Настаўнікі збягаюць: Адток кадраў у адукацыі ў жніўні — самы вялікі за год

У сферу аховы здароўя прыйшло папаўненне, а ў адукацыі адток кадраў знаходзіцца на піку. Але чыноўнікаў больш хвалюе медыцына — і гэта зразумела: вучыцца чыноўнікам ім самім не трэба, а вось здаравейшымі з гадамі яны не становяцца.

licej_adukacyja_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas4_logo.jpg

Праект «Нашы Грошы» вывучае рынак працы па апошніх афіцыйных даных (за жнівень). І  традыцыйна асобна вырашыў спраўдзіць, што робіцца ў сферы аховы здароўя і адукацыі. Цяпер яны знаходзяцца ў цэнтры ўвагі праз пачатак навучальнага года і востры недахоп лекараў.

Асаблівасць гэтых сфер заключацца ў тым, што ў жніўні ў ахове здароўя ўжо адчуваецца прыток маладых спецыялістаў — выпускнікоў, у той час як у адукацыі гэта будзе заўважна толькі ў верасні.

Пры гэтым відавочна, што абедзве сферы не пазбавіліся ад сваіх традыцыйных праблем: зніжэнне колькасці працоўных рук прадыктавана як аб'ектыўнымі фактарамі, накшталт дэмаграфічных праблем, так і цалкам рукатворнымі — вельмі нізкім узроўнем аплаты працы, бюракратыяй і ціскам на сферы з боку дзяржавы.

За студзень-жнівень 2023 года сфера адукацыі прыняла на працу 55,9 тысяч чалавек, а звольніла 74,9 тысячы. У выніку перавышэнне звальненняў над найманнем склала амаль 19 тысяч чалавек.

Толькі за жнівень адмоўнае сальда склала 7,8 тысячы чалавек — гэта антырэкорд гэтага года. 

2023_642_10_17_1024x1024.webp

З улікам таго, як ужо цяпер складваецца сітуацыя з занятасцю ў адукацыі, можна меркаваць, што ў 2023 годзе адток кадраў будзе зноў цягнуць сферу ніжэй за вынікі папярэдняга года.

Сітуацыя з занятасцю ў ахове здароўя выглядае таксама сумна. Са студзеня па жнівень у сферы нанялі 30,2 тысячы чалавек, а звольнілі — 33 тысячы. Чысты адток кадраў за восем месяцаў — 2,8 тысячы чалавек, паказчыкі выглядаюць горш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Таму цяпер добра відаць, што, нягледзячы на намаганні чыноўнікаў, праблема кадраў у медыцыне становіцца ўсё больш вострай.

 

2023_643_10_18_1024x1024.webp

Пры гэтым, мяркуючы па афіцыйнай рыторыцы, праблемы недахопу настаўнікаў клапоцяць чыноўнікаў менш, чым адток занятасці ў сферы аховы здароўя. Прычына, верагодна, крыецца ў тым, што вучыцца чыноўнікам ужо не трэба, а вось здаравейшымі з гадамі яны не становяцца.