Тэрапія прыродай: як палепшыць свой псіхалагічны стан з дапамогай навакольнага асяроддзя

Жыццё ў сучасных рэаліях, якія амаль штодня складаюцца з негатыўных навін і пачуцця агульнай нявызначанасці, не можа не ўплываць на наш унутраны свет. Каб даць рады псіхалагічным праблемам, шмат хто звяртаецца да спецыялістаў. Але ці ведалі вы, што ўзаемадзеянне з прыродай таксама можа палепшыць наша ментальнае здароўе?

_belarus_zima_snezan_pryroda_fota_iljustracyja_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__4__logo.jpg


Павелічэнне ўзроўню трывогі і колькасці дэпрэсіўных станаў у насельніцтва прымусілі навукоўцаў шчыльней даследаваць узаемасувязь паміж нашым ментальным станам і асяроддзем, у якім мы праводзім вольны час. У выніку яны прыйшлі да высновы, што баўленне часу на прыродзе дапамагае пры такіх праблемах псіхічнага здароўя, як трывога і дэпрэсія.
Даследаванні ў галіне экатэрапіі — псіхалагічнага кірунку, які засяроджваецца на тэрапіі з дапамогай прыроды — паказалі, што яна можа дапамагчы пры лёгкай і ўмеранай дэпрэсіі. Падобны эфект дасягаецца праз спалучэнне рэгулярнай фізічнай актыўнасці са знаходжаннем на свежым паветры. Бавіць час звонку пад сонечным святлом таксама можа быць карысным, калі чалавек пакутуе ад сезоннага афектыўнага разладу тыпу дэпрэсіі, які ўплывае на людзей у пэўны час або сезон года.
Навукоўцы высветлілі, што праведзены на прыродзе час адыграў важную ролю ў паляпшэнні псіхалагічнага стану гарадскіх жыхароў на пачатку пандэміі, калі шмат людзей аказаліся схільнымі да стрэсу і дэпрэсіі праз сацыяльную ізаляванасць. Падчас сацыялагічнага апытання ў Вялікабрытаніі каля паловы рэспандэнтаў паведамілі, што менавіта шпацыры ў парках і іншых зялёных зонах больш за ўсё дапамаглі ім справіцца з псіхалагічнымі наступствамі лакдаўнаў.
Мы таксама лічым, што праведзены на прыродзе час можа стаць эфектыўным памочнікам у барацьбе са стрэсам і іншымі псіхалагічнымі праблемамі. Таму «Эк*дом» вырашыў скласці спіс актыўнасцей, да якіх ты можаш звярнуцца, калі адчуеш, што вывозіць цяжар штодзённых выклікаў становіцца ўсё складаней.

Варыянт 1: разгрузіся падчас шпацыру па экасцяжыне



fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas5_logo_1_logo.jpg


Няшмат хто ведае, што на тэрыторыі Беларусі ёсць больш за 70 актыўных экасцежак, якія праходзяць па неверагодна прыгожых мясцінах. Выбарка краявідаў таксама разнастайная: можна паехаць на балоты, прайсціся ўздоўж берагоў рэк ці, калі ёсць сілы і жаданне, сплавіцца па самой рацэ (ёсць варыянты нават узімку!), а таксама наведаць запаведныя лясы ці турыстычныя аб’екты. Экалагічная ініцыятыва «Багна» склала гід з апісаннем самых папулярных экамаршрутаў, каб аматарам такога адпачынку было з чаго абіраць. Калі ты не супраць умеранай фізічнай актыўнасці, раім запланаваць такую паездку на выходныя.

Варыянт 2: паназірай за птушкамі



_belarus_zima_minsk_horad_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo.jpg


Калі доўгія шпацыры вам не даспадобы, прапаноўваем заняцца бёрдвочынгам (з англійскай мовы тэрмін перакладаецца як «назіранне за птушкамі»). Медытатыўнае хобі арнітолагаў-аматараў ужо даўно ўваходзіць у спісы самых папулярных актыўнасцей на свежым паветры. За птушкамі можна назіраць як у парку непадалёк ад дома, так і ў лесе падалей ад чалавечых паселішчаў. Займацца бёрдвочынгам можна без спецыяльнага абсталявання, але, калі ў вас ёсць магчымасць прыхапіць бінокль ці добрую камеру, працэс можа стаць значна цікавейшым. Да таго ж за птушкамі бёрдвочары не толькі назіраюць, але яшчэ і слухаюць іх: некаторыя віды можна знайсці па іх адметных песнях.
У Беларусі існуе свая суполка назіральнікаў за птушкамі: паглядзець на іх знаходкі ці знайсці сабе кампанію аднадумцаў можна ў Ціў-ціў чаце ў Тэлеграме. Там жа можна запытацца, ці ёсць бёрдвочары ў дыяспары іншых краін. А калі лёс вас занясе ў Тбілісі, ведайце, што там ладзяцца птушыныя шпацыры, падчас якіх можна паназіраць за птушкамі ў кампаніі беларускай арніталагіні.

