Праваабаронца Наста Лойка асуджаная на драконаўскі тэрмін
У Мінскім гарадскім судзе 20 чэрвеня вынеслі прысуд па справе палітзняволенай праваабаронцы Насты Лойка. Пра гэта паведамляе «Вясна».
Палітзняволенай прызначылі сем гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці») за падрыхтоўку даклада «Пераслед анархістаў, антыфашыстаў, левых і сацыяльных актывістаў у Беларусі» (2017 — жнівень 2018 года). У ім нібыта даецца крытычная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі.
Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці і
пазіцыя самой Насты невядомыя. Прысуд вынесла Алена Шылько, дзяржаўнае
абвінавачанне падтрымлівала Вольга Дзіндзелевіч. Наста заявіла, што будзе
абскарджваць прысуд.
Паводле версіі абвінавачання, у адным з праваабарончых
дакладаў аб пераследзе анархісцкай супольнасці ў Беларусі за 2018 год
змяшчаецца негатыўная ацэнка незаконных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі, якая
стала падставай для ўзбуджэння супраць яе крымінальнай справы. Група, супраць
якой нібыта распальвалася іншая сацыяльная варожасць, з'яўляецца прафесійнай
сацыяльнай групай супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Як адзначаюць
праваабаронцы, такое тлумачэнне артыкула не адпавядае міжнародным стандартам у
галіне правоў чалавека, пра што сведчыць практыка міжнародных судовых органаў.
Амаль напачатку судовага пасяджэння працэс зрабілі закрытым. Такое рашэнне было прынята судом па хадайніцтву дзяржаўнай абвінаваўцы Дзіндзелевіч. Яна матывавала яго «мэтай выключэння распаўсюджання інфармацыйнай прадукцыі з заклікамі да экстрэмісцкай дзейнасці, якая змяшчаецца на інтэрнэт-рэсурсах, прызнаных рашэннем МУС экстрэмісцкімі фармаваннямі і рашэннем суда экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Наста і яе адвакатка пярэчылі
супраць закрыцця працэсу. Але суддзя ўсё роўна задаволіла заяўленае
дзяржабвінаваўцай хадайніцтва.
Усяго па справе адбылося два судовых пасяджэнні, на трэцім агучылі прысуд.
Пра крымінальную справу супраць Насты Лойкі стала вядома ў снежні мінулага года. Абвінавачанне ёй спачатку было прад'яўлена паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У тым ліку — ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаюцца з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады альбо якія пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства»).
Звычайна гэты артыкул інкрымінуюць удзельнікам пратэстаў, хаця ў інтэрв'ю «НЧ» незадоўга да затрымання Наста распавядала, што прынцыпова ў акцыях не ўдзельнічала. Пазней гэты артыкул са справы выключылі.
Раней камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў скаргу
Насты Лойкі, пададзеную на падставе артыкулаў 9 («Права на свабоду і асабістую
недатыкальнасць — адвольнае затрыманне») і 14 («Права на справядлівы суд»)
Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
14 снежня 2022 года Насту, як і ў папярэднія разы, асудзілі паводле арт. 19.1 КаАП («Дробнае хуліганства»). За кратамі паводле адміністрацыйных прысудаў яна правяла як мінімум 60 сутак — ёй чатыры разы запар прызначалі 15 сутак арышту. Наста Лойка — адна са шматлікіх беларускіх праваабаронцаў, якія пасля падзей 2020 года аказаліся за кратамі па палітычных абвінавачаннях. Цяпер у няволі знаходзяцца нобелеўскі лаўрэат, заснавальнік цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, яго паплечнікі Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч, а таксама Леанід Судаленка, Марфа Рабкова і іншыя.