Хронікі рэпрэсій за 11 кастрычніка
Толькі за верасень па «пратэсных» крымінальных справах асудзілі не менш за 54 чалавекі. З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 11 кастрычніка.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» ў верасні фіксаваў працяг устойлівай тэндэнцыі крымінальнага пераследу і асуджэння грамадзян па палітычных матывах — судовая сістэма магла рэпрэсаваць каля 139 чалавек.
У рэгіянальным маштабе даныя лічбы выглядаюць наступным чынам: Мінск – 77; Мінская вобласць – 8; Брэсцкая – 13; Гомельская – 15; Магілёўская – 10; Віцебская – 12; Гродзенская – 4.
Праваабаронцам «Вясны» вядома пра не менш як 54 асуджаных у верасні ў крымінальным парадку грамадзян, з іх 22 жанчыны і 32 мужчыны.
У Барысаве па новай крымінальнай справе судзяць палітвязня Змітра Дашкевіча
Змітра Дашкевіча разам з жонкай Настай абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года. 14 ліпеня 2022 года Змітру прызначылі 1,5 года калоніі, а Насце — 3 гады «хатняй хіміі».
Палітзняволены актывіст павінен быў выйсці на волю з папраўчай калоніі № 14 па заканчэнні тэрміну 11 ліпеня. Але адразу па выхадзе яго затрымалі ў межах новай крымінальнай справы па арт. 411 КК — «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі».
Роўна праз тры месяцы, 11 кастрычніка, у судзе Барысаўскага раёна пачалі разглядаць ягоную справу. Працэс вядзе суддзя Таццяна Дзеравянка.
Супрацоўніцу IT-кампаніі «Гейм Стрым» Ксенію Алькенаву этапавалі ў гомельскую калонію
Ксенія — супрацоўніца IT-кампаніі «Гейм Стрым». Яе затрымалі 11 сакавіка ў Мінску. Паводле сілавікоў, у 2020-2021 гадах праз данаты ў Facebook яна зрабіла 9 плацяжоў у фонды салідарнасці на агульную суму 425$.
Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа з ператрусу, падчас якога ў Алькенавай знойдзены і канфіскаваны БЧБ-сцяг, 20 000$ і аргтэхніка.
Яе абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 361-2 КК («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці») і арт. 361-2 КК («Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання»).
Суд над палітзняволенай адбыўся ў ліпені ў Мінгарсудзе. Суддзя Яўген Хаткевіч прызначыў ёй 4 гады пазбаўлення волі.
Вядома, што Ксенія пачала адбываць тэрмін у гомельскай жаночай калоніі.
ГУБАЗіК затрымаў Кацярыну Шапавалаву, якая ў 2020 годзе спявала каля філармоніі «Магутны Божа»
Кацярыну Шапавалаву таксама абвінавацілі ва ўдзеле ў мірных акцыях пратэсту і ў тым, што падчас іх яна выходзіла на дарогу.
У Гродне па справе «Чорнай кнігі Беларусі» палітвязня асудзілі да 8 гадоў калоніі
У Гродненскім абласным судзе 9 кастрычніка па справе «Чорнай кнігі Беларусі» да 8 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі 35-гадовага палітзняволенага Аляксандра Юшкевіча.
Такі прысуд паводле ч. 3 арт. 130 КК («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці») вынес Дзмітрый Бубенчык.
Вядома, што Аляксандра затрымалі 18 красавіка і змясцілі пад варту. Усяго па справе адбылося 6 судовых пасяджэнняў.
Супраць былога палітвязня Віталя Жука распачалі новую крымінальную справу
Мужчына цалкам адбыў тэрмін і 17 снежня 2022 года выйшаў на волю з бабруйскай калоніі. Ён пакінуў Беларусь і цяпер жыве ў Італіі. Днямі стала вядома пра новую крымінальную справу у дачыненні да Віталя — за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
«Асноўнай прычынай, чаму я вырашыў пакінуць Беларусь пасля вызвалення, стала тое, што пры пастаноўцы на ўлік першы намеснік начальніка Кобрынскага РАУСа Аляксандр Касяк пагражаў мне, што ў гэты раз мяне пасадзяць разам з маёй жонкай.