Варыянт 3: дапамажы дзікім жывёлам

_vaverka___pryroda__park___horad__fota_dzmitryeva_dzmitryja_novy_czas_logo_1_logo.jpg


Яшчэ адзін варыянт для тых, каму патрэбны кантакт з прыродай — экскурсія ў цэнтр дапамогі дзікім жывёлам. Паназіраць за птушкамі і звярамі можна не толькі ў заапарках, дзе ўмовы іх утрымання нярэдка выклікаюць пытанні, але і ў адмысловых цэнтрах, якія дапамагаюць рэабілітавацца траўміраваным жывёлам ці бяруць на  ўтрыманне ў набліжаных да дзікай прыроды ўмовах тых, хто праз траўму ўжо не можа вярнуцца ў сваё звычайнае асяроддзе.
«Сірын» — беларускі цэнтр дапамогі дзікім жывёлам — часам ладзіць спецыяльныя экскурсіі, падчас якіх супрацоўнікі распавядаюць пра сваіх гадаванцаў. Замовіўшы такую экскурсію, ты не толькі атрымаеш асалоду ад назірання за жывёламі, але і зможаш фінансава падтрымаць цэнтр, які робіць такую важную справу. Дарэчы, тут сплятаюцца нават два фактары, якія станоўча ўплываюць на ментальнае здароўе: прырода і дабрачыннасць. Напішы цэнтру, каб пацікавіцца мажлівасцямі.

Варыянт 4: вырашы лакальную экапраблему

_belarus_minsk_ekanomika_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg


Даказана, што вырашэнне невялікіх праблем вяртае нам адчуванне кантролю і павышае самаацэнку ды ўпэўненасць у сабе. Паспрабуйце сумясціць гэта з выхадам на свежае паветра і пасадзіць дрэва побач з домам ці прыбраць смецце ў парку. Калі ж вам патрэбна дапамога, каб справіцца з вашай экапраблемай, раім тэлефанаваць на лінію па вырашэнні экалагічных праблем «Зялёны тэлефон». Спецыялісты пракансультуюць і падтрымаюць вашую ініцыятыву, а вы атрымаеце псіхалагічнае задавальненне не толькі ад актыўнасці на свежым паветры, але і ад таго, што зрабілі карысную справу для грамадства і навакольнага асяроддзя.

Варыянт 5: збяры смецце падчас прабежкі



_zima___minsk___nadvor_e___sneh___holad____novy_czas__17__logo.jpg


Аматарам бега раім звярнуць увагу на магчымасць не толькі правесці час на прыродзе, але і паспрыяць вырашэнню пытання з забруджваннем тэрыторый. Размова пра плогінг (так называюць папулярны экарух), сутнасць якога — збор смецця падчас бегу. Ідэя спалучыць бег з уборкай прыйшла на розум шведскаму актывісту Эрыку Альстрэму, бо яго непакоіла вялікая колькасць смецця на вуліцах роднага горада. У назве скрыжаваліся словы «plocka upp» (са шведскай — «забіраць») і «jogging» («бег трушком» з англійскай).
У Беларусі аматараў плогінгу хапае, забегі ладзяцца часта і даволі масава, таму зацікаўленым будзе вельмі проста далучыцца да гэтай карыснай ініцыятывы. За навінамі ад беларускіх аматараў плогінгу можна сачыць у інстаграме і на фэйсбуку. Але распачаць эказабегі можна і самастойна: непрыбранага смецця хапае ў любой зялёнай паласе ў межах гарадоў.
Як бачыце, варыянтаў карысна правесці час на свежым паветры хапае на любы густ і лад жыцця, таму, калі ў наступны раз жыццё возьме вас у палон дэпрэсіўных думак і стрэсу, паспрабуйце адну з актыўнасцей з нашага спіса.