Выратаванне тапельца — справа рук «старэйшага брата». Як Расія падтрымлівае беларускую эканоміку

Залежнасць Беларусі ад Расіі ўсё больш і больш расце. І калі раней былі шанцы яе аслабіць, то цяпер гэта выглядае невырашальнай задачай.

Адзін з каналаў падтрымкі беларускай эканомікі Расіяй — экспарт і рээкспарт. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Адзін з каналаў падтрымкі беларускай эканомікі Расіяй — экспарт і рээкспарт. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Беларусь працягвае актыўна карыстацца падтрымкай яе эканомікі з боку Расіі. Каналы, праз якія гэтая падтрымка ажыццяўляецца, дзейнічаюць не адно дзесяцігоддзе.

Аднак роля кожнага з гэтых каналаў трансфармуецца ў залежнасці ад эканамічнай і геапалітычнай сітуацыі ў абедзвюх краінах і ў рэгіёне. Пра гэта піша старшы аналітык «Standard & Poor's» Карэн Вартапетаў у новым брыфе «BEROC» за верасень.

Нафтагазавая іголка

Як адзначае эканаміст, сёння можна выдзеліць некалькі каналаў, праз якія аказваецца эканамічная падтрымка Беларусі з боку Расіі. Асноўны з іх — нафтагазавы, а менавіта субсідзіраванне цэн на прыродны газ і сырую нафту.

Беларусь заўсёды купляла ва ўсходняга пастаўшчыка гэтыя энергарэсурсы па нярынкавых цэнах, што давала беларускай эканоміцы істотныя выгады. У 2000-2010 гадах нафтагазавая падтрымка за кошт такога субсідзіравання часам складала 10% ВУП. Паводле звестак МВФ, у першай палове дзясятых і зусім дасягала 15% беларускага ВУП. Потым памер гэтых субсідый пачаў зніжацца, а цана на нафту для беларускіх НПЗ паступова пачала набліжацца да рынкавай, асабліва пасля таго як Расія пачала рэалізоўваць «падатковы манеўр» (зніжэнне мытнай пошліны і адначасовае павышэнне падатку на здабычу нафты). У 2022 годзе трэнд пераламаўся. Тады на рынках пачаў дзейнічаць моцны дысконт на нафту маркі «Urals» да кошту «Brent». У Мінска з'явілася магчымасць закупляць нафту па адносна невысокім кошце (гэта значыць «Urals»), а экспартаваць пасля перапрацоўкі па больш высокай цане «Brent», піша thinktanks.by.


Глядзіце таксама

Фінансавая падтрымка

Паводле слоў Карэна Вартапетава, у параўнанні з нафтагазавым, астатнія каналы падтрымкі менш істотныя па аб'ёме, але іх таксама можна лічыць важнымі для беларускай эканомікі. З іх ліку варта выдзеліць фінансавы канал. У рамках фінансавага канала важную ролю заўсёды адыгрывала прамая бюджэтная падтрымка. Калі паглядзець на структуру дзяржаўнай запазычанасці Беларусі, то там досыць вялікая доля прыпадае на міждзяржаўныя крэдыты Расійскай Федэрацыі і крэдыты ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, дзе РФ з'яўляецца ключавым акцыянерам і можа ўплываць на прыняцце пастаноў. Акрамя самога факта выдзялення даволі вялікага аб'ёму крэдытаў, выкарыстоўваліся магчымасці рэфінансавання старых даўгоў Расіі. Па меры набліжэння тэрміну пагашэння Мінск часта атрымліваў новы крэдыт на рэфінансаванне старога. У апошнія гады да традыцыі рэфінансавання даўгоў дадалася магчымасць пераносу тэрмінаў выплат.

Да выбараў 2020 года і асабліва да пачатку геапалітычнай турбулентнасці і вайны ва Украіне аб'ём фінансавай падтрымкі Беларусі з боку Масквы паступова зніжаўся. Але ў 2021-2022 гадах ён зноў стаў расці. З'явіліся новыя фарматы — напрыклад, крэдыт на праекты па імпартазамяшчэнні.

Важная частка фінансавага канала падтрымкі — гэта прамыя інвестыцыі. Больш за 30% назапашанага аб'ёму прамых замежных інвестыцый звязаны з Расіяй. Гэта свайго роду ўскосны канал дзяржпадтрымкі, асабліва калі мы гаворым пра інвестыцыі ў Беларусь расійскімі дзяржкампаніямі.

