Рост — не заслуга? Што цяпер адбываецца з беларускай прамысловасцю?

У Беларусі растуць заробкі, фінансавыя паказчыкі па выніках першага паўгоддзя таксама выраслі. Рэальны заробак за 7 месяцаў вырас на 25%, намінальны склаў 2 067,7 рубля. Ці насамрэч у беларускай эканоміцы ўсё добра і няма пра што хвалявацца?

_belarus_aficiez_scjahi_horad_2023_fota_novy_czas_1.jpg

 

Ужо шэсць месяцаў запар прамысловасць паказвае ўстойлівы рост. Калі год пачаўся з падзення прамысловай вытворчасці на 4,4%, то ўжо па выніках студзеня–жніўня з'явіўся рост на 7,9%, да 119,4 млрд рублёў. Горназдабыўная прамысловасць за 8 месяцаў вырасла на 4,6%, апрацоўчая — на 9,4%.

Пра сітуацыю ў прамысловасці, заробкі і перспектывы на Myfin.by распавёў кандыдат эканамічных навук Вячаслаў Ярашэвіч. 

Што паказала статыстыка?

Скарачаюцца і запасы гатовай прадукцыі. За ліпень яны зменшыліся на 237 млн рублёў і на 1 жніўня склалі 8 млрд 477,6 млн рублёў. Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці ў студзені–ліпені 2023 года склалі 70,9%.

Выраслі і фінансавыя паказчыкі па выніках першага паўгоддзя. Так, выручка вырасла на 9,8%, да 91 млрд рублёў, прыбытак ад рэалізацыі — на 6%, да 9,1 млрд, прыбытак да падаткаабкладання і чысты прыбытак — на 1,1%, да 5,9 і 4,8 млрд адпаведна. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі склала 12,6%, продажаў — 10%. Удзельная вага стратных прадпрыемстваў склала 15,5%, сума чыстай страты знізілася на 10,2%, да 1 млрд рублёў, сума страты на адну стратную арганізацыю знізілася на 19,4%, да 4,4 млн рублёў.

На 1 ліпеня 2023 года пратэрмінаваную крэдыторскую запазычанасць мелі 1096 арганізацый прамысловасці, або 72,1% (на 1 ліпеня 2022 года — 70,4%), пратэрмінаваную дэбіторскую запазычанасць — 1361 арганізацыя прамысловасці, або 89,5% (на 1 ліпеня 2022 года — 88,1%).

Растуць і заробкі. Так, рэальны заробак за 7 месяцаў вырас на 25%, намінальны склаў 2 067,7 рубля.

 

Рост — не заслуга?

Вячаслаў звярнуў увагу, што падзенне ў пачатку года было звязана з высокай базай папярэдняга перыяду, да пачатку вайны, так званай СВА, ва Украіне.

Сакавік 2022 года стаў пераломным момантам у геапалітыцы, што адбілася і на макраэканоміцы.

Увесь мінулы год і год цяперашні ішла адаптацыя, пераарыентацыя вытворчасцей і гандлёвых патокаў.

Рост амаль на 8% па выніках студзеня-жніўня, у сваю чаргу, шмат у чым абумоўлены нізкай леташняй базай. 

— Трэба ўлічваць базы параўнання. Так, мы актыўна шукаем новыя рынкі збыту для беларускай прадукцыі. Ідзе інтэнсіфікацыя па ўсіх рэгіёнах Расіі. Варта ўлічваць, што ў структуры прамысловасці — вялікая доля нафтахіміі, калійнай галіны, даных па якіх у вольным доступе больш няма. Як следства, сітуацыя ў прамысловасці не настолькі адназначна пазітыўная, як гэта можа здацца на першы погляд, праблем хапае.

Рост чыстага прыбытку на 1,1% — даволі нізкі паказчык, лічыць эксперт.

— У цяперашняй сітуацыі ён відавочна недастатковы. Магло быць значна больш, але тут, хутчэй за ўсё, таксама адбіваецца эфект пераарыентацыі на рэгіянальныя рынкі Расіі. Пошук новых партнёраў там займае час і каштуе нятанна, ды і самі гэтыя рынкі назваць высокамаржынальнымі складана. Несумненна, нашым прамыслоўцам хацелася б зарабляць больш, але ў цяперашняй сітуацыі гэта вельмі складана.

 

Ці трэба мяняць структуру прамысловасці і прадаваць стратныя прадпрыемствы?

Мяняць структуру трэба, але тут вядучая роля за дзяржавай, бо асноўны касцяк нашай прамысловасці — гэта спадчына савецкай эпохі.

— Што тычыцца сапраўднага прыватнага сектара, г.зн. створанага з нуля, без дзяржкапіталу, то ў прамысловасці ён асаблівай ролі не адыгрывае. Асноўны аб'ём валавой прамысловай вытворчасці па-ранейшаму застаецца за нашымі гігантамі і тымі, хто на іх працуе па кааперацыйных сувязях. Новыя прадпрыемствы, малы і сярэдні бізнес прамысловага характару ў нашай краіне развіты яшчэ досыць слаба. Хоць прыкладаў вытворчасці высокатэхналагічнай прадукцыі сусветнага ўзроўню хапае, але ў вале яны не прыкметныя.

