Азбука паліталогіі: СССР быў назаўжды, пакуль не скончыўся. Падстава для пераднавагодняга аптымізму

Бессэнсоўна шукаць прычыны дэградацыі ў інтрыгах імперыялістаў. Дэградацыя ішла ад жыцця, у якім дзяржава рабіла выгляд, што плаціць, а «правільны грамадзянін» у адказ рабіў выгляд, што працуе. Увесь гэты цырк з коньмі на працягу дзесяцігоддзяў суправаджаўся абменам правільнымі словамі.

_belarus_minsk_zima_veczar_nocz_sneh_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__23__logo.jpg


Тэма асобы палітыка як выдуманай сутнасці была закранута ў папярэднім артыкуле. Прашу прабачэння за самацытаванне, але без яго не абысціся: «...у кожнага медаля ёсць адваротны бок. Тыя, хто стварае выдуманую сутнасць палітыка, міжвольна ствараюць і выдуманую сутнасць народа. У выніку тое, што наверсе прымаюць за народ, аказваецца тульпай — гэта значыць, паранармальным аб'ектам, створаным сілай думкі».
Здзіўляцца гэтаму не даводзіцца, асабліва калі прыгадаць, што першая палова XX стагоддзя — гэта час панавання таталітарных ідэалогій: фашысцкай, нацысцкай і камуністычнай. Помнікі аднаму з заснавальнікаў апошняй усё яшчэ ўпрыгожваюць цэнтральныя плошчы беларускіх гарадоў.
У паэта Барыса Пастарнака ў паэме «Высокая хвароба» на тэму народа як выдуманай сутнасці ёсць геніяльныя радкі:
«Столетий завистью завистлив,Ревнив их ревностью одной,Он управлял теченьем мыслейИ только потому страной».
Ён — «правадыр сусветнага пралетарыяту» Уладзімір Ленін. Яму і дадзім слова: «Кожны агітатар павінен быць дзяржаўным кіраўніком, кіраўніком усіх сялян і рабочых у справе эканамічнага будаўніцтва» (03.11.1920).
Нескладана заўважыць, што назоўнікі «агітатар» і «кіраўнік» для «самага чалавечнага чалавека» з'яўляюцца сінонімамі. Таму цэнтральнай задачай усіх таталітарных рэжымаў робіцца задача па фарміраванні «правільных грамадзян», здольных крочыць у адзіным страі, у кірунку, які паказаў і вызначыў правадыр.

Задачка з зорачкай

«Правільнаму грамадзяніну» на заклік партыі і ўрада «Будзь гатовы!» належала ўскідваць руку ў салюце і рапартаваць «Заўсёды гатовы!». І каб такі рытуал давесці да аўтаматызму, гэтаму навучалі з дзяцінства. Але не дапамагло. У адрозненне ад сваіх бацькоў, мае аднагодкі (народжаныя ў 1960-я гады), на заклік «Будзь гатовы!» у думках дадавалі «Ганяць катоў».
Гэта, на першы погляд, нявіннае думказлачынства сведчыла пра дэградацыю эксперыменту па фарміраванні «правільнага грамадзяніна».
Бессэнсоўна шукаць прычыны дэградацыі ў інтрыгах імперыялістаў. Дэградацыя ішла ад жыцця, у якім дзяржава рабіла выгляд, што плаціць, а «правільны грамадзянін» у адказ рабіў выгляд, што працуе. Увесь гэты цырк з коньмі на працягу дзесяцігоддзяў суправаджаўся абменам правільнымі словамі.
Вось як яго апісвае навуковы кіраўнік «Левада-Цэнтра» Леў Гудкоў: «Уладам не давяраюць, але пры гэтым дэманструюць ім знешнюю лаяльнасць. На іх спадзяюцца, але адначасова надзяляюць іх самымі агіднымі якасцямі. Двудумства (выдзелена. — С. Н.) — адзін з найбольш дзейсных механізмаў адаптацыі да рэпрэсіўнай дзяржавы, да ўлады, непадкантрольнай людзям».
Чым скончыўся савецкі варыянт двудумства — добра вядома. Пра яго ўклад у «геапалітычную катастрофу XX стагоддзя» прафесар антрапалогіі ў Каліфарнійскім універсітэце ў Берклі Аляксей Юрчак напісаў кнігу «Гэта было назасёды, пакуль не скончылася». Яе нескладана адшукаць у інтэрнэце — пачытайце, рэкамендую.
Кіраваць плынню думак, не фільтруючы пры гэтым базар — задачка з зорачкай. Адна справа — фарміраванне «правільнага чалавека» ў прамысловым маштабе, і зусім іншая — адзінкавая вытворчасць «інжынераў чалавечых душ». Урэшце ўсё ўпіраецца ў рэсурсы. Не толькі элітнай нерухомасцю на Блакітным беразе і возеры Кома, але і цёплымі прыбіральнямі ў дамах усіх не забяспечыць. Ніякай прыроднай рэнты для гэтага не хопіць, колькі нафты не пампуй.
Таму ў двудумства дзве складовыя часткі. Для «правільнага чалавека» двудумства — механізм адаптацыі да рэпрэсіўнай дзяржавы, для «інжынераў чалавечых душ» — механізм кіравання рухам думак.
Свежы прыклад. Следчы камітэт Расіі не знайшоў складу злачынства ў публічных закліках журналіста Антона Красоўскага тапіць і паліць украінскіх дзяцей. У той жа час за аналагічны заклік адносна дзяцей расійскіх сілавікоў блогер Уладзіслаў Сініца атрымаў у 2019 годзе пяць гадоў калоніі.

