Чаму варта перачытваць кнігі? Пяць фактаў на карысць чытання

Спрабуем паразважаць над тым, чаму час ад часу неабходна вяртацца да таго, што ўжо было прачытана раней.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Вядомы французскі мысляр Мішэль Фуко лічыў, што чытанне неабходна хаця б для таго, каб мець падставы для роздумаў. І ў гэтым ён несумненна меў рацыю, бо харошыя кнігі — гэта канцэнтраваныя карысныя думкі людзей, якія так ці іначай, але прыдаюцца па жыцці.

Паводле даных, які публікуюць глянцавыя выданні, паспяховыя людзі рэгулярна чытаюць кнігі. Яскравыя таму прыклады — Ілан Маск, Марк Цукерберг, той жа Павал Дураў. І многія-многія іншыя вядомыя персоны.

Без асаблівых праблем можна адшукаць гутаркі людзей, якія дамагліся поспеху, у якіх яны будуць гаварыць сярод іншага і пра літаратуру. І па іхных развагах часцей за ўсё бачна, што як мінімум яны маюць чытацкі густ.

Навошта чытаць кнігі?

Прыкладна такім пытаннем задаецца ці не кожны, сустракаючы артыкулы ці любыя іншыя матэрыялы, якія папулярызуюць чытанне як з’яву. Вядома, што чытаць кнігі трэба, каб атрымаць веды.

Кнігі развіваюць мысленне, вобразнасць, уяўленне, уменне думаць і разважаць. Канцэнтруючыся на словах, якія добра ці дрэнна складзеныя ў сказы, мозг пачынае абмен інфармацыяй. Вызначэнне добрага ці кепскага стылю падвышае навыкі крытычнага мыслення і аналізу, а таксама ўменне самому правільна фармуляваць думку і звяртаць увагу на акцэнты, якія расстаўлены ў тым ці іншым парадку ў тэксце.

Акрамя гэтага чытанне як такое адназначна паляпшае працу мозгу. Яго пастаянная стымуляцыя, якая адбываецца пры чытанні добрай кнігі, падобная да практыкаванняў, якія робіць спартсмен, калі займаецца ў трэнажорнай залі. Кожны занятак у пэўны дзень прысвечаны асобнай групе мышцаў: ногі, спіна, грудзі. Прыкладна гэткім жа чынам рэгулярнае чытанне рознапланавай літаратуры ўмацоўвае асобныя часткі мозгу, якія адказваюць за хаду вашых думак.

Чым жа карыснае перачытванне?

Чытанне, а перачытванне дык і пагатоў, істотна паляпшаюць памяць. Скажам, у вас ёсць дзясятак-другі любімых кніг. Нешта з агульнавядомай класікі, якая, можа быць палюбілася вам яшчэ ў часы бесклапотнага юнацтва, або ў часы вучобы ва ўніверсітэце ці пры нейкіх іншых жыццёвых абставінах. Калі раптам з’яўляецца жаданне вярнуцца да любімага твора, не варта сябе стрымліваць. Куды лепей знайсці час ды пагартаць кнігу, якая некалі зачапіла.

Рэч у тым, што кнігі мяняюцца разам з намі, хаця іхны змест і застаецца ранейшым. Кожная кніга, якую мы чытаем цягам жыцця, мае на мэце даць нейкія адказы на хвалюючыя нас пытанні. Але з узростам гэтыя пытанні часцей за ўсё будуць мяняцца, бо і ў нас саміх будзе ўжо зусім іншы светапогляд і інтарэсы. Адпаведна і ў старой, добра вядомай яшчэ з часоў школы кнізе, можна адшукаць нешта новае. Паглядзець на сюжэт з іншага, раней нават не ўяўляемага ракурса.

У гэтым палягае вялікі плюс класічнай літаратуры — бо зазвычай яна шматгранная і аўтар закладаў у сваім творы шмат сэнсаў, якія могуць быць актуальнымі для розных узростаў і сітуацый. Скажам, сёння вам цікавая “лінія кахання” галоўнага героя, а праз дзесяць гадоў мадэль яго пераўтварэння. Бо першы раз вы чыталі раман, калі вас хвалявалі справы амурныя, а потым вам ужо цікавыя ўнутраныя змены да лепшага.

Класіка, якую варта перачытаць:

Джэк Лондан. Марцін Ідэн

Кніга аб дасягненні мэтаў, вернасць абранаму шляху, цвёрды характар, пераадоленне самога сябе, знешніх умоў і абставін.

Айн Рэнд. Атлант расправіў плечы

Вядомы шматстаронкавы раман пра асобу і індывідуальнасць, цвёрдасць характару і паслядоўнасць перакананняў, стойкасць і рашучасць.

Эрнэст Хемінгуэй. Стары і мора

Знакамітая прыпавесць аб старым кубінскім рыбаку, які злавіў вялікага марліна і ніяк не думаў здавацца. За яе вядомы амерыканскі пісьменнік атрымаў у свой час Нобелеўскую прэмію па літаратуры.

Як перачытванне ўплывае на мозг?

Калі вы перачытваеце кнігу, вы не толькі згадваеце і ўзнаўляеце храналогію ўжо вядомых вам падзей, а таксама пэўную тэрміналогію, але і атрымліваеце абсалютна новую інфармацыю.

З кожным успамінам, які ўсплывае ў вашай памяці пасля прачытання, у вас фармуюцца новыя нейронныя сувязі, якія, у сваю чаргу, падтрымліваюць ужо існуючыя. Акрамя таго, чытанне і перачытванне можа запаволіць, або наогул спыніць, магчымае з’яўленне хваробы Альцгеймера або дэменцыі.

Рэгулярнае чытанне і перачытванне дазваляе нам не толькі адпачыць і адкрываць нешта новае ва ўжо вядомым, але і здольна літаральна перабудаваць працу мозгу. Гэта значна падвышае эмацыйны інтэлект, спрыяе лепшаму запамінанню фактаў, а таксама вучыць эфектыўна шукаць альтэрнатыўныя рашэнні для складаных праблем. Перачытванне вучыць не толькі засвойваць новую інфармацыю, але развівае здольнасць добра запамінаць дэталі.

Зрэшты, няма нічога лепшага ў жыцці, чым проста своечасова прачытаная кніга. Старайцеся браць у рукі і чытаць карысныя кнігі кожны дзень, бо хто ведае — можа менавіта ў гэты момант вы і знойдзеце неабходны менавіта вам адказ.

5 фактаў на карысць чытання

  • Кніга лепшая за фільм. Яна прымушае фантазію маляваць незвычайныя карціны, якія не абмежаваныя спецэфектамі.
  • Галоўнае не тое, колькі кніг вы прачыталі, а тое, што вы з іх вынеслі.
  • Рэгулярна чытаючы аўтараў, якія добра пішуць, рана ці позна і самі пачнеце добра фармуляваць думкі ды прыгожа гаварыць.
  • Як дом складаецца з цаглінаў, так і агульная веда складаецца з крупіцаў прачытанага.
  • Займаючыся спортам, вы гартуеце сваё цела, а чытаючы кнігі — гартуеце розум.