У 2022 годзе мінімум 24 святары зазналі пераслед з боку ўладаў
На працягу 2022 года сама меней 8 рыма-каталіцкіх, 3 грэка-каталіцкіх, 6 праваслаўных святароў і 7 пратэстанцкіх пастараў сутыкнуліся з рознымі формамі ціску з боку беларускіх уладаў.
Група «Хрысціянская візія» праводзіць маніторынг ціску ўладаў на святароў. За 2022 год яна зафіксавала мінімум 24 такія выпадкі. Святароў у Беларусі затрымлівалі, праводзілі ў іх ператрусы, выклікалі ў міліцыю і КДБ, арыштоўвалі і прыцягвалі да адказнасці.
Каталіцкія святары:
- пробашч парафіі сьвятога апостала Андрэя ў Лынтупах Аляксандар Баран (агулам 33 дзён адміністрацыйнага арышту за «несанкцыянаванае пікетаванне» і «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»),
- пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Паставах Анджэй Бульчак (грамадзянін Польшчы, выехаў зь Беларусі праз пагрозу пераследу, завочна аштрафаваны на 960 рублёў за «экстрэмісцкія матэрыялы»),
- пробашч віцебскай парафіі Святога Духа Андрэй Вашчук (два арышты па 15 дзён за «несанкцыянаванае пікетаванне», а таксама 320 рублёў штрафу за «экстрэмісцкія матэрыялы»; быў вымушаны пакінуць Беларусь),
- пробашч прыходу святога Ёзафата Кунцэвіча ў Расонах Вячаслаў Барок (з’ехаў з краіны ў сярэдзіне 2021 году пасля павышанай увагі сілавікоў да яго рэлігійных і экстрэмальна-сацыяльных ролікаў, у лістападзе гэтага года міліцыя спрабавала даведацца ў яго бацькі, калі Барок вернецца ў Беларусь).
- пробашч парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках Андрэй Кеўліч (аштрафаваны на 640 рублёў за «экстрэмісцкія матэрыялы»),
- вікарый магілёўскай парафіі святога Антонія Падуанскага Віталь Чабатар (15 дзён арышту па невядомай прычыне);
- пробашч касцёла святога Казіміра ў Стоўбцах Ігар Лашук (штраф 960 рублёў за «экстрэмісцкія матэрыялы»);
- пробашч парафіі святога Яна Паўла ІІ у Смаргоні Яўген Учкуроніс (аштрафаваны на 640 рублёў за «экстрэмісцкія матэрыялы»).
Праваслаўныя святары:
- клірык Богаяўленскай царквы ў Мінску Уладзіслаў Багамольнікаў (110 дзён у няволі, вызвалены пад падпіску аб нявыездзе ў якасці падазраванага па крымінальнай справе),
- клірык храма свяшчэннамучаніка Уладзімера Хіраско ў Мінску Міхаіл Маруга (13 дзён арышту пасля затрымання ў дзень антываеннай акцыі),
- настаяцель прыхода храма свяціцеля Сьпірыдона Трыміфунцкага Андрэй Ноздрын (з ім правялі «прафілактычную гутарку аб недапушчэнні экстрэмісцкіх дзеянняў», а пазней звольнілі з усіх пасадаў у епархіі),
- клірык прыхода храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў Прыбытках Гомельскай вобласці Пётр Пракапцоў (пасля паездкі ў Літву яго дапытвалі ў КДБ),
- настаяцель храма св. Архангела Міхаіла ў Сцяпанках Берасцейскай вобласці Сяргей Рэзановіч (асуджаны па «справе Аўтуховіча» на 16 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму),
- праваслаўны святар, імя якога з меркаванняў бяспекі не раскрываецца (сёлета падчас праваслаўных святаў у ягоную кватэру ўварваліся сілавікі і затрымалі жонку (пазней ёй было выстаўленае абвінавачанне ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў», вынік суду невядомы).
Пратэстанцкія пастары:
- пастар царквы баптыстаў «Свет Надзеі» Віталь Чычмароў (асуджаны на 3 гады абмежавання волі за «актыўныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»),
- пастар евангельскай царквы «Новы Запавет» Філіп Іваноў (разам з жонкай затрыманы ў межах крымінальнай справы, потым яго адпусцілі, а жонку асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі),
- пастар царквы «Новае жыццё» Вячаслаў Ганчарэнка (аштрафаваны на 3200 рублёў за правядзенне «несанкцыянаванага сходу» абшчыны);
- пастар царквы хрысціян веры Евангельскай Іаана Прадцечы Антоній Бокун (аштрафаваны на 3200 рублёў за правядзенне «несанкцыянаванага сходу» абшчыны),
- пастар царквы хрысціян поўнага Евангелля «Жыццё» Сергій Паўлоўскі (12 дзён арышту за «дробнае хуліганства»),
- пастар баптысцкай абшчыны Верамеек (Магілёўская вобласць) Раман Раждзественскі (аштрафаваны на 640 рублёў за «экстрэмісцкія матэрыялы»),
- пастар царквы хрысціян поўнага Евангелля «Жывая вера» Дзмітрый Падлобка (аштрафавалі на 640 рублёў за несанкцыянаванае мерапрыемства — хрышчэнне без дазволу).
Грэка-каталіцкія святары:
- настаяцель парафіі святых братоў Андрэя і Пятра ў Берасці Ігар Кандрацьеў (ператрус, арышт на 12 дзён па невядомай прычыне),
- святар прыхода Жыровіцкай іконы Божай Маці Віталь Быстроў (затрыманы 24 лістапада ў рамках адміністрацыйнай справы, вынік суд невядомы),
- настаяцель магілёўскага прыхода Маці Божай Бялыніцкай Васіль Ягораў (аштрафаваны на 1600 рублёў за налепку «Украіна, прабач» на аўтамабілі).