Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 24 снежня

Экстрадыцыя, выдварэнне, выкраданне... Беларусаў вывозяць з Расіі, каб асудзіць на радзіме па палітычных справах. На гэты момант Маскоўская хельсінкская група (МХГ) зафіксавала 19 такіх выпадкаў.

_minsk_zima_studzen_sneh_bczb_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__logo.jpg

Са студзеня 2021 года пачалі з’яўляцца гісторыі аб затрыманні беларусаў у Расіі па запыце беларускага боку. І пра спробы экстрадаваць іх на радзіму, каб потым прыцягнуць да крымінальнай адказнасці па палітычна-матываваных артыкулах (за ўдзел у пратэстах, «абразы» Лукашэнкі і вядзенне тэлеграм-чатаў). Дапамогай такім беларусам пачынаюць займацца праваабаронцы з Маскоўскай хельсінкскай групы. МХГ зафіксавала 19 выпадкаў ужывання экстрадыцыйнай працэдуры ў дачыненні да беларусаў па палітычных справах.


Праваабаронцы Насце Лойка прад’яўлены абвінавачанні па двух артыкулах, яе перавялі на «Валадарку».

Адзін з артыкулаў, які інкрымінуюць праваабаронцы, — арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях (арт. 342 КК РБ).

Насту Лойка перавялі ў СІЗА-1.

У Брэсце супраць 68-гадовай жанчыны завялі крымінальную справу за надпіс фламастарам «Не вайне».

Жанчына нанесла надпісы «Жыве Беларусь» і «Не вайне» на рэкламных банерах на прыпынку грамадскага транспарту «Кавалёва» на вуліцы Валгаградскай у Брэсце.


Слонімскі краязнаўца Сяргей Чыгрын не выйшаў на волю пасля сутак.

Учора, 23 снежня, мінула 7 сутак з часу затрымання слонімскага краязнаўца, журналіста і пісьменніка Сяргея Чыгрына. Але на волю ён так і не выйшаў.

Нагадаем, Чыгрына затрымалі ў мінулую пятніцу, пасля чаго яму было прызначана 7 сутак адміністрацыйнага арышту.

Паводле атрыманай інфармацыі, на пісьменніка складзены новы пратакол паводле часткі 2 артыкулу 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). У панядзелак, 26 снежня, у Слоніме літаратуразнаўцу чакае новы судовы працэс па адміністрацыйнай справе і, відаць, новы арышт.

Палітвязень Даніла Ганчароў выйшаў на волю.

Даніла Ганчароў — мастак па святле, быў звольнены з Новага драматычнага тэатра за забастоўку. Міліцыянты прыйшлі ў кватэру Данілы з вобшукам 15 сакавіка 2021 года і затрымалі за «адзіночнае пікетаванне» БЧБ-сцягам.

Пасля 15-сутачнага арышту Данілу перазатрымалі па крымінальнай справе. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў групавых дзеннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК) і ў саўдзеле ў такім злачынстве (ч. 6 арт. 16 ч. 1 арт. 342 КК).

Ганчарова асудзілі да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Даніла ў судзе сваёй віны не прызнаў і выступіў з моцным апошнім словам. Тэрмін палітвязень адбываў у шклоўскай калоніі і сёння выйшаў на волю па заканчэнні тэрміну.

Палітвязень з Мазыра Яраслаў Пашкоў выйшаў на волю.

Палітзняволенага Яраслава Пашкова 7 верасня абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь і абразе Лукашэнкі. Палітвязню прысудзілі пазбаўленне волі тэрмінам на адзін год і дзевяць месяцаў у калоніі агульнага рэжыму. Акрамя гэтага, па рашэнні суда ён павінен заплаціць штраф у памеры 100 базавых велічыняў (3 200 рублёў). Справу разглядала суддзя Галіна Кніжонак-Максімава.

Яраслаў Пашкоў быў затрыманы 30 верасня 2021 года па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры ІТ-спецыяліста Андрэя Зельцэра і супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. Аднак пад час следства дадалі новае абвінавачанне. У лісце на волю Яраслаў напісаў, што 3 сакавіка памерла ягоная маці.

Стала вядома, што палітвязень выйшаў на волю некалькі тыдняў таму.

Палітзняволеную Таццяну Карповіч асудзілі на пяць гадоў калоніі за перадачу даных у «Чорную кнігу Беларусі».

У Магілёўскім абласным судзе ў закрытым рэжыме 23 снежня асудзілі 25-гадовую палітзняволеную Таццяну Карповіч паводле ч. 3 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці») Крымінальнага кодэкса. Суддзя Павел Клімаў прызначыў жанчыне 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 250 базавых велічыняў.

Дзяржабвінавачанне прадстаўляла пракурор Таццяна Касцюшка. Яна запрасіла для палітзняволенай 6 гадоў пазбаўлення волі. Але суддзя ў выніку прызначыла жанчыне 5 гадоў калоніі.