Вячаслаў Ярашэвіч перакананы, што мяняць структуру прамысловасці важна, але для гэтага патрэбны дзясяткі, калі не сотні, мільярдаў долараў інвестыцый. І драйверамі тут павінны быць перш за ўсё самі прамыслоўцы, а не дзяржава. Але пакуль у нас пераважае вядомы прынцып, што за ініцыятыву караюць.

— Яшчэ менш спрыяльнай уяўляецца сітуацыя з фінансавымі магчымасцямі для прамысловых інвестыцый, інакш бы нашы гіганты даўно правялі глыбокую мадэрнізацыю сваіх магутнасцей і выпускалі б сапраўды інавацыйную прадукцыю, запатрабаваную на глабальным рынку, а не толькі ўнутры краіны або ў Расіі. Праблема інавацыйнасці нашай прамысловасці даволі сур'ёзная: доля прадукцыі, інавацыйнай на сусветным, а не толькі ўнутраным рынку, у апошнія гады зніжаецца і на сённяшні дзень складае менш за адзін працэнт. Перш за ўсё гэта з'яўляецца следствам нізкіх выдаткаў як саміх прадпрыемстваў, так і дзяржавы на навуковыя даследаванні і доследна-канструктарскія работы: у Беларусі яны ў разы ніжэйшыя, чым у заходніх краінах — членах АЭСР.

Доля стратных прадпрыемстваў у 15% — гэта не катастрофа.

— Былі часы і горшыя. Калі б у нас была неаліберальная мадэль эканомікі, як у Расіі, гэтыя прадпрыемствы былі б альбо банкрутамі, альбо прыватызаваны. Але ў нас сацыяльная мадэль, у якой галоўнае — людзі. Таму са стратнымі прадпрыемствамі нічога не адбываецца датуль, пакуль на іх месцы не з'яўляецца рэальная альтэрнатыва з пункту гледжання занятасці іх персаналу. У асноўным жа гаворка ідзе аб вытворчасцях у рэгіёнах, часта горадаўтваральных. З пункту гледжання рынкавай тэорыі, хуткага вырашэння іх лёсу чакаць няварта, хоць падтрымліваць іх вечна дзяржава таксама не ў стане. Для стабільнага напаўнення бюджэту ёй значна важнейшы дабрабыт нашых флагманаў.

 

Заробкі ў прамысловасці

Рост заробкаў ідзе вялікімі тэмпамі, адзначае эксперт.

— Нават намінальны заробак у прамысловасці цяпер вышэйшы, чым у сярэднім па краіне. Але ён ніжэйшы, чым у Мінску, і многім здаецца недастатковым, асабліва ў параўнанні са сферай ІКТ або банкаўскіх паслуг. Але калі параўноўваць з пачаткам 2020-х гадоў, рост істотны. Усё залежыць ад канкрэтнага прадпрыемства, што і як яно вырабляе, якая прадукцыйнасць працы, палітыка кіраўніцтва. Калі прадпрыемства паспяховае, то там і з заробкам усё ў парадку, і ў аддзел кадраў чарга. Калі ж прадпрыемства жыве меркамі эпохі, якая пайшла, выпускае састарэлую прадукцыю, то і зарплаты там адпаведныя.

 

Які прагноз?

Эканаміст разам з тым даволі аптымістычна глядзіць на будучыню беларускай прамысловасці.

— У сярэднетэрміновай перспектыве яе развіццё будзе даволі паспяховым, што абумоўлена новай эканамічнай рэальнасцю ў Расіі. Да лютага 2022-га наша прамысловасць павольна, але мэтанакіравана ішла на дно, яе паволі душыў імпарт. Летась сітуацыя кардынальна памянялася — і ў беларускай прамысловасці з'явіўся другі шанец, у тым ліку і на расійскім рынку.

Расіяне ж нават не спрабавалі захаваць савецкую спадчыну, а дзесяцігоддзямі прадавалі сваю сыравіну на Захад, дзе і куплялі амаль усю прамысловую наменклатуру. Зараз жа яны маюць патрэбу ў нашай прамысловасці, каб папоўніць прабелы ў імпарце і запусціць маштабныя імпартазамяшчальныя вытворчасці.

Калі ў Саюзнай дзяржаве раней было больш слоў, чым спраў, то цяпер яна напаўняецца канкрэтнымі праектамі.

Але самазаспакойвацца беларусам няварта — неабходнасць рэальных інавацый і пастаяннай мадэрнізацыі ніхто не адмяняў, улічваючы практычна бясконцы прамысловы патэнцыял Паднябеснай і ўсяго азіяцкага рэгіёна. Як гаворыцца, сяброўства сяброўствам, а тытунь у кожнага свой.