Улады будуць «дажынаць» беларусаў: трэба папаўняць бюджэт

На паперы планы малююцца проста цудоўна, а вось для таго, каб іх ператварыць у жыццё, давядзецца ўключаць не толькі друкарскі станок, але і рэпрэсіўную машыну.

_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg

Галоўнай мэтай эканамічнай палітыкі будучага года будзе забеспячэнне «ўстойлівасці эканомікі і рост дабрабыту насельніцтва». Прынамсі, так уяўляецца будучыня па ўказе аб найважнейшых параметрах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2024 год. Дакумент устанаўлівае мэтавыя параметры ВУП, росту рэальных даходаў насельніцтва, інвестыцый і экспарту на наступны год, піша ТГ-канал «Нашы грошы».  

У чым беларускія прагнозныя дакументы паслядоўныя, дык гэта ў аптымізме. Планы на будучы год выглядаюць менавіта так. Эканоміцы загадана расці на 3,8%, даходам насельніцтва — на 3,5%, інвестыцыям — на 3,9%, а экспарту айчынных тавараў і паслуг — на ўсе 7,9%. Ні санкцыі, ні гандлёвыя бар'еры, ні дысбалансы ў сусветным гандлі Беларусі перашкодамі на шляху да «светлай будучыні» не лічацца. 

Зрэшты, паляпшаць эканоміку рознага роду ўказамі і пастановамі з'яўляецца нашай асаблівасцю. Загадана жыць добра — разбіся аб сцяну, але жыві. А тут яшчэ і такія пазітыўныя перспектывы на паперы вымалёўваюцца. Усё, як сказаў прэм'ер: «Перажылі голад — перажывём і багацце». 

Глядзіце таксама

Але ёсць маленькі нюанс. Пазітыўныя планы часцей разыходзяцца з рэальнасцю. На думку нашых чыноўнікаў, гэта не праблема, калі беларуская эканоміка з суіцыдальнымі схільнасцямі і па прадпісаных ёй пазітыўных сцэнарах жыць не хоча (раз-пораз імкнецца ўпасці ў рэцэсію і расці не па плане), то жыць у дабрабыце давядзецца прымушаць. Для гэтага захоўваецца палітыка па стрымліванні цэн, банкам загадана дапамагаць крэдытамі прадпрыемствам, а насельніцтву трэба зарабіць на сярэднюю заработную плату ў памеры 2087 рублёў, але калі вы бюджэтнік, то можна 1634 рублі. 

Зрэшты, калі з заробкамі за кошт фінансавай эквілібрыстыкі можна зрабіць практычныя любыя лічбы, то з ВУП гэта складаней. Таму вялікая верагоднасць, што планы зноў разыдуцца з рэальнасцю.

Падаткі на «тлустых катоў»

Дарэчы, наконт багацця. З ім у дзяржаўнай казне ўсё настолькі добра, што ўлады вырашылі ўвесці спецыяльны падатак, які ў народзе ўжо назвалі «падаткам на багатых». Улады прапануюць дыферэнцыраваць стаўкі падаходнага падатку ў залежнасці ад памеру даходаў: для ІП падаходны падатак складзе 20%, але, калі даходы ў падатковым перыядзе перавысяць 500 тысяч рублёў, давядзецца заплаціць 30%.

Для фізічных асоб сума даходаў у падатковым перыядзе не павінна перавышаць 200 тысяч рублёў. Калі ж вы — той самы «тлусты кот», які зарабляе больш, з сумы перавышэння трэба будзе заплаціць падаходны па стаўцы 25%. Нагадаем, звычайная стаўка падаходнага падатку, які мы плацім з заробку, складае 13%.

Эксперты праекта «Нашы грошы» ў інтэрв'ю «Люстэрку» падкрэсліваюць, што прагрэсіўная шкала падаткаабкладання па падаходным падатку дзейнічае ў многіх краінах, у тым ліку ў Еўрасаюзе. Гэта значыць, багатыя грамадзяне краіны плацяць гэты падатак па больш высокіх стаўках. Але адначасова з ёй у гэтых дзяржавах прымяняецца падатковы вылік для тых, хто зарабляе менш за пэўную суму.

