Як беларусы-юдэі адрадзілі Ізраіль
Дзяржава Ізраіль была абвешчана 72 гады таму, 14 траўня 1948 года. Дзветысячыгадовая мара аб незалежнасці здзейснілася не ў малой ступені намаганнямі беларускіх юдэяў. Як габрэі змаглі адрадзіць сваю мову, культуру і дзяржаву пасля двух тысяч год выгнання? Як лёсы адраджэнцаў павязаныя з Беларуссю і чым іх прыклад можа дапамагчы нам?
Беларускія юдэі — патрыёты Ізраілю і Беларусі
У 67 годзе нашай эры рымляне выгналі габрэяў з Ізраіля, і дзве тысячы год юдэі былі рассеяныя ў многіх краінах. Габрэйская мова — іўрыт — была цалкам забытая, стаўшыся мёртвай мовай кнігаў, святога пісання і паэзіі.
І толькі 14 траўня 1948 года была абвешчаная Дзяржава Ізраіль. А амаль роўна праз год — 11 траўня 1949 года Дзяржава Ізраіль было прызнана ў якасці чальца ААН. Незалежнасць далася вельмі складана, і ў значнай ступені ёй паспрыялі беларускія юдэі.
Сёння многія мігранты з Беларусі ў Ізраілі працягваюць памятаць і шанаваць Беларусь як сваю Радзіму. Беларуская мова і культура для іх ідзе нароўні з габрэйскай. Яны, як і іншыя беларусы замежжа, з’яўляюцца прыкладам таго, што Беларусь перадусім у сэрцы, а потым на мапе.
Беларусь — палітычная і культурная калыска Ізраіля
З Беларусі паходзяць 3 прэзідэнта, 3 прэм’ера, 1 начальнік генштаба (ён жа аўтар вайсковай дактрыны), заснавальнік сістэмы бяспекі. Кіраўнікі дзвюх арганізацый падполля былі з Беларусі. І нават сучасны прэм’ер мае карані з былога ВКЛ, спадкаемцам якога з’яўляецца Беларусь.
Дэкларацыю незалежнасці Ізраіля падпісалі 37 чалавек, 9 з якіх — з Беларусі. Іх імёны запісаныя залатымі літарамі ў гісторыі Ізраіля.
Многія сусветна вядомыя дзеячы культуры: мастак Марк Шагал, празаік Мойшэ Кульбак, кніга якога называецца «Беларусь» і нядаўна была перакладзеная з ідыша на беларускую мову ды іншыя — іх імёны вядомыя амаль усім беларусам.
Мойшэ Кульбак быў добрым сябрам беларускіх пісьменнікаў. Паводле ўспамінаў яго дачкі, да Мойшэ прыслухоўваліся Купала з Коласам, якія цанілі яго розум і пачуццё гумару.
Менавіта патрыёты дзвюх краінаў заклалі падмурак сённяшняга незалежнага Ізраіля.
Вялікія патрыёты Беларусі і Ізраіля
Эліэзер Бен-Егуда
Немагчыма апавесці гісторыю адраджэння Ізраіля без гэтай сапраўды легендарнай асобы. Наш зямляк з Віцебшчыны з вёскі Лужкі стаў першым, хто стаў адраджаць забытую мову.
Йегуда, сапраўднае імя якога Ле́йзер-Іцхок Пе́рэльман, першыя крокі па адраджэнні іўрыта рабіў у Беларусі. Менавіта Йегуда быў бацькам сучаснага іўрыта, заснаваў гебраізм і склаў слоўнік іўрыта, а яго сын Бен-Ціон быў першым дзіцём, што пачало з маленства размаўляць на іўрыце.
Дэвіз Йегуды быў просты: «Габрэй — размаўляй на іўрыце!» І гэты дэвіз легендарнай асобы можна перайначыць для нас сучаснікаў: «Беларус — размаўляй па беларуску».
Шлома Магілевер — паўстанец Каліноўскага
Шлома Магілевер быў заснавальнікам прасіянізму. Ужо ў 1890 годзе ён удзельнічаў у першай партыі паломнікаў у Палестыну. У гэтым жа годзе дзякуючы яго падтрымцы атрымалася набыць 1556 акраў зямлі блізу Джафы для калоніі габрэйскіх пасяленцаў. Яго лёс быў цесна звязаны з Беларуссю — ён быў удзельнікам паўстання Каліноўскага. Ён крывёю і самаахвярнасцю на карысць Беларусі заслугоўвае званне ганаровага сына Беларусі.
Памяць пра паўстанне Каліноўскага шануецца беларускімі ізраільцянамі. Так, наш зямляк Барыс-Давід Балтэ — беларускі патрыёт у Ізраілі, удзельнічаў у пахаванні Каліноўскага са сцягам Ізраіля.
Залман Шазар — беларускі рэвалюцыянер
Залман Шазар ствараў апазіцыйныя сацыялістычныя суполкі ў Мінску падчас рэвалюцыі 1905 года. Яго дзейнасць мела характар хаўруснай да многіх беларускіх апазіцыйных суполак, такіх як Грамада.
Сіянісцкія партыі ў Радзе БНР
У Раду БНР уваходзілі таксама і сіянісцкія партыі, такія як Ахдут а-Авода (Саюз працы) і а-Поэль а-Ціоні (Сіяністы працоўныя). Варта дадаць, што першапачаткова многія юдэі, як і іншыя нацыянальныя меншасці, варожа ставіліся да БНР як незалежнай дзяржавы. Але ў ходзе перамоваў беларускія юдэі згадзіліся супрацоўнічаць з БНР, а вышэйзгаданыя партыі нават увайшлі ў склад БНР.
Менахем Бегір узначальваў Бейтар (сіянісцкую арганізацыю) у Заходняй Беларусі. У Ізраілі стаў кіраўніком урада і Нобелеўскім лаўрэатам.
Рав Кук — заснавальнік рэлігійнага сіянізму і Менахем Усышкін — заснавальнік ліберальнага сіянізму, таксама маюць беларускія карані.
Вялікая Літва — радзіма вялікіх народаў
На цяперашняй тэрыторыі Беларусі, колішняй ВКЛ была створаная рэлігійная плынь юдаізму, прадстаўнікі якой зваліся літвакамі. У Вільні і Віленскім ваяводстве вучні Йешываў (рэлігійнай школы) з Міру, Валожына і Панявежаў сфармавалі гэтую новую плыню юдаізма.
Літвакамі часта называюць усіх габрэяў (юдэяў), што паходзяць з былога ВКЛ. Габрэі Беларусі памятаюць і ганарацца той краінай, што стала для іх маці-апякункай. У той час, калі ў Еўропе ў XV-XVIII стагоддзяў былі ганенні на габрэяў, ВКЛ прыняло іх і дало абарону. Па легендзе, юдэй Шауль Валь нават стаў адным з каралёў Рэчы Паспалітай.
Вялікае Княства Літоўскае было калыскай многіх сучасных народаў, якія доўгі час жылі ў міры і росквіце. Менавіта талерантнае стаўленне да нацыянальных меншасцяў стала добрай глебай для эканамічнага росквіту.
Беларусь як галоўная спадкаемца ВКЛ можа ганарыцца сваімі сынамі, што праз стагоддзі пранеслі сваю мару — жыць у вольнай краіне Ізраіль.