Афіцыйна працуючых у Беларусі ў жніўні стала больш. Але тэндэнцыя не радуе

Абноўленыя даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта аб стане рынку працы паказваюць, што афіцыйна працуючых беларусаў стала крыху больш. У апошні месяц лета колькасць занятага насельніцтва павялічылася на 4 тысячы, у выніку ў Беларусі цяпер занята 4151 тыс. чалавек.

_budaunictva___praca___pracouny__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Аднак усяго з пачатку года агульны спад колькасці занятых перавысіў 38 тысяч. Для параўнання, за студзень-жнівень паўгоддзе мінулага года спад складаў каля 61 тысячы чалавек, адзначае тэлеграм-канал «Нашы грошы».

За ростам занятасці ў жніўні стаіць фактар сезоннасці: ідзе набор рабочых рук у сельскай гаспадарцы пад уборачную кампанію, прыходзяць маладыя спецыялісты ў сферу аховы здароўя. У бягучым годзе за кошт стаўкі ўрада на рост інвестыцый паляпшаецца сітуацыя ў сферы будаўніцтва. Гэта таксама прыводзіць да росту занятасці ў гэтай сферы.

Аналагічны рост занятасці ў жніўні можна было назіраць і раней. Так, у канцы лета мінулага года занятасць павялічылася на 4,4 тысячы чалавек. Выходзіць, сёлета жнівеньскі рост колькасці працоўных рук у эканоміцы аказаўся нават крыху ніжэйшым за леташні.

Праблема занятасці ў Беларусі цяпер выходзіць на першы план і пагражае стаць ледзь не асноўным галаўным болем урада. Аднаўленне і наступны рост эканомікі патрабуе росту занятасці. Праблема ў тым, што многія дзеянні, якія прадпрымаюць або маюць намер прадпрымаць чыноўнікі для вырашэння гэтай праблемы, або запазніліся, або носяць такі характар, што пагражаюць толькі пагоршыць праблему.

Глядзіце таксама

Большасць мер утрымання спецыялістаў носяць адміністрацыйны характар: забарона звальненняў у сельскай гаспадарцы, павелічэнне тэрміну абавязковай адпрацоўкі пасля ВНУ і распаўсюджанне яе на платнікаў. Здаецца, прапаноў для таго, каб прыцягнуць беларусаў да працы ў краіне добраахвотна, чыноўнікі выразна сфармуляваць не ў стане.

З аднаго боку, прычына заключаецца ў банальнай адсутнасці сродкаў для фінансавага стымулявання росту занятасці. У асноўным гэта тычыцца дзяржаўных прадпрыемстваў, а прыватнік часцей гатовы канкураваць за работніка рублём. З іншага, дзяржава не можа прапанаваць патэнцыйным занятым выразную перспектыву. Разварот эканомікі на ўсход, арыентацыя галоўным чынам на расійскі рынак, рост рознага ліку шэрых схем па абыходзе санкцый не дадае аптымізму.

Больш за тое, у той час як адны чыноўнікі кажуць пра неабходнасць ствараць умовы для росту занятасці, іншыя дзейнічаюць у кірунку прама процілеглым: палітычна матываваныя звальненні працягваюцца, а прычыны адтоку кадраў за мяжу захоўваюцца.

Глядзіце таксама