«Стаўка на кампенсацыю санкцыйных страт за кошт Расіі з вялікай верагоднасцю акажацца пройгрышнай»
Вялікая доля беларускага экспарту цяпер ідзе ў Расію — па падліках эканамістаў, да 60-70 працэнтаў. Да расійскага рубля моцна прывязаны беларускі рубель. Таму не дзіўна, што ад стану эканомікі Расіі залежыць і эканоміка Беларусі. А што там у расіянаў з бюджэтам?
Праект «Нашы грошы», які зазвычай звяртае ўвагу на беларускія бюджэты, гэтым разам вырашыў паглядзець на бюджэтную сітуацыю ў суседзяў. І гэтая сітуацыя — не асабліва вясёлкавая.
Бюджэтнае планаванне Расійскай Федэрацыі прадугледжвае вызначэнне перспектыў на гарызонце трох гадоў. У сапраўдны момант Кабінет міністраў РФ ухвваліў праект федэральнага бюджэту Расіі на 2024 год і планавы перыяд 2025 і 2026 гадоў.
З планаў: даходы Федэральнага бюджэту Расіі ў 2024 годзе прагназуюцца на ўзроўні 35 трлн рублёў (19,4% ВУП), выдаткі складуць 36,6 трлн рублёў (20,4% ВУП). Зыходзячы з гэтых лічбаў, дэфіцыт можа быць на ўзроўні 1,6 трлн рублёў.
У 2025 годзе даходы павінны скласці 33,5 трлн рублёў (17,6% ВУП), у 2026 годзе — 34,1 трлн рублёў (16,8% ВУП). Выдаткі на гэты перыяд плануюцца ў памеры 34,4 трлн рублёў (18,0% ВУП) і 35,6 трлн рублёў (17,6% ВУП) адпаведна. Такім чынам, дэфіцыт бюджэту ў 2025 годзе знізіцца да 900 млрд рублёў, а ў 2026 годзе павысіцца да 1,5 трлн рублёў.
Зыходзячы з прагнозных паказчыкаў Мінэканамразвіцця Расіі па аб'ёме ВУП, у 2024 годзе дэфіцыт можа скласці каля 0,9% ВУП, у 2025 годзе — 0,47% ВУП і 0,7% ВУП у 2026 годзе.
Што можна сказаць пры беглым аналізе дакумента.
Па-першае, па ўсёй бачнасці стаяла задача вызначыць аб'ём неабходных даходаў для пакрыцця расходаў бюджэту, якія выраслі. Паводле ацэнкі Bloomberg, толькі ваенныя расходы павінны будуць павялічыцца з 6,4 трлн рублёў у 2023 годзе да 10,8 трлн у 2024 годзе. Пры тым, што іх памер у даваенным 2021 годзе складаў 3,6 трлн рублёў.
Па-другое, прагнозы зыходзяць з наступных, мякка кажучы, аптымістычных перадумоў — скарачэнне інфляцыі да 4%, сярэдні курс долара 90-92 рубля ў 2024-2026 гадах, рост здабычы нафты і газу.
Па-трэцяе, дэфіцыт федэральнага бюджэту Расіі ў 2024-2026 гадах будзе пакрывацца пераважна за кошт запазычанняў.
Што гэта ў канчатковым выніку значыць для Беларусі?
Напружаны, калі не сказаць практычна нерэалістычны характар выканання бюджэту Расіі на сярэднетэрміновую перспектыву ставіць пад пытанне магчымасці Расіі па прамой падтрымцы беларускай эканомікі.
Акрамя таго, пры ўзмацненні негатыўных тэндэнцый зніжэнне пакупніцкай здольнасці на расійскім рынку стане асноўным негатыўным фактарам для беларускіх экспарцёраў.
Такім чынам, стаўка на кампенсацыю санкцыйных страт за кошт Расіі з вялікай верагоднасцю акажацца пройгрышнай.