Калі мы з сям'ёй былі ўжо ў Італіі, дзесьці ў сакавіку сваякі паведамлялі мне, што да іх пачалі наведвацца сілавікі. Адразу яны казалі, што ў адносінах да мяне будуць узбуджаныя крымінальныя справы і заўсёды акцэнтавалі ўвагу на тое, што ў мяне забяруць кватэру, якую нам прадставіла дзяржава як шматдзетнай сям'і і ўсю маёмасць у ёй», — распавёў Віталь.
У Магілёве затрымалі прафесара і кандыдата педагагічных навук Ігара Шаруху
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, затрыманне адбылося 10 кастрычніка, пазней Шаруху прызначылі 15 сутак арышту за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Ігар — кандыдат педагагічных навук, вядомы ў Магілёве географ і краязнаўца. Доўгі час ён працаваў у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Аркадзя Куляшова, кіраваў кафедрай прыродазнаўства, але ў 2021 годзе быў вымушаны сысці з ВНУ.
Затрымалі трэнера з Чавусаў — з-за размоў з правакатарам у чат-рулетцы
Пасля размовы з правакатарам Юрыем Комарам у чат-рулетцы затрымалі трэнера з Чавусаў Аляксандра Марчанку.
На «палонным відэа» затрыманы Марчанка кажа, што нібыта быў падпісаны на «экстрэмісцкія матэрыялы, размаўляў у чат-рулетцы ў цішотцы Украіны і хацеў далучыцца да палка Каліноўскага».
Падчас затрымання адзін з сілавікоў сказаў Аляксандру, што яго «навучаць любіць Беларусь і нашага прэзідэнта».
Палітзняволеную Святлану Лупач пачнуць судзіць 16 кастрычніка
Яе затрымалі напачатку траўня глыбоцкія міліцыянты. У той дзень яна адпачывала на Глыбоччыне разам з сябрамі, міліцыянты прыехалі ў самы разгар адпачынку і спачатку затрымалі ўсіх, але пасля выпусцілі і пакінулі ў міліцыі адну Святлану.
Суд Глыбоцкага суда 3 траўня пакараў яе спачатку 10 суткамі па ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Пасля гэтага над ёй быў яшчэ адзін суд, падчас якога дзяўчыне прызначылі яшчэ 25 базавых велічыняў штрафу. Пазней Святлану перавялі ў віцебскі СІЗА у межах крымінальнай справы. Цяпер яе абвінавачваюць па «народным» арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
Суд над ёй распачнецца 16 кастрычніка ў Першамайскім судзе Віцебска. Справу будзе разглядаць суддзя Міхаіл Юрчанка.
Арцёма Закржэўскага, удзельніка пратэстаў 2020 года, збіраюцца пераводзіць з «хіміі» ў калонію.
20-гадовага ўдзельніка жнівеньскай акцыі пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе збіраюцца пераводзіць з «хіміі» ў калонію.
У судзе Чыгуначнага раёна Віцебска 11 кастрычніка разглядаюць справу аб узмацненні рэжыму Арцёму Закржэўскаму. Паводле рашэння суддзі Вольгі Шапавал, яго могуць перавесці ў калонію. Прычыны ўзмацнення рэжыму невядомыя.
Калі суддзя прыме рашэнне пра перавод мужчыны, тэрмін, які ён адбыў на «хіміі», яму пералічаць з разлікам «дзень на “хіміі” за два ў калоніі».
Арцёма асудзілі паводле «народнага» арт. 342 КК да 4,5 гадоў «хіміі» за ўдзел у акцыі пратэсту ў Мінску ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 году. На той момант яму было 17 гадоў. Акрамя таго, згодна з абвінавачаннем, першага студзеня 2022 года ён нібыта «беспадстаўна ўжыў гвалт у дачыненні да іншага мужчыны». Яго затрымалі праз два дні і інкрымінавалі ч. 3 арт. 339 КК («Хуліганства»). Бок абвінавачання сцвярджаў, што Закржэўскі пры гэтым быў п’яны.
Арцёма Закржэўскага ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў».