Колькі абанементаў у спартыўную залу можна купіць на адзін заробак?

Як можна выдаткаваць афіцыйна агучаны сярэднебеларускі заробак на тыя ці іншыя радасці жыцця, параўноўвае праект «Нашы грошы».

_sport___stadyen___dynama___minsk__fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__1__logo.jpg

Колькі на сярэдні заробак можна купіць абанементаў у спартыўную залу? А каб было з чым параўноўваць, паглядзелі на аналагічны паказчык у суседніх краінах.

Падлік рабіліся наступным чынам. Узялі сярэдні заробак па сталіцах чатырох краін — у Мінску, Вільні, Рызе і Варшаве — і вывучылі сярэднюю і мінімальную цану месячнага безлімітнага абанемента ў сеткавых спартзалах  гэтых гарадоў.

Выбралі толькі сталіцы ў першую чаргу для таго, каб параўнанне было як мага бліжэй да рэальнасці. Пасля падлічылі, колькі можна купіць абанементаў на сярэдні заробак, і вось што  атрымалася.

У Мінску на сярэдні заробак (2590 рублёў) вы купіце 27 месячных безлімітаў у спартыўную залу сярэдняй цэнавай катэгорыі (95 рублёў на месяц), а калі пашукаць залы танней (75 рублёў на месяц), то цалкам можна дацягнуць і да 35 абанементаў. І гэта, на жаль, самы горшы з паказчыкаў сярод чатырох гарадоў.

Бліжэй за ўсё да беларускай сталіцы Рыга, дзе на адну зарплату (1690 еўра, або 5,97 тысяч рублёў) мясцовы жыхар можа дазволіць сабе 48 абанементаў у «сярэднюю» спартзалу (па 35 еўра/мес або 124 рубля) і 70 — у «бюджэтны» (па 24 еўра/мес або 85 рублёў). Розніца з Мінскам — практычна ўдвая.

На другім месцы ў нашым рэйтынгу апынулася Варшава. Сярэднестатыстычны варшавяк можа забяспечыць на свой заробак (8,9 тысяч злотых, або 6,7 тысячы рублёў) безлімітны праход у звычайную спартзалу 51 чалавеку (па 174 злотых/мес або 132 рублёў), а ў недарагі — 89 (па 100 злотых/мес або 76 рублёў).

Безумоўным лідарам апынуўся Вільнюс. У самым маленькім горадзе з разгледжаных намі сярэднестатыстычны жыхар, выдаткаваўшы ўвесь свой заробак на спорт (2214 еўра, або 7,8 тысяч рублёў), атрымае 51 абанемент у сярэдні па цане зал (па 44 еўра/мес або 154 рублёў) і 96, калі абярэ бюджэтны варыянт (па 23 еўра/мес або 81 рубель).

image_17_1.jpeg

Хочам адзначыць, што гэты паказчык вельмі моцна адрозніваецца ад рэгіянальнага параўнання па індэксе Чарка-Шкварка.

Нагадаем, у гэтым параўнанні мы бачылі, што нягледзячы на тое, што ў рублёвым эквіваленце заработныя платы ў Беларусі і Літве адрозніваюцца ў тры разы, у  “Чарка-Шкварках” у эквіваленце гэтая розніца нашмат больш сціплая — менш чым у два разы. А вось калі лічыць заробкі ў абанементах у спартзалу, усё нашмат горш.

Пра што гэта кажа? Акрамя таго, што для беларусаў спорт абыходзіцца значна даражэй, мы можам заўважыць, што ў краінах, дзе рэальна працуе рынкавая эканоміка, канкурэнцыя значна вышэйшая. Разрыў паміж сярэднім і бюджэтным цэнавымі сегментамі паслугі значна вышэйшы, а значыць, магчымасць карыстацца паслугай атрымлівае большая колькасць жадаючых.

Умоўна кажучы, пераехаўшы Вільню і пачаўшы атрымліваць мясцовую зарплату ў тры разы вышэй, вы пры гэтым будзеце значна больш плаціць за камуналку, прадукты, праезд на гарадскім транспарце — і гэта, збольшага, нівеліруе розніцу. Але калі глядзець на гіперканкурэнтныя сегменты рынку, то акажацца, што, атрымліваючы заробак утрая вышэйшы, вы купіце і ўтрая больш такіх паслуг.

Хтосьці скажа: але ў Беларусі ж яшчэ ёсць дзяржаўныя знакамітыя лядовыя палацы! Сапраўды, узнікае адчуванне, што па колькасці лядовых палацаў на душу насельніцтва наша краіна абагнала ўсю планету, але гэта далёка не так.

Першынства ў свеце па такім паказчыку, як суадносіны колькасці жыхароў да аднаго крытага катка — за Канадай, у тройку ўваходзяць таксама Фінляндыя і Швецыя.

Беларусь у гэтым спісе знаходзіцца ў ніжняй частцы другога дзясятка. Але праблема ў тым, што захапленне спортам на каньках ніяк не назавеш масавым, калі казаць пра ўсё насельніцтва краіны. А вось паход у спартзалу — гэта, як прынята цяпер казаць, «база», якая дэманструе рэальную сітуацыю з доступам грамадзян краіны да заняткаў спортам. І вось з гэтага пункту гледжання беларусам, на жаль, пахваліцца няма чым.