Што расказваць дзецям, бацькі якіх у турме? Парады крызіснага псіхолага

Як з улікам узросту дзіцяці тлумачыць яму, што бацькі ў турме? Ці вазіць дзяцей на спатканні? Як абараніць іх ад магчымага негатыву? Пагаварылі пра гэта з крызісным псіхолагам Аленай Грыбанавай.

Папраўчая калонія №13. Глыбокае. Ілюстрацыйнае фота

Папраўчая калонія №13. Глыбокае. Ілюстрацыйнае фота

Галоўрэд TUT.BY Марына Золатава асуджана на 12 гадоў, ў яе сын і дачка. Актывістка з Берасця Паліна Шарэнда-Панасюк асуджана на 3 гады, яе два непаўналетнія сыны пакінулі Беларусь разам з бацькам. Вольга Залатар з Мінска асуджаная на 4 гады, яна маці пецярых дзяцей.

Сотні беларускіх семʼяў падзяліліся турэмнымі сценамі. Ніхто да гэтага не рыхтаваўся, ніхто загадзя не падрыхтаваў дзяцей. Таму сёння кожны шукае свой шлях. Хтосьці бярэ дзяцей на кожнае спатканне ў зону. Хтосьці, быццам бы шкадуючы псіхіку дзяцей, упарта хавае ад іх, што з бацькамі. Хтосьці, ацэньваючы патэнцыйнае доўгае зняволенне, кажа другой палове браць дзіця, зʼязджаць з краіны і забыць пра яе/яго, бо «пасля вызвалення ўжо не застанецца сямʼі».

Важныя акцэнты

Доўгая адсутнасць аднаго з бацькоў — гэта, безумоўна, траўматычная сітуацыя для дзіцяці, але не кожны стрэс можа прывесці да псіхалагічнай траўмы з яе цяжкімі наступствамі для здароўя, акцэнтуе Алена Грыбанава. І ў вялікай ступені гэта залежыць ад паводзін блізкіх дарослых. Таму ім трэба не забываць пра прынцып аварыйнага самалёта — «спачатку маску на сябе»:

— На жаль, дарослыя пачынаюць забываць, што самі знаходзяцца ў псіхатраўмуючай сітуацыі, і спрабуюць зберагчы толькі дзіця. Гэта няправільна: калі дарослыя перажываюць траўму і не клапоцяцца пра сябе, ні адно дзіця не будзе адчуваць сябе нармальна. Клопат пра сябе — гэта гарантыя дабрабыту дзіцяці.

Дзеці да 3-х гадоў. Дапамогуць казкі

Псіхолаг звяртае ўвагу на два аспекты ва ўзаемаадносінах дарослых з дзіцем ад 0 да 3 гадоў:

— Гэта ўзрост актыўнага тактыльнага кантакту. Дзіця мае патрэбу, каб яго бралі на рукі, гладзілі, размаўлялі з ім. Калі мама знаходзіцца ў зняволенні, пажадана, каб гэтую функцыю выконваў хтосьці з родных або блізкіх сяброў. Не трэба слухаць дарадчыц, якія кажуць: «Не бяры дзіця на рукі, не прывучай».

Таксама хачу звярнуць увагу, што ў гэтым узросце дзіця можа часта плакаць. Гэта не таму, што яго мама ці тата ў турме, а таму, што ў яго зубы рэжуцца, нешта баліць — прычын мноства. Таму не трэба рабіць цэнтрацыю: раз плача, значыць, сумуе, не трэба абвастраць сітуацыю галашэннем «ой, ты бедная сіротка».

Хаваць або тлумачыць дзіцяці, што з яго бацькамі?

Дакладна не маўчаць, кажа Алена Грыбанава:

— Часта дарослыя спрабуюць абараніць дзіця ад падзей, якія ўжо здарыліся, і нічога не кажуць яму. Але дзіця заўсёды адчувае, што дарослыя нешта хаваюць ад яго, бо ў дзяцей моцна развіта пачуццёвая частка. Праз тое, што дзіця не можа як дарослы рацыяналізаваць гэта, ён часта пачынае думаць, што з ім нешта не так, і адчуваць неўратычнае пачуццё віны, што вельмі дрэнна. Таму дзіцяці трэба сказаць праўду. Але ў даступнай форме. Напрыклад: «Мамы цяпер няма побач, яна ў іншым месцы, але яна ў цябе ёсць, яна цябе любіць, і вы абавязкова сустрэнецеся». Калі дзіця падрасце, і яму стане важна пачуць, у якім менавіта месцы яго бацькі, трэба растлумачыць, што ёсць такія месцы, адкуль чалавек не можа прыйсці нейкі час.

