныя крокі ў пад'ездзе павышаюць трывожнасць да немагчымага ўзроўню. Жыццё ў гэтай краіне і без таго становіцца небяспечным, а яшчэ і калі ты з'ядаеш сябе знутры, то святла ў канцы тунэля можна проста не ўбачыць.


Глядзіце таксама

Кожныя 40 секунд у свеце хтосьці здзяйсняе суіцыд, паведамляе Мінздароўя. Жахлівая лічба, калі ўдумацца ў яе сэнс, і яшчэ больш жахлівая, калі ведаць, што стаіць за гэтым, як складана знайсці, за што зачапіцца, калі вакол гвалт, несправядлівасць, войны, адзінота і так мала любові. 

Я паўтараю сабе, што не маю права здавацца, але гэта ўжо даўно не ратуе. І ў момант, калі разумею, што больш не магу спраўляцца сама, прашу дапамогі. Гэта, мабыць, самая дарослая рэч, якую я калі-небудзь рабіла — паклапацілася пра гэтае стомленае, спустошанае цела, якому вельмі патрэбна моцная апора. Я папрасіла дапамогі і праз шмат дзён, тыдняў, месяцаў барацьбы з цемрай, поўнай слёз ад самоты і неразумення, калі ўсміхацца стала лягчэй, я зразумела, што нават тады, у самыя чорныя дні, калі не ратавала і не трымала абсалютна нічога, я не гатова была здавацца. А значыць, ёсць нешта, для чаго варта жыць, за што варта змагацца.

Да таго самага 2020 года колькасць беларусаў з псіхічным разладам расла павольна, па 3-4% на год. Каля 750 чалавек на сотню тысяч насельніцтва — такой была статыстыка «мінулага жыцця». Потым здарыўся кавід, а потым... А потым мы ўсе захраслі ў вялікай траўме, якая нагадвае пра сябе кожны дзень — і, баюся, колькасць тых, да каго прыйшлі дэпрэсія, ПТСР і рознага кшталту неўрозы, вырасла нават не ў разы, а ў дзясяткі разоў.


Глядзіце таксама

Дэпрэсія. Мы так часта кідаліся гэтым словам, нават не ўяўляючы сабе, што насамрэч за ім хаваецца... Я ніколі не хацела ведаць. Мне і блізка не быў патрэбны такі досвед, але цяпер я ведаю. Гэта самае цяжкае, што калі-небудзь са мной здаралася, самае цяжкае, што я не магла патлумачыць іншым, самае цяжкае, у чым можна дапамагчы. Людзям не перадасі ні словамі, ні жэстамі гэты стан, а само слова, зацяганае да поўнай страты сэнсу, аўтаматычна абясцэньвае пакуты, і ўжо немагчыма даказаць, што, калі ты ўсміхаешся, гэта не значыць, што ў наступны момант ты не накінеш на сябе пятлю.

Псіхічны разлад мы ўспрымаем даволі стэрэатыпна — як штосьці сараматнае, пра што не кажуць уголас і што абыходзяць бокам. Таму прызнаць, што табе патрэбна дапамога, і звярнуцца па яе — самае складанае, складанейшае нават, чым выйсці з гэтага стану. «Я не псіх», і ўсё тут. 

Кожныя 40 секунд... Я думаю пра гэта і халадзею. Колькі б з іх засталіся жыць, калі б ім хапіла любові і падтрымкі? Калі б замест сарказму і кпінаў яны знайшлі разуменне і дапамогу. Калі б нам хапала смеласці самім быць слабымі і дазваляць гэта іншым.


