Егіпет адмовіўся адкрыць калідор для бежанцаў з сектара Газа
Егіпет адмовіўся адкрыць калідор для бежанцаў з сектара Газа, але абмеркаваў дастаўку гуманітарнай дапамогі ў рэгіён праз сваю мяжу.

Памежны пераход Егіпта з сектарам Газа. Фота: arabmir.net
Пра адмову Егіпта піша «Reuters» са спасылкай на крыніцы ў егіпецкіх органах бяспекі. Па словах суразмоўцы выдання, Егіпет адмовіўся стварыць бяспечны калідор для мірных жыхароў сектара Газа, каб падтрымаць «права палесцінцаў абараняць сваю справу і сваю зямлю».
Раней у ЗША заяўлялі, што ідэя такога калідора абмяркоўвалася сумесна з Ізраілем і Егіптам. Да яго адкрыцця заклікалі гуманітарныя групы і афіцыйныя прадстаўнікі Еўрасаюза.
11 кастрычніка генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш таксама заявіў, што «жыццёва важныя пастаўкі, уключаючы паліва, ежу і ваду, павінны быць дастаўлены ў Газу». Паводле інфармацыі крыніц «Reuters», ідэя гуманітарнага калідора «ў межах геаграфічна абмежаванага рэжыму спынення агню» абмяркоўвалася на перамовах паміж Егіптам, ЗША, Катарам і Турцыяй. Пазней прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган заявіў, што праца па дастаўцы дапамогі ўжо пачалася, але не ўдакладніў, якой.
Глядзіце таксама

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен прыляцеў у рэгіён, каб «не дапусціць яшчэ большай вайны». Блінкен сказаў, што накіроўваецца ў Ізраіль з «вельмі простым і ясным паведамленнем ад імя прэзідэнта Злучаных Штатаў і ад імя амерыканскага народа, а менавіта — Злучаныя Штаты падтрымліваюць Ізраіль».
Блінкен плануе сустрэцца з прэзідэнтам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху і прэзідэнтам Палесцінскай нацыянальнай адміністрацыі Махмудам Абасам, піша CNN.
Дзяржсакратар ЗША плануе адправіцца ў Аман у пятніцу, дзе сустрэнецца з высокапастаўленымі чыноўнікамі Іарданіі, а таксама з прэзідэнтам Палесцінскай аўтаноміі Махмудам Абасам, які будзе падарожнічаць з дэлегацыяй.
Глядзіце таксама

Гуманітарная катастрофа разгортваецца ў сектары Газа ў выніку дзеянняў Ізраіля ў адказ на напады групоўкі ХАМАС. Урад Ізраіля абвясціў поўную блакаду рэгіёна, у прыватнасці, спыненне падачы электраэнергіі, харчавання і вады. З-за недахопу паліва спыніла працу адзіная электрастанцыя ў сектары Газа.
Паводле апошніх афіцыйных паведамленняў бакоў, у выніку нападаў ХАМАС на Ізраіль колькасць ахвяр узрасла да 1300, у сектары Газа з-за ізраільскіх удараў у адказ перавысіла 1200. Тысячы чалавек атрымалі раненні.
Па даных самой групоўкі, закладнікамі ХАМАС застаюцца 130 чалавек. Міністр энергетыкі Ізраіля заявіў, што «вадзяная помпа не запусціцца», пакуль выкрадзеныя ізраільцяне не вернуцца дадому.
Паводле ўкраінскай службы «Свабоды», www.timesofisrael.com