«Гэта антыўтопія, якая ажыццявілася»

Мастак з Беларусі распавёў, як заахвоціў расійскіх настаўнікаў фатаграфавацца з партрэтам Бандэры.

Настаўнікі школы Калужскай вобласці Расіі трымаюць у руках партрэты Сцяпана Бандэры. Фота: Тэлеграм-канал Уладзік Бохан

Настаўнікі школы Калужскай вобласці Расіі трымаюць у руках партрэты Сцяпана Бандэры. Фота: Тэлеграм-канал Уладзік Бохан

Сёння дзясяткі настаўнікаў Калужскай вобласці Расіі зрабілі фота з партрэітам Сцяпана Бандэры. Так яны збіраліся павіншаваць з днём народзінаў Пуціна. Аўтар ідэі — беларускі мастак, былы настаўнік гісторыі і палітвязень Уладзіслаў Бохан. 

Уладзіслаў загадзя разаслаў у расійскія школы ліст ад імя партыі «Адзіная Расія», у якім на правах мясцовага чыноўніка загадаў ім зрабіць фота з партрэтам «маладога Пуціна» (насамрэч, Сцяпана Бандэры). Настаўнікі загад выканалі і адсправаздачыліся. 

Фота: Тэлеграм-канал Уладзік Бохан

Фота: Тэлеграм-канал Уладзік Бохан

— Спадар Уладзіслаў, гэта не першая вашая акцыя з удзелам расійскіх настаўнікаў. Як вы лічыце, чаму яны нават не імкнуцца праверыць інфармацыю  у дадзеным выпадку даведацца, хто на фота?

— Сістэма адукацыі ў Расіі пабудаваная так, каб пазбавіць чалавека суб’ёктнасці, зрабіць з яго механізм для выканання загадаў.

Да таго ж свае «загады» ад імя чыноўнікаў я суправаджаю допісам пра тое, што настаўнікі, якія іх не выкануюць, павінны будуць напісаць тлумачальную запіску, у якой пазначаць прозвішча, імя, пасаду адказнага за выкананне. Так іх траўмаваны розум адразу пачынае вымалёўваць патэнцыйныя наступствы. Гэта іх вельмі пужае, таму страх тут – асноўны рухавік.

Плакат, з якім фатаграфаваліся расійскія настаўнікі. Фота: Тэлеграм-канал Уладзік Бохан

Плакат, з якім фатаграфаваліся расійскія настаўнікі. Фота: Тэлеграм-канал Уладзік Бохан

— Раней вы ладзілі акцыі ў беларускіх школах, а чаму зараз часцей у расійскіх?

— Калі рабіць нешта ў Беларусі, потым трэба надоўга сыходзіць на дно. Дзяржава вельмі цэнтралізаваная, невялікая. Прадстаўнікі ўлады хутка рэагуюць, ладзяць інструктажы для адміністрацыі, таму так рэгулярна ладзіць акцыі не атрымаецца.

А ў Расіі, як паказвае практыка, гэта можна рабіць наогул бясконца, толькі кожны раз змяняць рэгіёны.

— Раней вы самі працавалі настаўнікам гісторыі ў мінскай школе. Што вы агулам зразумелі пра сістэму адукацыі за гады працы?

— За час працы ў школе я зразумеў, што адсоткаў 90 маіх калегаў – гэта проста вінцікі сістэмы, людзі, якія можа і маюць сваё меркаванне, але прадаюць яго дзеля таго, каб заставацца ў зоне камфорта. Хаця назваць іх жыццё камфортам я б не здолеў.

Глядзіце таксама

Да таго ж я ўбачыў, на якія страшэнныя рэчы гэтыя людзі здольныя. За гэта, мабыць, трэба неяк таксама караць.

Я не разумею тых, хто шкадуе гэтых настаўнікаў. Яны наўпростава ўплываюць на электаральныя працэсы, прцацуючы ў выбарчых камісіях, яны робяцца праваднікамі дзяржаўнай прапаганды.

Пры гэтым альтэрнатыва заўжды ёсць. Вось кажуць, што ў іх няма іншага выйсця – ёсць! Я ж таксама працаваў настаўнікам і магу сведчыць, што калі цвёрда казаць не, жыццё працягваецца, становіцца больш простым і сумленным.

