Хронікі рэпрэсій за 10 кастрычніка

У Беларусі — яшчэ 9 чалавек прызналі палітвязнямі. Уладзіміра Гундара перавялі на турэмны рэжым, затрымалі гісторыка Зарыну Канапацкую, а мастак-акцыяніст Аляксей Кузьміч здолеў пабываць у Беларусі, памяняць пашпарт — і з'ехаць!

palitvjazni_6.jpg

У Беларусі 9 новых палітвязняў

Праваабаронцы Вясны прызналі палітвязнямі яшчэ дзевяць чалавек. Гэта Кірыла Гняздзілаў, Максім Беляновіч, Аляксандр Галуза, Аляксандр Леановіч, Ігар Хрыстафораў, Аляксандр Сакалоўскі, Валерый Раманоўскі, Ала Сакаленка, Антон Пруднікаў.

Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі:

  • Старонка ў Facebook «Светлик. Светлогорск»;
  • Старонка ў «Аднакласніках» «Владимир Лисица»;
  • TikTok-акаунты «Страна для жизни», «Ksenia Mija».

Палітвязня Уладзіміра Гундара перавялі на турэмны рэжым

Пра перавод палітвязня-інваліда Уладзіміра Гундара паведамляе "Берасцейская Вясна". 

Нагадаем, Гродзенскі абласны суд 6 чэрвеня пакінуў прысуд палітвязню без зменаў — 20 гадоў калоніі. Ужо на наступны дзень адразу з карцара яго этапавалі ў калонію. Пры гэтым жонцы Гундара дазволілі спатканне з ім, але яна не паспела трапіць на яго з-за хуткага этапу.

Па прыбыцці ў калонію палітвязня некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар. Акрамя гэтага, у лісце да родных ён паведаміў, што яго хочуць перавесці ў турму. 

Напачатку кастрычніка сваякам стала вядома, што Уладзіміра Гундара ўсё ж адправілі ў магілёўскую турму № 4. Па якой прычыне гэта сталася і ці быў суд па замене рэжыму — сваякам не патлумачылі.

Мінчанку асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі» за ўдзел у Маршы

Стала вядома, што 7 верасня Дзіяну Лапуціну асудзілі да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — «хатняй хіміі». Вырак у судзе Фрунзенскага раёну Мінска агучыла суддзя Ала Скуратовіч. Дзіяну Лапуціну прызналі вінаватай паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

У Дзіяны ёсць шасцігадовае дзіця.

Вяскоўца з Докшыцкага раёна арыштавалі на 10 сутак за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Паводле судовай пастановы, Валер Яцкоўскі «захоўваў у адкрытым доступе з мэтай распаўсюду» інфармацыйную прадукцыю, уключаную ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў — «выяву лагатыпа ў выглядзе шчыта з гербам П. І незарэгістраванай бел-чырвона-белай сімволікай» і некалькі лагатыпаў інфармацыйных рэсурсаў, таксама прызнаных экстрэмісцкімі матэрыяламі. 

Старшыня Дошыцкага райсуда Вячаслаў Елісеенка прызначыў вяскоўцу 10 сутак арышту, прызнаўшы яго вінаватым паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП.

Суд над Валерам Яцкоўскім адбыўся 11 верасня, падчас судовага працэсу ён не адмаўляў, што падпіскі на групы інфармацыйных рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі, насамрэч захоўваліся на ягонай старонцы з «Аднакласніках». Іх знайшлі міліцыянты падчас маніторынгу сацсетак, піша «Віцебская Вясна».

Сілавікі затрымалі работніка рамонтнай майстэрні за распаўсюд «недакладных звестак пра супрацоўнікаў міліцыі»

Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманым работнікам рамонтнай майстэрні.

На відэа беларус распавядае, што яго затрымалі за тое, што ў перапісцы ў тэлеграме ён «негатыўна выказаўся ў бок дзейнай улады, а таксама распаўсюдзіў недакладныя звесткі наконт супрацоўнікаў міліцыі».

У якім статусе знаходзіцца затрыманы і па якім артыкуле яго абвінавачваюць — невядома.

Сілавікі затрымалі супрацоўніцу інстытута гісторыі НАН Зарыну Канапацкую

На «палонным відэа» Зарына Канапацкая кажа, што «займалася выключна сваёй навуковай дзейнасцю, скончыла дактарантуру і рыхтавала ўжо да абароны манаграфію па тэматыцы аб беларускіх татарах. Вінаватая ў тым, што была падпісаная на "экстрэмісцкія" каналы і знаёмілася з іх зместам».

Глядзіце таксама

Па месцы жыхарства мастака Аляксея Кузьміча прыходзіла міліцыя

Мастак прыехаў у Беларусь у пачатку жніўня. Ён памяняў свой пашпарт і пасведчанне кіроўцы, а таксама правёў новую акцыю ў цэнтры Мінска — Аляксей паказаў голы зад, стоячы пасярод праспекта Пераможцаў. Пасля гэтага ён з'ехаў у ЕС.

«Па месцы майго жыхарства, у дом самазабойцаў, які цягнецца праз усю вуліцу Няміга, прыходзіла міліцыя. Участковы.

— Ён жа ў Францыі жыў!.. — Цікавіўся ўчастковы ў суседзяў, — а дупу паказаў у Беларусі... не зразумела...», — напісаў на сваёй старонцы ў мастак. 

Ціск на бацькоў Алеся Зарэмбюка, якія засталіся ў Беларусі

На дырэктара Беларускага дому ў Варшаве Алеся Зарэмбюка, ураджэнца Мастоў, ідзе ціск у розны спосаб, пішуць гродзенскія праваабаронцы.

Днямі следчыя крымінальнага вышуку Мастоўскага РАУС наведаліся да яго бацькоў у Мастах. Яны пыталіся ў іх, ці яны ведаюць, што супраць іх сына ў Беларусі пачата ажно тры (!) крымінальныя справы. Па якіх артыкулах пачатыя гэтыя справы, ім так і не паведамілі. Міліцыянты прасілі польскі нумар Алеся Зарэмбюка, распытвалі пра яго асабістае жыццё, цікавіліся пра яго дзейнасць і функцыі у Беларускім Доме ў Варшаве.