Чаму ў Маладзечне вада стала чырвонай? Вінаватых знойдуць і «пакажуць па тэлевізары»
Яшчэ ў старажытных летапісах лічылася вельмі кепскім знакам, калі вада афарбоўвалася ў чырвоны. Жыхары Маладзечна таксама не ўзрадаваліся, калі пабачылі, як на Віленскай вуліцы 25 студзеня вада ў канаве ліўневай каналізацыі пад пуцеправодам афарбавалася ў барвовы колер.
![Фатаграфію канавы з барвовай вадой даслаў Kraj.by чытач. Фатаграфію канавы з барвовай вадой даслаў Kraj.by чытач.](/img/v1/images/1674724931.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фатаграфію канавы з барвовай вадой даслаў Kraj.by чытач.
Усхваляваныя
жыхары Маладзечна звярнуліся ў выданне Kraj.by. Раніцай 26 студзеня лабараторнае даследаванне паказала, што шкода прыродзе не
нанесена.
Адзін з
маладзечанцаў, які ўбачыў гэта і сфатаграфаваў, распавёў журналістам: «Здымак я
зрабіў каля чатырох гадзін дня. Упершыню такое бачыў. Думаю, што
падмяшалі адкіды. Магчыма, з нейкага прадпрыемства, таму што вада пры гэтым
яшчэ і трохі пенілася. Наўрад ці гэта рэдкая прыродная з'ява».
Увечары вада пад пуцеправодам не выглядала так ярка, як днём, але было відавочным, што яна бардовага колеру.
Начальнік Маладзечанскай раённай інспекцыі Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслаў Чарноваў паспяшаўся супакоіць жыхароў горада, што іх здароўю нічога не пагражае.
— Шкоды прыродзе няма. А вось разгільдзяйства работнікаў аднаго з гарадскіх прадпрыемстваў ёсць. Яны эканомяць на ўстаноўцы ачышчальных збудаванняў і скідаюць адходы вытворчасці ў ваду, як правіла, бліжэй да вечара, калі заканчваецца працоўны дзень. Нам ужо вядома, хто гэта зрабіў. Людзі будуць пакараны, нават пакажам іх па тэлевізары. Ліўнёўка сёння пад пуцеправодам ужо звычайнага выгляду. Але ж нават пакет мукі кінь у ваду — і яна паўгадзіны будзе белай. Кінь марганцоўку — на нейкі час афарбуецца ў фіялетавы колер. Мы пастаянна ставім лакальныя ачышчальныя збудаванні, каб вада ў нас у Маладзечанскім раёне заставалася чыстай, а тут такое адбываецца. Яшчэ раз падкрэслю: сёння раніцай правялі даследаванне гэтай вады ў лабараторыі. Пагрозы прыродзе і людзям няма. Я ж хачу падзякаваць маладзечанцам, якія аператыўна паведамляюць аб такіх выпадках, выяўляючы гэтыя праблемы.
Па словах
Уладзіслава Чарнова, наконт чырвонай вады ў канаве пад пуцеправодам працягваецца
расследаванне, на парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства збіраюць доказы.