На праваабаронцу Насту Лойка завялі крымінальную справу паводле двух артыкулаў
Супраць праваабаронцы Насты Лойка ўзбуджана крымінальная справа. Абвінавачанне ёй прад'яўлена паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу, паведамляе тэлеграм-канал ініцыятывы Human Constanta.
На дадзены момант вядома пра адзін артыкул — ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаюцца з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады альбо якія пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства»).
Звычайна гэта артыкул інкрымінуюць удзельнікам пратэстаў, хаця ў інтэрв'ю «НЧ» незадоўга да затрымання Наста распавядала, што прынцыпова ў акцыях не ўдзельнічала.
Цяпер праваабаронцу перавялі з Акрэсціна ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
Раней камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў скаргу Насты Лойкі, пададзеную на падставе артыкулаў 9 (права на свабоду і асабістую недатыкальнасць — адвольнае затрыманне) і 14 (права на справядлівы суд) Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
14 снежня Насту, як і ў папярэднія разы, асудзілі паводле арт. 19.1 КаАП («Дробнае хуліганства»). Атрымлівалася, што за кратамі паводле адміністрацыйных прысудаў яна правядзе як мінімум 60 сутак — ёй чатыры разы запар прызначалі 15 сутак арышту. Але ў выніку, як бачым, была заведзеная крымінальная справа.
Наста Лойка — адна са шматлікіх беларускіх праваабаронцаў,
якія пасля падзей 2020 года аказаліся за кратамі па палітычных абвінавачаннях.
Цяпер у няволі знаходзяцца нобелеўскі лаўрэат, заснавальнік цэнтра «Вясна»
Алесь Бяляцкі, яго паплечнікі Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч, а
таксама Леанід Судаленка, Марфа Рабкова і іншыя.