Напад на Ізраіль — напад на беларусаў. Чаму гэтага не разумее беларуская прапаганда?
Канешне, падзеяй тыдня стаў напад ХАМАС на Ізраіль. Беларуская ўлада адзначылася стандартнай заявай, выказаўшы «заклапочанасць». Беларуская прапаганда, не ведаючы, што рабіць, узяла за асновы расійскія наратывы, якія ўхвалялі ХАМАС і бэсцілі Ізраіль. І гэта ў чарговы раз паказвае, што прапагандзе няма чым думаць.
На жаль, гэтая сітуацыя паказала, што прапаганда ў Беларусі не тое што застаецца, а хутчэй нават з’яўляецца правадніком «рускага міру». Каб яна была хаця б крыху беларускай, усё павінна было б быць інакш. Таму што Ізраіль, кажучы словамі Лукашэнкі, «не чужая нам краіна». Насамрэч, у нас ці не найлепшыя пазіцыі, каб яўрэйская дзяржава была нашым саюзнікам. Нашым — гэта беларускім, канешне.
Пакуль афіцыйны Мінск маўчыць, Святлана Ціханоўская выказала падтрымку народу Ізраіля, спачуванні сем'ям і блізкім загінулых і смутак па шматлікіх ахвярах сярод мірнага насельніцтва. «Мы ўпэўнены, што злачынцы, якія развязалі вайну і паквапіліся на ключавыя чалавечыя каштоўнасці, панясуць пакаранне», — заявіла яна.
І гэта яшчэ адзін крок, каб кіраўніцтва Ізраіля асэнсавала, што беларускі рэжым і беларускі народ — не адно і тое ж.
Рыторыка беларускай улады, насамрэч, павінна была быць падобная на рыторыку Ціханоўскай. Нават калі не казаць пра мінулае, пра ролю беларусаў увогуле ва ўзнікненні дзяржавы Ізраіль, пра тое, што шмат кіраўнікоў гэтай краіны мелі і маюць беларуская карані. Але, пакуль беларуская ўлада маўчала, а прапаганда займала бок тэрарыстаў, генерал-маёр ЦАХАЛа Раман Гофман, які пераехаў з бацькамі у Ізраіль з беларускага Мазыра, асабіста ўступіў у бой з палесцінскімі тэрарыстамі ў самым пачатку іх нападу, забіў некалькіх з іх і быў цяжка паранены.
Пакуль у «Мінскай праўдзе» ўхвалялі ХАМАС, ураджэнец таго ж Мазыра Віталь Карасік, следчы ізраільскай паліцыі, ахоўваў музычны фестываль, куды ўварваліся тэрарысты. І загінуў, спрабуючы выратаваць людзей.
Пакуль беларускі МЗС выказваў заклапочанасць, 25-гадовая паліцэйская Алена Астапенка, якая з бацькамі ў 2000 годзе пераехала ў Ізраіль з Рэчыцы, патрулявала горад Афакім, у часе нападу ўступіла ў бой з тэрарыстамі і загінула.
70-гадовая пенсіянерка з Гродна Аляксандра Ханевіч прыехала ў Ізраіль на адпачынак, але не пабегла эвакуявацца, а вырашыла дапамагаць ізраільскай арміі, збіраючы для жаўнераў вопратку, ваду і прысмакі, адвозячы ўсё гэта абаронцам Ізраіля.
І гэта толькі малая частка, вядомая нам, гераічных учынкаў беларусаў у гэтай краіне ў часе тэрарыстычнага нападу.