— Робіцца гэта, як правіла, для таго, каб больш-менш выраўняць людзей па даходах, каб, у першую чаргу, было менш бедных. Для гэтага ўрады абкладаюць больш высокімі падаткамі багатых, — тлумачаць эксперты.

Глядзіце таксама

Ва ўмовах дэмакратычнай краіны, калі грамадзяне могуць абіраць парламент, які вызначае, як будуць расходавацца далей гэтыя сумы, такая сітуацыя — дастаткова адэкватная, адзначаюць аналітыкі. Таму што багатыя людзі зарабляюць гэтыя грошы не ў вакууме, а ў тым грамадстве, у якім жывуць. Яны маюць вялікі ўплыў на гэтае грамадства, уключаючы палітычны. Такім чынам, лічыцца справядлівым, што яны за кошт больш высокай стаўкі падаходнага падатку дзеляцца сваімі грашыма з грамадствам.

— Наколькі гэта апраўдана ў Беларусі? У нашай краіне ніколі не разглядалі падобныя пытанні з пункту гледжання такіх каштоўнасцей, як жаданне больш-менш выраўняць людзей па даходах, даць розныя сацыяльныя магчымасці для людзей, для таго, каб, дапусцім, дзеці з бедных сем'яў мелі блізкія магчымасці да дзяцей з багатых сем'яў. То-бок гэта пытанне не каштоўнаснага падыходу, гэта пытанне тэхнічнага звядзення бюджэту, — працягваюць аналітыкі.

Больш за тое, паводле ацэнкі эканамістаў, такое новаўвядзенне якраз паказвае наяўнасць праблем з фінансаваннем бюджэту.

— Мінфін шукае магчымасці, дзе ўрваць грошай, каб яго прафінансаваць. Таму яны ўводзяць розныя дадатковыя падаткі, у тым ліку прагрэсіўную шкалу, якую мы цяпер абмяркоўваем, плюс кратна павялічылі падаткі, напрыклад, для ІП. А ў Лукашэнкі ўсялякі залаты запас вычэрпваецца. Войска чыноўнікаў і сілавікоў трэба чымсьці карміць. Вялікай колькасці пенсіянераў таксама трэба плаціць пенсіі — каб яны хоць з голаду не паміралі. Каб пакрываць выдаткі, даводзіцца ўсё больш і больш адбіраць грошай у людзей, якія гэтыя грошы зарабляюць.

Што яшчэ прыдумалі чыноўнікі

Што датычыцца іншых новаўвядзенняў, то тут таксама ёсць свае цікавосткі.

Напрыклад, вырасце падатак для тых, хто здаюць кватэры і нежылыя памяшканні. У Мінску падатак можа вырасці з 43,90 рубля да 47, у Гродне, іншых абласных цэнтрах і Мінскім раёне — з 41,20 рубля да 44. У буйных раённых цэнтрах (Баранавічы, Бабруйск, Барысаў, Жлобін, Жодзіна, Ліда, Мазыр, Маладзечна, Наваполацк, Орша, Пінск, Полацк, Рэчыца, Светлагорск, Слуцк, Салігорск) цяпер стаўка 27 рублёў, з 1 студзеня можа вырасці да 29.

Глядзіце таксама

Таксама ў праекце Падатковага кодэкса прапануецца падняць стаўку збору з аграсядзіб з 37 да 40 рублёў у месяц. Для рамеснікаў штомесячны плацёж можа вырасці з 6 да 6,5 рубля. Да таго ж, сёлета частцы ўладальнікаў аграсядзіб і рамеснікаў давялося перайсці на падатак на прафесійны даход.

Павышэнне можа закрануць і ўладальнікаў аўто — усіх, але ў рознай ступені: камусьці хочуць падняць падатак на 5 рублёў, а камусьці — у 10 разоў. Ініцыятыва па дзесяціразовым павелічэнні падатку з'явілася ў праекце НК упершыню: «Па ТС, з года выпуску якіх прайшло не больш за тры гады, уключаных у пералік транспартных сродкаў павышанай камфортнасці, вызначаны Саветам Міністраў, транспартны падатак, уключаючы авансавыя плацяжы, вылічаецца па стаўках, павялічаных у 10 разоў».