Можна правесці аналогію: «Калісьці Рапунцэль сядзела ў замку, куды яе завастрыла злая вядзьмарка. Яна цяпер трошачкі як твая мама». Можна разам паглядзець мультфільм і звярнуць увагу дзіцяці на фінал, што казачная прынцэса здабыла свабоду, і з тваёй мамай будзе гэтак жа, і вы сустрэнецеся. Дзеці схільныя да пераносу, таму выкарыстоўваць аналогіі з казак — гэта рэальны метад.

Дзіцячы садок

Бліжэй да трох гадоў дзіця ідзе ў садок і можа сутыкнуцца з негатывам навакольных. Тут псіхолаг дае адзіную адназначную параду:

— На жаль, сістэма адукацыі ў Беларусі пабудаваная так, што мы не можам гарантаваць нармальнага стаўлення да дзіцяці з боку дарослых. Таму трэба знайсці выхавальніка, які зможа зразумець гэтую сітуацыю. То бок шукаць не дзіцячы садок, які бліжэй да дому, а работнікаў з адэкватным стаўленнем, каб дзіця не трапіла ў ролю ізгоя. Літаральна хадзіць па садках, распавядаць гісторыю сямʼі і глядзець на стаўленне. Хаваць гэта не мае сэнсу, таму што ў любой дашкольнай установе збіраюцца даныя пра бацькоў.

Ці браць немаўлятка на спатканні ў месцы зняволення?

Тут павінен быць рацыянальны падыход, лічыць псіхолаг:

— Калі гэта не нясе пагроз для дзіцяці, калі, напрыклад, пакой для спатканняў абсталяваны належным чынам, няма рызыкі прастуды, інфекцыі, чаму б не. Другое, што трэба ўлічваць пры прыняцці рашэння, гэта стан зняволенага бацькі ці маці. Утрыманне пад вартай, у няволі — траўматычны стрэс, ён значна ўплывае на чалавека і ягоныя паводзіны.

Школьны ўзрост. Распавядаць дэталі пра спатканні, адказваць на пытанні

Для дзяцей школьнага ўзросту ўжо недастаткова пераносу і казак, патрэбныя больш рэалістычныя тлумачэнні, падкрэслівае псіхолаг:

— Часта чую, што дзіця ў першым класе не зразумее, калі яму патлумачыць, што яго бацькі пацярпелі проста таму, што хацелі лепшага. Але дзеці ўсё разумеюць, мы іх недаацэньваем. Але тут важна не перабраць з гераізацыяй. Не трэба празмерна ідэалізаваць бацькоў, таму што яны вярнуцца пасля зняволення не ранейшымі. Ім спатрэбяцца аднаўленне і вялікая дапамога. Калі дзіця ідэалізуе бацькоў, а потым сутыкаецца з рэальным траўмаваным чалавекам, ён можа расчаравацца. Дзеці павінны разумець, што мама ці тата — з крыві і плоці, з імі пра гэта трэба гаварыць.

Чым вышэй узрост дзіцяці, тым больш яго трэба папярэдне рыхтаваць да спатканняў, кажа Алена Грыбанава:

— Трэба тлумачыць, з чым ён сутыкнецца, што ўбачыць, хто там будзе прысутнічаць, дзе там начаваць. Калі дзіця кажа, што не хоча ехаць, не трэба яго прымушаць і вінаваціць. Ён можа проста баяцца паездкі.

У гэтым узросце дзеці могуць задаць пытанне: «Ці распавядаць мне дзесьці пра тое, дзе мае тата/мама?». Псіхолаг раіць зыходзіць з крытэраў бяспекі і адказаць прыкладна наступнае:

— Пра гэта можна сказаць самым блізкім людзям, неабавязкова распавядаць кожнаму, бо цяпер небяспечна. То-бок, важна падкрэсліць, што гэта ў мэтах бяспекі.

