«Ні рост заробкаў, ні нізкія тэмпы росту коштаў не здольны спыніць адток кадраў»

У найважнейшых галінах колькасць звольненых зноў перавысіла колькасць прынятых на працу. Розніца склала больш за 14 тысяч чалавек. Белстат апублікаваў даныя аб прынятых і звольненых на рынку працы Беларусі ў жніўні гэтага года.

_budaunictva___praca___pracouny__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Усяго з пачатку года адток кадраў перавысіў ужо 60 тысяч чалавек. Гэта ніжэй за значэнні мінулага года (за студзень-жнівень 2022-га перавышэнне звальненняў над найманнем складала 72 тысячы чалавек), але ў цэлым стан рынку працы застаецца складаным, адзначае праект «Нашы грошы».

Важна памятаць, што ў канцы лета і пачатку восені эканоміка праходзіць традыцыйныя пікі зніжэння і росту занятых у ахове здароўя і адукацыі, але пры гэтым ідзе набор пад уборачную кампанію. Уплываюць і іншыя фактары, кшталту павелічэння занятасці ў тых сферах, дзе дзяржава канцэнтруе свае намаганні па павышэнні дзелавой актыўнасці.

Пры гэтым не слабее дзеянне ўсіх тых негатыўных фактараў, якія цягнуць уніз цэлыя галіны: сітуацыя з межамі пагаршаецца, выхад на новыя рынкі ідзе складана, расійскі рынак аказваецца не настолькі спрыяльным, як таго хацелася б чыноўнікам і беларускім экспарцёрам.

У жніўні колькасць прынятых на працу склала 79,6 тысяч, што стала рэкордам за год. Звальненні пры гэтым таксама аказаліся вельмі вялікімі — 93,9 тысячы. Столькі не звальнялі са жніўня мінулага года. У выніку перавышэнне звальненняў над найманнем склала больш за 14 тысяч чалавек.

Антылідарам па звальненнях у жніўні стала Мінская вобласць. Тут звольнілі больш, чым прынялі на працу, на 2,7 тысячы чалавек. Аналагічны вынік у Брэсцкай вобласці. У іншых абласцях сітуацыя не лепшая: Віцебская (-1,9 тыс.), Гомельская (-1,5 тыс.), Гродзенская (-2,6 тыс.), Магілёўская (-2,1 тыс.). Трохі лепшая сітуацыя ў жніўні склалася ў сталіцы, дзе перавышэнне звальненняў над найманнем склала крыху больш за 700 чалавек.


Глядзіце таксама

Разгледзім, якая сітуацыя на рынку працы па асобных галінах.

Аснову беларускай эканомікі складае сфера прамысловасці. Пасля невялікага росту ў ліпені, звязанага са спробамі ўрада рэанімаваць эканоміку праз новыя інвестыцыйныя праекты, у жніўні зноў зафіксавана зніжэнне колькасці працоўных рук (-1,1 тысячы чалавек). Падзенне гэта традыцыйнае для гэтага сегмента рынку працы, і за ім можа пачацца рост у верасні.

Працягнуўся адток у сферы «інфармацыя і сувязь», аснову якой складаюць айцішнікі. Перавышэнне звальненняў над найманнем тут склала 429 чалавек. Адзначым, што ў гэтай сферы адток месяц за месяцам запавольваецца, але варта ўлічыць, што Белстат перастаў публікаваць дэталёвыя даныя асобна па сферы IT, таму зразумець рэальныя маштабы адтоку айцішнікаў больш складана. Чым даўжэй мы не маем даных па адтоку ў чыстай сферы ІТ, тым вышэйшая верагоднасць таго, што тэндэнцыі ў іншых падгалінах хаваюць рэальнае становішча спраў у сферы высокіх тэхналогій.

У жніўні ў палку беларускіх чыноўнікаў зноў прыбыло. Перавышэнне найму над звальненнем за месяц склала 33 чалавекі. Чыноўнікаў за месяц стала больш у Брэскай вобласці (+2 чалавекі), Віцебскай (+1 чалавек), Гомельскай (+7 чалавек), Гродзенскай (+6 чалавек), Мінску (+38 чалавек). А вось у Мінскай і Магілёўскай абласцях іх стала менш на 18 і 3 чалавекі адпаведна.

Гандаль страціў каля 1,3 тысячы чалавек. Адток узмацніўся ў рознічным гандлі і захаваўся на ранейшым узроўні ў аптовым. Пры гэтым колькасць занятых у продажы аўто і іх рамонце, наадварот, узрасла.

Дынаміка занятасці ў сферы будаўніцтва пасля вельмі працяглага спаду (35 месяцаў) паказала рост у ліпені. Ён сціплы — перавышэнне найму над звальненнямі склала 500 чалавек. А ў жніўні звальненні зноў перавысілі рост (-588 чалавек), гэта перакрыла дасягненні мінулага месяца. Выходзіць, што аднаўленчы рост у будаўнічай сферы сутыкаецца з сур'ёзнай кадравай праблемай.

У транспартнай сферы сітуацыя зноў пагоршылася — за месяц звольнілі на 924 чалавекі больш, чым прынялі. Доўгі час галіна знаходзіцца ў ліку найбольш праблемных: міграцыя рабочых рук, рост кантрабанды і, як вынік, перакрыцце меж становяцца такім грузам праблем для транспартнай сферы, які яна вывозіць не ў стане.

Відавочна, што ні рост заробкаў, ні адміністрацыйныя меры, ні нізкія тэмпы росту коштаў не ўплываюць на рынак працы так, каб надаць яму ўпэўненасці, спыніць адток кадраў або павысіць прывабнасць найбольш праблемных галін. Пазаэканамічныя прычыны праблем рынку хай ужо і прызнаюцца чыноўнікамі, але захады, якія прымаюцца імі, прама процілеглыя сапраўды неабходным.

Можна сказаць, што стадыю «адмаўленне» чыноўнікі прайшлі. Цяпер, мяркуючы па іх дзеяннях, яны праходзяць стадыю «гнеў». Адсюль базы дармаедаў, адпрацоўка да 7 гадоў, размеркаванне платнікаў і іншыя «інавацыі». Калі стане зразумела, што і гэтыя меры не дапамагаюць, верагодна, пачнецца «гандаль», падчас якога беларусаў пачнуць актыўна заклікаць вярнуцца дадому. Магчыма, нават адменяць узмацненні жорсткасці і шэраг забарон.

Аднак, калі не дапаможа і гэта, прыйдзе «дэпрэсія». Перадумоў для такога сцэнара развіцця падзей шмат — безыніцыятыўнасць чыноўнікаў і кіраўніцтва дзяржпрадпрыемстваў, немагчымасць сфармуляваць нават туманны вобраз будучага развіцця эканомікі.

Па класіцы, далей павінна з’явіцца «прыняцце». Але ў якім выглядзе дойдзе цяперашняя эканамічная мадэль да гэтай стадыі — пытанне адкрытае.

Глядзіце таксама