Праваабаронца Наста Лойка — цяпер у «спісе тэрарыстаў» ад КДБ

Праваабаронцу Насту Лойка ўнеслі ў «спіс тэрарыстыў». Трапіць у беларускі спіс можна як на падставе прысуду суда, так і па рашэнні старшыні КДБ ці яго намеснікаў. Туды могуць уключыць паводле дзясяткаў артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Наста Лойка. Фота: facebook.com/nasta.lojka

Наста Лойка. Фота: facebook.com/nasta.lojka

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ сямі чалавек, паведамляюць праваабаронцы.

Сярод іх псіхолаг Андрэй Рускіх, айцішнік Аляксандр Леановіч,Сяргей Рудзянкоў, праваабаронца Наста Лойка, кандыдатка геаграфічных навук Ганна Скрыган, Аляксей Кавалёў, музыка Аляксей Кузьмін.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1120 чалавек, з іх 368 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1129 пазіцый, аднак 9 чалавек з яго былі выдалены раней).

Глядзіце таксама

Нагадаем, спецдакладчыца ААН па Беларусі Анаіс Марэн у сваім нядаўнім дакладзе адзначыла, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца трэці год запар. А змены ў заканадаўстве Беларусі, якія адбыліся за апошнія тры гады, зрабілі практычна немагчымай любую пратэставую дзейнасць, як у інтэрнэце, так і за яго межамі. Праявы іншадумства нязменна спалучаны з рызыкай крымінальнага пераследу і пакарання на падставе супрацьдзеяння «тэрарызму» і «экстрэмізму».

«Павелічэнне колькасці антытэрарыстычных і так званых «антыэкстрэмісцкіх» законаў і мер, з аднаго боку, і знішчэнне грамадзянскай прасторы, апазіцыйных рухаў і незалежнай журналістыкі, з другога, адбываліся адначасова. Беларусь з'яўляецца хрэстаматыйным прыкладам таго, як падобнае заканадаўства аказалася найважнейшым інструментам для зачысткі грамадзянскай прасторы, падаўлення свабоды выказвання меркаванняў, знішчэння палітычнай апазіцыі і, у канчатковым выніку, ліквідацыі ўсіх незалежных інстытутаў у краіне, якія маглі б прадстаўляць палітычную альтэрнатыву дзеючаму прэзідэнту, які знаходзіцца ва ўладзе з 1994 года», — гаворыцца ў дакладзе.


Глядзіце таксама

Хто трапляе ў «спіс тэрарыстаў» ад КДБ?

Да падзей 2020 года ў беларускім спісе тэрарыстаў былі толькі замежныя грамадзяне з Малі, Ірана, Інданезіі, Афганістана, Уганды, іншых краін Афрыкі, а таксама грамадзяне Расіі і Грузіі, нагадвае «Свабода». 

Першымі «айчыннымі тэрарыстамі» ў спісе сталі ў лістападзе 2020 года заснавальнік Nexta Сцяпан Пуціла і блогер Раман Пратасевіч.

Увесну 2021-га КДБ прызначыў «тэрарыстамі» дэмакратычную лідарку Святлану Ціханоўскую, блогера Антона Матольку, прадстаўнікоў ініцыятывы «ByPol», анархістаў і журналістаў. Прычым часам зроблена гэта было яшчэ да вочных і завочных судоў над імі.

Тэрарыстамі«» сталі «рэйкавыя партызаны», прадстаўнікі розных пратэставых рухаў і ініцыятыў.

Да «тэрарыстаў» прымяняюцца фінансавыя абмежаванні — забарона на дзяржаўную рэгістрацыю маёмасці, аперацыі па банкаўскіх рахунках, натарыяльныя дзеянні, якія адносяцца да фінансавых аперацый, і іншае.

Трапіць у спіс можна як на падставе прысуду, так і па рашэнні старшыні КДБ ці яго намеснікаў. Туды могуць уключыць паводле дзясяткаў артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Такіх, як «акт тэрарызму», «удзел у масавых беспарадках», «распальванне варожасці» і нават паводле адносна новага беларускага артыкула «Адмаўленне генацыду беларускага народа».

Пакуль праваабаронцам і журналістам невядомыя выпадкі, каб чалавека выключылі са спісу «асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».