«Чарка і шкварка»: рост коштаў беларусы адчуваюць значна вышэй, чым яго бачаць ва ўрадзе
Атрымаўшы свежыя даныя па інфляцыі, праект «Нашы грошы» зноў параўноўвае іх з дынамікай кошту індэкса «ЧаркаШкварка», каб атрымаць паказчык, які назвалі чаршкварфляцыяй. Гэтае жартоўна выведзенае значэнне надзіва дакладна адлюстравала існуючую сёння розніцу паміж афіцыйнымі данымі і рэальнай карцінай таго, што адбываецца ў эканоміцы.
Даведка: Пасля таго, як Лукашэнка аднойчы заявіў, што нашаму народу трэба «чарка і шкварка», беларускія эканамісты распрацавалі індэкс «ЧаркаШкварка». Гэты індэкс складаецца з кошту 100 грамаў свініны і 100 грамаў гарэлкі, і разлічваецца на падставе звестак Белстата.
Давайце паглядзім, якія змены адбыліся за апошні месяц. Але спачатку нагадаем, пра якія нестыкоўкі ідзе гаворка.
Прыкметна, што сярэдняя заработная плата ў краіне як у рублях, так і ў пераліку ў долары надзвычай высокая. Але, атрымаўшы гэтыя грошы на рукі, беларусы паводзяць сябе зусім не так, як звычайна. Яны не кладуць зберажэнні на ашчадныя рахункі — наадварот, мы бачым адток дэпазітаў. Замест таго каб купляць валюту, яе, наадварот, прадаюць.
У чым прычына гэтай анамаліі? Мы неаднаразова праводзілі апытанні сярод нашых чытачоў, у якіх спрабавалі ўбачыць, як яны адчуваюць інфляцыю, прыходзячы ў краму. Аказвалася, што рост коштаў беларусы адчуваюць значна вышэй, чым яго бачаць ва ўрадзе. Якраз гэтая розніца і адбілася ў нашай «Чаршкварфляцыі».
Такім чынам, пяройдзем да канкрэтных лічбаў. Для пачатку параўнаем дынаміку змены рэальнага заробку паводле версіі Белстата і заробку, палічанага ў «Чарках-Шкварках». Пачынаючы з лютага 2023 года абодва графікі пайшлі ўверх, але пры гэтым з кожным месяцам, да сярэдзіны лета, розніца паміж імі павялічвалася. Атрымлівалася, што да жніўня, мяркуючы па афіцыйнай статыстыцы, за год рэальная зарплата па Белстаце пераваліла ў сваім росце за 15%, а вось у чарках і шкварках паказчыкі значна больш сціплыя — менш за 6%.
Чаму ўзнікае такая розніца? Кошт чаркі і шкваркі складаецца з цаны 100 грамаў гарэлкі і 100 грамаў бескасцёвай свініны. Пры гэтым за год, са жніўня 2022 па жнівень 2023 года, кошт гарэлкі ў сярэднім па краіне вырас на 17,6%, а свініна падаражэла ўсяго на 1,4%. Па рэгіёнах сітуацыя таксама вельмі моцна адрозніваецца. Напрыклад, у Берасцейскай вобласці свініна падаражэла на 7,5%, а ў Магілёўскай нават патаннела на 8,3%.
З гарэлкай сітуацыя больш раўнамерная — у Мінскай вобласці яна падаражэла на 15,1%, а ў Гарадзенскай — на 19,7%.
Падаражанне асобных кампанентаў «ЧаркіШкваркі» і розніца ў кошце ў рэгіёнах красамоўна дэманструюць, што адбываецца з коштамі. Ёсць прадукты, кошты якіх стрымліваюцца дырэктыўна, і менавіта гэтыя паказчыкі дапамагаюць ствараць «прыгожыя» справаздачы. Але пры гэтым далёка не ўсе цэны растуць раўнамерна, ёсць велізарная катэгорыя тавараў, кошт якіх павысіўся нашмат больш.
Цяпер паглядзім, як адрозніваюцца афіцыйныя даныя па інфляцыі і «чаршкварфляцыя». Урад заяўляе, што ў жніўні гэтага года ў адносінах да жніўня года папярэдняга інфляцыя склала ўсяго 2,3%, але індэкс «чаршкварфляцыі» паказвае зусім іншую карціну — рост на 10,7%. І калі ўзяць сукупнасць усіх тавараў, што мы купляем у краме, то, хутчэй за ўсё, бліжэй да праўды апынецца менавіта апошні паказчык.
Пры гэтым адзначым, што разрыў паміж гэтымі двума паказчыкамі за апошнія паўгода скараціўся прыкладна на траціну, але пры гэтым усё роўна застаўся адчувальным.
Ці можна меркаваць, што гэтая розніца будзе скарачацца і далей? Пры спрыяльных абставінах цалкам верагодна, што некаторы час гэта сапраўды будзе адбывацца. Аднак варта памятаць, што ручное рэгуляванне коштаў усё роўна вядзе да назапашвання дысбалансаў у эканоміцы, рана ці позна гэты «навес» абрынецца, выклікаўшы як скачок інфляцыі, так і рост кошту чаркі і шкваркі.
А разам з ёй — і паказчыка «чаршкварфляцыі». Калі пасля гэтага ручное рэгуляванне цэн працягнецца, розніца зноў пачне нарастаць.