Пра ролю інклюзіі ў росквіце

Нават у вырабаў са сталі, калі яны пастаянна зведваюць нагрузкі, надыходзіць стомленасць, яны псуюцца — ламацца можа нават жалеза. Чаго ж тады чакаць ад прадстаўнікоў роду чалавечага? З дапамогай польска-амерыканскага палітолага Адама Пшэворскага прыгадаем час Перабудовы: «Людзі мелі вострую патрэбу ў нейкай ідэйнай гармоніі: калі іх думкі і словы пастаянна не адпавядалі адно аднаму, то жыццё станавілася невыносным. Таму патрабаванне «праўды» стала, прынамсі, такім жа важным, як і патрабаванне хлеба...».
Аўтарства слогана «Хлеба і відовішчаў!» належыць рымскаму паэту Ювеналу (1–2 стагоддзе нашай эры). З тых часоў попыт ні на хлеб, ні на відовішчы не знізіўся. Аднак жыццё не стаіць на месцы, і па меры хай і павольнага, але няўхільнага задавальнення базавых патрэб, фарміруюцца новыя. Міжнародная статыстыка сведчыць, што ўсё часцей на масавых акцыях пратэсту гучаць не эканамічныя, а палітычныя патрабаванні.
Як тут не згадаць лозунг «Не падаткаабкладанню без прадстаўніцтва», які ўзнік падчас амерыканскай рэвалюцыі (1775–1783 гады) і выказваў адну з асноўных прэтэнзій амерыканскіх каланістаў да Вялікабрытаніі.Сучаснае лідарства Амерыкі не са столі ўзялося. Яно — прамое следства больш чым 200-гадовага вопыту будаўніцтва інклюзіўных (лац. inclusivus — «уключаны») палітычных інстытутаў.
Ролі інклюзіўных інстытутаў у эканамічным росце прысвечаны адзін з галоўных палітэканамічных бестселераў XXI стагоддзя — кніга эканамістаў Дарона Аджэмоглу і Джэймса Робінсана «Чаму адны краіны багатыя, а іншыя бедныя». У чытачоў «НЧ», у сувязі з набліжэннем Новага года, ёсць магчымасць зрабіць сабе падарунак — знайсці кнігу ў сеціве.
Аўтар жа гэтага артыкула абмяжуецца адной цытатай з прадмовы да бестселера: «Жыхары Егіпта, гэтак жа, як і Туніса (гаворка ідзе пра «Арабскую вясну». — С. Н.), былі ўпэўненыя, што іх эканамічныя цяжкасці тлумачацца перш за ўсё адсутнасцю ў іх палітычных правоў. Калі дэманстранты пачалі вылучаць больш канкрэтныя патрабаванні, то першыя дванаццаць пунктаў аказаліся выключна палітычнымі».
***У якасці навагодніх пажаданняў нароўні з традыцыйнымі — здароўя, шчасця і любові — аўтар зычыць суайчыннікам разумення ролі палітычных правоў у культурным і эканамічным росквіце.