Булінг у школе

Калі дзіця пачынаюць буліць у школе за бацькоў, Алена Грыбанава рэкамендуе мяняць школу.

— На жаль, падсілкоўванне булінгу ідзе ад афіцыйных лідараў — настаўнікаў. Я працавала з бацькамі, хто ўжо выйшаў на волю, яны распавядалі, што іх дзіця булілі ў школе, сваякі прасілі паўплываць на сітуацыю, але высвятлялася, што настаўнік сам падсілкоўваў булінг, бо ў яго быў іншы погляд на сітуацыю ў краіне. Калі настаўнік настроены абараніць дзіця, ён не дапусціць булінгу.

Падлеткавы ўзрост. Не траўма, а жыццёвы вопыт

Важна ведаць, што падлеткавы ўзрост характарызуецца выбухамі раздражнення, гневу, падкрэслівае Алена Грыбанава:

— Да асаблівасцяў узросту дадаецца фрустрыруючая сітуацыя адсутнасці аднаго з бацькоў, і падлетак можа выдаваць эмоцыі, якія не падабаюцца дарослым. Тут дапаможа толькі цярпенне, адэкватная рэакцыя на эмацыйныя ўсплескі дзіцяці і давер.

Усе гутаркі з падлеткам з нагоды сітуацыі павінны мець адну накіраванасць: што нас не забівае, робіць нас мацней. Трэба дапамагчы дзіцяці ўспрымаць гэтую сітуацыю не як траўму, а як жыццёвы вопыт, які ён набывае разам з усімі членамі сямʼі. Можна гаварыць: «Гэта кашмар», а можна сказаць па-іншаму: «Гэта выклік, які мы можам годна пераадолець і стаць мацней. Ты як член нашай сямʼі таксама годна гэта перажываеш. Так, гэта жорсткая сітуацыя, але мы перажывем. Ты не ахвяра, ты той, хто пераадолеў». Калі такая парадыгма перадаецца дзіцяці, яно будзе адэкватна рэагаваць на тое, што адбылося.

Пасля вяртання

Алена Грыбанава яшчэ раз падкрэслівае, што пасля вызвалення бацькоў цяжкасці не скончацца:

— Чалавек у няволі, у турме праз гвалт, рэпрэсіі атрымлівае моцны траўматычны стрэс, псіхалагічную траўму. Наступствы гэтага могуць праяўляюцца праз эмоцыі: раздражняльнасць, гнеў. Таму дзецям трэба тлумачыць, што маме/тату спатрэбіцца час на аднаўленне, што калі ён/яна раздражнёныя, то гэта не таму, што ты дрэнны. Гэта як пасля хваробы чалавек доўга не можа хадзіць ці ў яго падвышаная патлівасць. Нельга ж на гэта крыўдзіцца.

Алена Грыбанава раіць звяртацца па псіхалагічную дапамогу і чалавеку, які быў у зняволенні, і членам яго сямʼі, гэта значна знізіць негатыўныя наступствы.

— Па статыстыцы, зварот па псіхалагічную дапамогу на 80% зніжае верагоднасць узнікнення псіхалагічнай траўмы.

Прыкметы псіхалагічнай траўмы

Прыкметы ў паводзінах дзіцяці, якія дапамогуць зразумець, што траўматычны стрэс у яго перарастае ў псіхалагічную траўму, і неабходна дапамога спецыяліста:

  • Страх

  • Гнеў

  • Раздражняльнасць

  • Плаксівасць

  • Працяглыя перыядычныя стрэсавыя рэакцыі (напрыклад, істэрыка некалькі гадзін)

  • Парушэнне сну

  • Боязь людзей

  • Рэзкія змены паводзінаў: быў таварыскім, стаў закрытым, быў спакойным, стаў імпульсіўным

  • Энурэз

  • Пачынае грызці пазногці, шчыпаць валасы

  • Парушэнне харчовых паводзінаў: адмова ад ежы ці наадварот булімія (абжорства)

  • Пагрозы «не хачу жыць». Гэта катэгарычна нельга пакідаць без увагі.