— Што вы адчуваеце, калі акцыі становяцца паспяховымі – радасць, азарт альбо шкадаванне пра тое, што нічога не змяняецца?

— У мяне змяшаныя пачуцці, калі атрымоўваю вынік чарговай акцыі. Па-першага, я да ўсяго ўжо звык, мяне нічога не здзіўляе. Пасля «Хроснага ходу» мне здавалася, што гэта максімум, але далей я зразумеў, што канца няма.

Даведка: У ліпені 2023 Уладзіслаў Бохан ад імя «Адзінай Расіі» настойліва прапанаваў настаўнікам Курскай вобласці правесці «Усерасійскі малебен аб Перамозе». Пры гэтым на плакатах прапанавалася надрукаваць перафразаваныя лозунгі Трэцяга Рэйха. 

Зараз для мяне гэта смешна, але ў той жа час і пужае. Таму што гэта на самой справе антыўтопія, якая ажыццявілася.

Але мая праца састаіць у тым, каб паказаць, што гэта рэальны свет, які існуе побач з намі, сярод нас. А людзі няхай думаюць, што ім з гэтым рабіць. Маўклівасць – гэта таксама форма згоды.

— Які, на вашую думку, плён падобныя акцыі прыносяць грамадству?

— Па-першае, мабыць для настаўнікаў гэта будзе такі хваравіты, але дзейсны ўрок. Можа яны паглядзяць на сябе збоку.

Да таго ж сапраўды сімвалічна тое, што я таксама быў настаўнікам, быў сярод тых людзей, але ў выніку апынулася, што мы з імі проста палярныя. Таму для іншых настаўнікаў я магу быць прыкладам таго, што ёсць іншы выбар, усё залежыць толькі ад іх саміх.

— Якую з вашых акцый з беларускімі ці расійскімі школамі вы самі лічыце самай паспяховай, сваёй любімай?

— Сённяшняя акцыя моцна прагучала, я яшчэ нават не ведаю, наколькі шырока яна разышлася. Таму па інфармацыйным выхлапе яна зараз знаходзіцца на першым месцы.

А ў плане канцэптуальным найбольш прыгожай была акцыя пра «Дзень апрычніка».

Даведка: Уладзіслаў Бохан зладзіў акцыю «Дзень апрычніка» у жніўні 2023 года з мэтай «патроліць» настаўнікаў на акупаваных тэрыторыяй Украіны. Мастак даслаў на электронныя адрасы мясцовых школаў «загад» правесці ў рамках конкурса ідэалагічнае мерапрыемства, скіраванае на «выхаванне патрыятызму». Для конкурса Уладзіслаў Бохан прапанаваў скарыстаць матывы з аднайменнай сатырычнай кнігі расійскага пісьменніка Уладзіміра Сарокіна.

Скрыншот пастановы, якую Уладзіслаў Бохан высылаў настаўнікам на акупаваных тэрыторыях Украіны ў межах акцыі «Дзень апрычніка»

Скрыншот пастановы, якую Уладзіслаў Бохан высылаў настаўнікам на акупаваных тэрыторыях Украіны ў межах акцыі «Дзень апрычніка»

— Але праблема ў тым, што настаўнікі вырашылі выкарыстаць у ёй дзяцей, нягледзячы на тое, што тады былі канікулы. Гэта мне абсалютна не падабаецца. Вось калі б яны пабудавалі самі гэтую «гусеніцу», было б канешне лепей.

І тая акцыя, дзе мяне вылучылі ў дэпутаты, склікалі цэлы сход, агітавалі за мяне, скажу шчыра, моцна пацешыла эга. 

Даведка: Сёлета ў ліпені Уладзіслаў Бохан «загадаў» настаўнікам Смаленскай вобласці сфатаграфавацца з ягоным партрэтам. Ён традыцыйна даслаў у мясцовыя школы лісты ад імя партыі «Адзіная Расія». Мясцовыя настаўнікі не сумняваліся ў тым, што на фота загінулы на вайне ва Украіне «герой Расіі».