Калі б там, у прапагандзе, паварушылі мазгамі, яны б даўмеліся, што атака на Ізраіль, насамрэч — гэта атака на вялізную частку этнічных беларусаў, якія жывуць у гэтай краіне. Што там вельмі багата нашых рэпатрыянтаў, якія служаць у войску, працуюць, жывуць, ствараюць сем’і, гадуюць дзяцей і бавяць час на тым самым музычным фестывалі, куды ўварваліся тэрарысты і пачалі расстрэльваць усіх і кожнага. Аднак…
Не, гэта не толькі мазгоў не хапіла. Гэта звычка ўвесь час глядзець у рот «старэйшаму брату», а можа быць, цяпер нават «гаспадару», паўтараючы тэзісы расійскай прапаганды і падтрымліваючы яе ва ўсім. Што праўда, у Расіі іншае стаўленне і да людзей, і да Ізраіля. Па-першае, моцныя традыцыі расійскага антысемітызму, якіх няма ў беларусаў, а па-другое, стаўленне да народа як да расходнага матэрыялу — «бабы яшчэ панараджаюць». Таму расійская прапаганда дазваляе сабе ставіцца да рэпатрыянтаў з Расіі ў Ізраіль як да нязначнай часткі былых суграмадзян, «іх жыцці няважныя». Але ж беларусаў — усяго 9 мільёнаў, і нам не выпадае ігнараваць этнічных беларусаў так, як у Расіі. Інакш Беларусь увогуле застанецца без народу. Нам павінен быць важны кожны беларус.
Так, сённяшняя ўлада падзяляе беларусаў на «добрых» і «дрэнных», бо працуе менавіта з пазіцыі «падзяляй і ўладар». Але скажыце, ці зашкодзілі б нам такія людзі, гатовыя ці не ў адзіночку супрацьстаяць тэрарыстам, каб выратаваць іншых? Чаму гэтыя людзі аказаліся ў Ізраілі, а не ў Беларусі?
Таксама днямі стала вядома, што зноў зазнаў страты Полк Каліноўскага — беларускае добраахвотніцкае фарміраванне ў складзе УСУ, якое змагаецца за вызваленне Украіны ў самых гарачых і небяспечных кірунках фронту. Зноў жа пытанне, ці зашкодзілі б гэтыя людзі нашаму войску? Так, яны паспяхова змагаюцца з расійскай агрэсіяй на франтах Украіны, але ці не патрэбныя нам такія людзі ў арміі Беларусі?
А тым часам Белстат апублікаваў даныя аб прынятых і звольненых на рынку працы Беларусі ў жніўні гэтага года. Згодна з імі, колькасць працоўных паменела на 14 тысяч чалавек, а ўвогуле з пачатку гэтага года адток кадраў у эканоміцы перавысіў ужо 60 тысяч чалавек — і гэта сёлетні гадавы рэкорд. Канешне, не ўсе з іх з’ехалі працаваць і жыць за мяжу, але «эвакуацыя з Беларусі» працягваецца.
На наступным тыдні па «справе Бабарыкі» пачнецца яшчэ адзін крымінальны працэс. Гаворка можа ісці пра замену пакарання на больш жорсткае. Таксама ідуць альбо прайшлі працэсы па «дадаванні тэрмінаў» Паліне Шарэнда-Панасюк і Дзмітрыю Дашкевічу. То-бок шчырых і адказных беларусаў, якія маглі б шмат карысці прынесці краіне, працягваюць утрымліваць у зняволенні толькі за тое, што яны не згодны з курсам цяперашняй улады.
У выніку беларусы становяцца героямі дзе заўгодна — толькі не ў Беларусі. У прынцыпе, тут няма нічога новага, так было заўсёды: пачынаючы ад Тадэвуша Касцюшкі, заканчваючы Барысам Кітам. Але ёсць адно істотнае адрозненне: і Касцюшка, і Кіт аказаліся ў замежжы, калі не было самастойнай беларускай дзяржавы. І міжволі ў такім выпадку ўзнікае пытанне: ці самастойная беларуская дзяржава цяпер? Навошта адбываецца працэс «адмоўнай селекцыі» сучасных беларусаў? Чаму з краіны выціскаюцца — ці сядаюць у турмы — самыя мужныя, адважныя, разумныя? І да чаго гэта прывядзе?
Усё ж падаецца, што гэтая справа — марная. Што актыўныя беларусы вернуцца з замежжа, выйдуць з турмаў і пачнуць адбудоўваць сапраўды беларускую дзяржаву.
Канешне, справа гэтая не будзе лёгкай, але Беларусь ужо была 200 гадоў пад Расійскай імперыяй і 70 гадоў у складзе СССР. І гэтыя амаль тры стагоддзі не здолелі знішчыць саму ідэю беларускай дзяржаўнасці і самастойнасці. І наўрад ці сённяшняя ўлада здолее яе знішчыць.
А пакуль галоўнае — заставайцеся жывымі. Нам яшчэ новую Беларусь будаваць.