«Падчас вайны ў Ізраілі бяспечней, чым у Беларусі без вайны»
Гамяльчане,
якія цяпер жывуць у Ізраілі, распавялі «Флагштоку», што цяпер адбываецца ў краіне
падчас змагання з ХАМАС.
7 кастрычніка баевікі ХАМАС пачалі ракетны абстрэл з сектара Газа і трапілі на тэрыторыю Ізраіля. Дакладная колькасць загінулых у выніку нападу невядомая дагэтуль. Мясцовыя СМІ пішуць, што колькасць загінулых у Ізраілі ў выніку атакі ХАМАС дасягнула 1300 чалавек, каля 3300 паранены. Але гэта вельмі прыблізныя лічбы.
Пра тое, што сёння адбываецца, распавялі «Флагштоку» ўраджэнцы Гомеля, якія пераехалі ў Ізраіль.
Уладзімір Кароткін, рэпатрыянт з Гомеля, распавёў, што ў момант нападу ХАМАС на Ізраіль быў у адпачынку і вярнуўся ў краіну толькі ўначы 9 кастрычніка.
— Замест таго, каб глядзець з аўтобуса на прыгажосці Парыжа, турыстычная група рускамоўных ізраільцян сядзелі ў тэлефонах і хваляваліся за Ізраіль. Калі нас праводзілі, для нас, ізраільцян, быў асобны ўваход, самы-самы далёкі. Нас ахоўвалі чалавек 15 паліцэйскіх з сабакамі, у бронекамізэльках, з гранатамі. Нас тройчы дапытвалі, маладыя хлопцы паказвалі ручную паклажу.
Уладзімір жыве ў Ашдодзе, які знаходзіцца за 60 кіламетраў ад сектара Газа.
— Удзень на вуліцах горада ўсё спакойна, але ўначы спіш і чуеш, як бамбяць Газу. На вуліцы цішыня. Адсоткаў 70 крам не працуе. Астатнія адкрыты да 5 гадзін. Закупляюць туалетную паперу, ваду, кансервы на ўсялякі выпадак. Асаблівага дэфіцыту не адчуваецца. Жалезабетонны завод не працуе, таму што гэтая прамысловасць завязана на Газе, — там працуюць арабы. Таму ўсе будоўлі стаяць, працы амаль няма. Я яшчэ не выходзіў на працу, хлопцы сядзелі ў адпачынку палову тыдня. Рускамоўнае радыё працуе 24 гадзіны ў суткі, тэлебачанне таксама.
У Ашдодзе таксама гучаць сірэны. Людзі на час пагрозы спускаюцца ў хованкі. Я заўважыў у параўнанні з раннімі абстрэламі, людзі напалоханыя, дзяцей напалохалі. Распавядалі, што да нас, у Ашдодзе, тэрарысты прарываліся, захапілі паліцэйскі ўчастак, з мёртвых паліцэйскіх здымалі форму, стукаліся ў дом і, каго ім было трэба, захоплівалі.
Захапілі яны ў закладнікі каля 200 чалавек: жанчын, дзяўчынак, самым малодшым 5-10 гадоў. Старых вывозілі. Здаровых яны забівалі, а забіралі дзяўчынак, старых і жанчын.
Уладзімір упэўнены ў поспеху ізраільскай арміі.
— Да нас прыехалі амерыканцы з авіяносцам, на ім 60 або 70 штурмавікоў стаіць. І сказалі Хезбале, Ірану, калі яны толькі сунуцца, будзе адкрыты другі фронт. Сёння паставіў Ізраіль рэкорд — 150 самалётаў адначасова ў паветры. Пры нашых адлегласцях — гэта майстэрства пілотаў. Упершыню выкарыстоўваецца такое ў сусветнай практыцы.
Цяпер ізраільская армія праводзіць аперацыю ў адказ у сектары Газа.
— Вокны ў нас ад выбухаў у Газе трасуцца. Уяўляю, што цяпер у Газе. Яе зраўняюць з зямлёй. Раней ізраільская армія тэлефанавала, смс пасылалі жыхарам, што жывуць у доме, які яны збіраюцца бамбіць, — і перш чым разбамбяць гэты дом, жыхары пакідалі яго. Цяпер гэтая практыка спынілася. Цяпер сталі ўсё знішчаць, калі там нешта здарылася, у тым ліку шматпавярхоўкі.
Актуальным застаецца пытанне ізраільскіх закладнікаў, захопленых баевікамі ХАМАС.
— Арабы сказалі, за тое, што мы не выконваем нашу дамоўленасць з-за гэтай бамбёжкі, яны будуць забіваць за кожны дом адну закладніцу. Што будзе з нашымі закладнікамі, складана сказаць. Будзе выступленне прэзідэнта Ізраіля перад сваякамі закладнікаў, будзе цяжка, але ў нас іншага выйсця няма. Мне здаецца, адназначна трэба працягваць.
Былы жыхар Гомеля Мікалай пераехаў у Ізраіль два гады таму. Ён не захацеў жыць у атмасферы рэпрэсій. Цяпер жыве на поўначы краіны, у адноснай аддаленасці ад цяперашняга месца судакранання.
— У тэрабароне Ізраіля могуць быць толькі ўзброеныя людзі, спецыяльна навучаныя гэтаму. У многіх ёсць права нашэння зброі, асабліва ў тых, хто ў войску служыў. Тыя, у каго няма права насіць зброю, не могуць пайсці ў тэрабарону або войска. Чуў, што на поўдні жыхарам паселішчаў, на якія нападаюць тэрарысты, выдавалі зброю. Адзін напад адбілі жыхары, самі. А ў нас, на поўначы, побач мяжа з Ліванам і Сірыяй, пранікненняў тэрарыстаў не было.
У штодзённым жыцці Мікалая няшмат што змянілася.
— Горад жыве ў тым жа рэжыме. У нас не было бамбаванняў, абстрэлаў. Але рызыка абстрэлаў паўночных тэрыторый успрымаецца сур'ёзна, з боку Лівана і Сірыі такая пагроза ёсць. Я сабраў заплечнікі, на выпадак бамбардзіровак, калі будзе трэба пайсці ў сховішча, паглядзеў, дзе яно знаходзіцца.
Мікалай актыўна займаецца валанцёрствам.
— Двойчы хадзіў здаваць кроў, абодва разы заканчваліся пакеты для крыві, і ўжо не прымалі, усіх разварочвалі, і тыя, хто не паспеў здаць, ішлі па дамах. Чалавек 300 не змаглі здаць кроў. Потым я змяніў від валанцёрства — паехаў у краму, купіў, што трэба для салдат. У нас арганізаваны пункты збору гуманітарнай дапамогі салдатам. На кожнай вялікай вуліцы ёсць такі пункт, і на вялікіх машынах яе адвозяць у вайсковую часць.
У сувязі са становішчам з'язджаць з Ізраіля мужчына не збіраецца.
— Я сябе адчуваю падчас вайны ў Ізраілі бяспечней, чым у Беларусі без вайны.