Тут жа можна ўспомніць пра працу «дачок» расійскіх дзяржаўных банкаў у Беларусі, якія атрымліваюць падтрымку з боку матчыных структур. Гэты канал захаваў важнасць і пасля трапляння расійскіх банкаў пад санкцыі. За кошт яго зніжаюцца патэнцыйныя рызыкі для беларускай казны ў частцы магчымай падтрымкі, дакапіталізацыі банкаўскага сектара.

Чацвёртая частка фінансавага канала — доступ беларускіх кампаній і ўрада на рынак капіталу Расіі. Гэта датычыцца размяшчэння дзяржаблігацый Мінфінам Беларусі, а таксама ў будучыні і каштоўных папер іншых контрагентаў. Як і два пункты, названыя вышэй, яго хутчэй можна аднесці да ўскосных каналаў падтрымкі, паколькі ён дае магчымасці прыцягнення пазыковага капіталу ва ўмовах абмежаванага доступу на заходнія рынкі.


Глядзіце таксама

У апошнія гады заяў пра прымяненне традыцыйных каналаў бюджэтнай падтрымкі Мінска з боку Масквы значна менш у параўнанні з ранейшымі часамі. Калі раней новыя дамоўленасці па крэдытах былі прамым следствам сустрэч Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, то цяпер ствараецца ўражанне, што фокус перамоў зрушыўся.

Эксперт падкрэслівае: тут важна разумець, што ў мінулым прамая і крэдытная падтрымка ад Расіі была актуальнай у сувязі са зніжэннем нафтагазавых субсідый, у першую чаргу праз падатковы манеўр. За кошт гэтай падтрымкі часткова кампенсаваліся страты беларускага бюджэту. Паколькі з мінулага года нафтагазавая субсідыя моцна вырасла, неабходнасць у фінансавай падтрымцы знізілася.

Падтрымка экспарцёраў

Трэці канал, на погляд эканаміста — гэта лагістычная падтрымка беларускай эканомікі. З 2022 года гэты канал актыўна выкарыстоўваецца ў якасці падтрымкі беларускіх экспарцёраў, якія маюць патрэбу ў выбудоўванні новых лагістычных і транспартных ланцужкоў. У першую чаргу гэта датычыцца экспарту калійных угнаенняў і прадукцыі нафтаперапрацоўкі. У гэтым выпадку можна гаварыць пра прамую адміністрацыйную падтрымку з боку Расіі. Яна не выяўляецца ў высокіх фінансавых выдатках, але дапамагае экспарцёрам не зніжаць вытворчасць. Акрамя цэнавых фактараў, у тым ліку за кошт гэтага доля Расіі ў экспарце Беларусі летась вырасла з 40% да больш чым 60%.

Як свайго роду падтрымка можа ўспрымацца спрашчэнне доступу на расійскі рынак для беларускіх экспарцёраў. Але калі казаць пра рост долі Расіі ў аб'ёме знешняга гандлю Беларусі, асабліва па частцы беларускага экспарту, то гэта, з аднаго боку, пабочны эфект абмежаванняў, пад якія трапілі абедзве краіны. У такіх умовах беларускім прадпрыемствам не застаецца іншага выбару, акрамя як нарошчваць экспарт у Расію для яго рэалізацыі на гэтым рынку альбо для рээкспарту. З іншага боку, гэты рост з'яўляецца следствам інтэграцыйных працэсаў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. У тым ліку за кошт значнага пашырэння магчымасцей для беларускіх прадпрыемстваў па ўдзеле ў дзяржзакупках у Расіі. У апошнія гады ў РФ прынялі шмат заканадаўчых актаў, якія на гэта паўплывалі. Улічваючы вялікую долю дзяржсектара ў Расіі, гэта значны фактар падтрымкі.


Глядзіце таксама

На погляд Карэна Вартапетава, расійскі бок робіць крокі для таго, каб забяспечыць роўнасць доступу расійскіх вытворцаў і беларускіх на расійскі рынак.

Залежнасць расце

Як адзначае ў сваіх справаздачах «Standard&Poor's», залежнасць Беларусі ад расійскага рынку, ад пастаноў расійскага ўрада — гэта фактар уразлівасці. Беларускі ўрад да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года рабіў намаганні па дыверсіфікацыі экспарту, фінансавых патокаў і г. д. Для гэтага нарошчваліся аб'ёмы экспарту на альтэрнатыўныя рынкі, ішло пашырэнне геаграфіі гандлёвых адносін. Але цяпер адбыўся рэзкі разварот трэнду. У гэтым сэнсе ўразлівасць беларускай эканомікі павялічылася.