Глядзіце таксама

У самыя чорныя часы я спрабавала ратавацца па рэцэпце Франкла — захоўваючы штодзённыя рытуалы: прачнуцца, устаць, прыняць душ, пачысціць зубы, заправіць ложак, паесці... Збольшага гэта дапамагала. Цудоўна памятаю дзень, які стаў апошнім у маім доўгім падзенні на дно. Дзень, калі не спрацавалі нават парады чалавека, які перажыў канцлагер. У адзін момант я стаю пад гарачым душам і кажу сама сабе: «Ты малайчына, ты паднялася, давай і далей так» — і ў другі я ляжу на ложку, абдымаючы падушку, а з вачэй самі па сабе коцяцца слёзы. Я адчуваю на плячах далоні блізкага чалавека і ўпершыню ў жыцці плачу ўголас, выкрыкваючы вонкі ўсё, што немагчыма было растлумачыць, расказаць, даць адчуць. Плачу доўга, калоцячыся, а потым ляжу без сіл і эмоцый, гляджу пустым позіркам у сцяну і разумею, што трэба гэта заканчваць.

Я пішу пра гэта — а значыць, я выбрала жыць. Прымусіла сябе прыйсці да спецыялістаў, пагадзілася на гэты эксперымент і назіраю за тым, як павольна, але няспынна, праз бясконцасць часу да мяне вяртаюцца сілы. З жаданнямі і эмоцыямі па-ранейшаму складана, як і са многімі іншымі рэчамі, але, прынамсі, ужо не хочацца адчыніць дзверы на хаду машыны, і я маю трошкі рэсурсу для ўвагі да іншых.


Глядзіце таксама

Да года з прыгожымі лічбамі «2020» у Беларусі агулам было каля 300 тысяч афіцыйна зарэгістраваных пацыентаў з псіхічным разладам — у адносна стабільны, спакойны час. Баюся, што цяпер маштаб такі, што з праблемы мы атрымалі катастрофу, з якой можам не справіцца. Сёння, на жаль, ужо не знайсці актуальнай статыстыкі ні па стане грамадства, ні па суіцыдах, ні па хатнім гвалце, але не трэба быць асабліва адоранай, каб разумець, што там жах — і гэта толькі пачатак. Той нешматлікі штат псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў, якія засталіся ў краіне, не спраўляецца з запытамі на дапамогу, а спецыялісты, якія выехалі, ратуюць людзей у эміграцыі (і не толькі іх). 

Тэрапія — працэс не аднаго дня, часам нават і многіх гадоў, а вырашэнне патрэбна проста цяпер, у гэты момант, таму што... 40 секунд, памятаеце? Да гэтай мяжы можна дайсці ці не дайсці, але гэта ў любым разе зламаныя жыцці, разбітыя сем'і, страчаныя сувязі і час, страчаныя мы самі, безліч магчымасцей пражыць той ці іншы дзень самым лепшым, самым шчаслівым.


Глядзіце таксама

Калі Белстат яшчэ друкаваў нейкія лічбы, 20 беларусаў і беларусак на сто тысяч чалавек у нашай краіне заканчвалі жыццё самагубствам. Наколькі гэтая лічба праўдзівая, я не ведаю, але нават яна аглушае: штогод 20 сямей страчвалі сваіх блізкіх праз тое, што супраць чорнай дзіркі ўнутры не знайшлося выратавання. 

Я гляджу на сваю маму і ўяўляю, як ёй было б балюча. Мама не ведае, праз што я праходжу, але калі, бывае, раптоўна я пачынаю плакаць, плача разам са мной, быццам адчуваючы магчымасць страты. У кожнай нашай размове цяпер мы гаворым адна адной «люблю цябе» — ведаючы, што кожны раз можа стаць апошнім. 

Шкада, што любові вучаць такія рэчы.


Глядзіце таксама

Кожную раніцу я пачынаю з таго, што выпіваю таблетку, якая дапаможа мне пражыць гэты дзень без трывогі і апатыі. Супраціўлялася ім да апошняга, але выбрала жыць — нават калі гэта азначае, што пакуль я магу толькі так. 

Ува мне ўсё яшчэ няма цікаўнасці, але вяртаецца злосць — і я ўжо ведаю, што на правільным шляху. Бо злосць — гэта супраціў, а супраціў — гэта спадзеў. На што спадзявацца ў сённяшніх варунках, кожны для сябе прыдумае сам. Я ж веру, што свае лепшыя дні яшчэ не пражыла. Мне хочацца іх пражыць.