Законы супраць экстрэмізму ў Беларусі — інструмент знішчэння апазіцыі

Рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае меры барацьбы з «тэрарызмам» для падаўлення апазіцыі, сцвярджае спецдакладчыца ААН па Беларусі Анаіс Марэн.

_cihi_supraciu__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1___1__1_logo.jpg

Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца, нягледзячы на скарачэнне колькасці вулічных пратэстаў і зніжэнне ўвагі да іх з боку сусветных СМІ. Пра гэта ў сваім апошнім дакладзе, паведамляе спецыяльны дакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, піша «Свабода».

Марэн падкрэслівае, што змены ў заканадаўстве Беларусі, якія адбыліся за апошнія тры гады, зрабілі практычна немагчымай любую пратэставую дзейнасць, як у інтэрнэце, так і за яго межамі. Праявы іншадумства нязменна спалучаныя з рызыкай крымінальнага пераследу і пакарання на падставе супрацьдзеяння «тэрарызму» і «экстрэмізму».

Са жніўня 2020 году па крымінальных артыкулах у Беларусі было асуджана сама меней 3645 чалавек, з іх 1440 — за ўдзел у акцыях пратэсту. Паводле стану на ліпень 2023 году, у зняволенні заставаліся сама меней 1488 палітычных зняволеных ва ўзросце ад 15 да 75 гадоў, у тым ліку 165 жанчын.

«Павелічэнне колькасці антытэрарыстычных і так званых „антыэкстрэмісцкіх“ законаў і мераў, з аднаго боку, і знішчэнне грамадзянскай прасторы, апазіцыйных рухаў і незалежнай журналістыкі — з другога, адбываліся адначасова», — гаворыцца ў дакладзе.

«Такім чынам, Беларусь з'яўляецца хрэстаматыйным прыкладам таго, як падобнае заканадаўства аказалася найважнейшым інструментам для зачысткі грамадзянскай прасторы, падаўлення свабоды выказвання меркаванняў, знішчэння палітычнай апазіцыі і, у канчатковым рахунку, ліквідацыі ўсіх незалежных інстытутаў у краіне, якія маглі б прадстаўляць палітычную альтэрнатыву дзейнаму прэзідэнту, які знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года», – падкрэслівае Марэн.

Глядзіце таксама

Спецдакладчыца таксама адзначае, што вельмі шырокае вызначэнне паняцця «тэрарызм» у беларускім заканадаўстве дазваляе кваліфікаваць розныя дзеянні як «акты тэрарызму» па меркаванні дзяржавы.

Анаіс Марэн нагадвае, што ў Беларусі за акты тэрарызму прадугледжана смяротнае пакаранне, пры гэтым парушаюцца мінімальныя міжнародныя стандарты яе ўжывання.

Яна заўважае, што заканадаўства аб барацьбе з тэрарызмам ужываецца і ў дачыненні да тых, хто выказвае нязгоду з вайной ва Украіне і выступае супраць яе.

У лістападзе 2022 года Следчы камітэт паведаміў пра больш за 30 крымінальных спраў, заведзеных паводле артыкулу 289 Крымінальнага кодэксу Беларусі аб актах тэрарызму. Да іх адносяцца так званыя справы «рэйкавых партызанаў», звязаныя з меркаваным пашкоджаннем чыгуначных шляхоў і іншымі актамі дыверсіі на аб’ектах інфраструктуры з мэтай перашкодзіць перасоўванню расійскай вайсковай тэхнікі і войскаў па тэрыторыі Беларусі. Практычна ва ўсіх выпадках гэтыя дзеянні разглядаліся беларускімі ўладамі як акты тэрарызму.

Пры гэтым асобы, абвінавачаныя паводле артыкула 289 Крымінальнага кодэкса, не маглі скарыстацца ўсімі аспектамі права на справядлівае судовае разбіральніцтва. Напрыклад, 27 снежня 2022 года Гомельскі абласны суд прысудзіў трох «рэйкавых партызан» са Светлагорска да пазбаўлення волі на тэрмін ад 21 да 23 гадоў.

На загад Аляксандра Лукашэнкі ў сакавіку 2023 года сілавыя структуры актывізавалі працу адносна «грамадзян, якія маюць дачыненне да дзейнасці экстрэмісцкіх фарбавальняў і тэрарыстычных арганізацый».


Глядзіце таксама

10 сакавіка 2023 году МУС Беларусі паведаміла, што яго супрацоўнікі «адпрацавалі» больш за 60 чалавек, якія маюць дачыненне да так званых «дэструктыўных ініцыятываў». Мяркуецца, што гэтыя меры маглі быць звязаныя з атакай дрону, які пашкодзіў расійскі вайсковы самалёт на беларускім аэрадроме Мачулішчы, адзначаецца ў дакладзе. Пасля гэтага інцыдэнту КДБ завёў крымінальную справу па факце «спробы ўчынення акту тэрарызму», і 7 сакавіка 2023 году Лукашэнка абвясціў пра арышт меркаванага злачынцы і больш за 20 ягоных саўдзельнікаў.

Сталае прадстаўніцтва Беларусі пры ААН у Жэнэве адрэагавала на даклад Анаіс Марэн. У каментары ведамства заяўляе, што мандат спецдакладчыка «не прадугледжвае ўмяшання ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы, тым больш — абарону экстрэмістаў».

Ведамства адзначае, што ў дакладзе спецдакладчыцы ААН па правах чалавека ў Беларусі «пад сумнеў ставіцца права дзяржавы на гарантаванне бяспекі ўласных грамадзян, забеспячэнне міру і правапарадку на сваёй тэрыторыі, на супрацьдзеянне правакацыям», у той час як выбухі на чыгунцы, пра арышты за якія згадваецца ў дакладзе, патэнцыйна маглі б забраць жыцці сотняў мірных жыхароў і «гэта спроба тэракту, якая не можа быць апраўданая».

«Слабая дзяржава, не здольная абараніць сваё насельніцтва ад тэрору — мабыць, гэта той арыентыр, які нам настойліва прапануе спецдакладчык пад воплескі сваіх прыхільнікаў», — гаворыцца ў каментары Сталага прадстаўніцтва Беларусі пры ААН у Жэнэве.