Азбука паліталогіі: «Бацька народа» як прадукт бюджэтнага фінансавання

Ці існуе зваротная сувязь паміж насельніцтвам і ўладамі ў беларускай мадэлі? Пытанне не пазбаўленае сэнсу. Тыя, хто стварае выдуманую сутнасць палітыка, міжвольна ствараюць і выдуманую сутнасць народа. У выніку тое, што наверсе прымаюць за народ, аказваецца тульпай.


З так званымі «дэмакратычнымі краінамі» ўсё зразумела. Нездарма ж яшчэ ў Старажытнай Грэцыі частка службовых асоб выбіралася згодна з лёсаваннем, а частка — шляхам галасавання (казначэй, дыпламаты, военачальнікі).

Выбары — механізм зваротнай сувязі, здольны любую дзяржаву для народа трансфармаваць у дзяржаву народа. Галоўнае адрозненне першай ад другой — змяняльнасць улады, прычым шляхам галасавання, а не згодна з рэвалюцыйным прынцыпам: «Которые тут временные? Слазь! Кончилось ваше время».

Змяняльнасць улады гарантуе змяняльнасць курсу. Калі за перыяд паміж выбарчымі кампаніямі матэрыяльнае становішча большасці палепшылася — то яна зноў падтрымае палітычнага лідара і чальцоў яго каманды, калі пагоршылася — то на змену лідару, які не апраўдаў даверу, прыйдзе новы. Зразумела, не хлебам адзіным жывы чалавек, але тым не менш…

Вось такая палітычная арыфметыка. Каб яе зразумець, не трэба мець навыкі адрозніваць Гегеля ад Бебеля, а Бебеля — ад Бабеля. Але гэта ў «так званых дэмакратыях», у якіх выбірае народ, але выбар ён робіць з прадстаўнікоў эліты, г. зн. з уладальнікаў значных асобасных рэсурсаў (кіраўнічых, культурных, фінансавых і гэтак далей).

Аднак жа ўздрыгваць пры слове «дэмакратыя» не абавязкова, бо разам з «так званай» існуе і «сапраўдная дэмакратыя». Яе сутнасць перадае выказванне, зробленае яшчэ да эпохі інтэрнэту. Цікаўныя могуць адшукаць яго ў самай саліднай газеце краіны ў нумары ад 28.09.1996: «Народ ажыццяўляе рэальную дэмакратыю, абіраючы кіраўніка дзяржавы і заканадаўчую ўладу. Пасля гэтага кіраўнік дзяржавы і дэпутаты павінны дзейнічаць у рамках Канстытуцыі. Вось і ўся дэмакратыя».

Як тут ні прыгадаць папулярны ў пачатку 1970-х гадоў італьянскі фільм «Следства скончылася, забудзьцеся». Беларускія «кінематаграфісты» амаль тры дзесяцігоддзі ўмудраюцца выпускаць яго рымейк, толькі злёгку змяніўшы на афішы слова «следства» на слова «выбары».

Прыйшоў, паставіў у патрэбнае месца крыжык ці птушачку — і кінуў бюлетэнь у выбарчую скрыню. А куды ж яшчэ, акрамя скрыні, яго кідаць? Толькі там яму і месца.

У сям’і не без вырадка. Заўсёды знойдуцца ахвочыя паразважаць наконт правоў чалавека. Ім варта нагадаць, што асноўным правам чалавека ў Беларусі было, ёсць і будзе права «паесці і апрануцца» (31.05.2019). На яго захаванне і накіроўвае свае намаганні дзяржава для народа. Год за годам, дзесяцігоддзе за дзесяцігоддзем.

Шматдзетным сем’ям з мікрараёна Сокал пашанцавала

Аднак аўтар адышоў ад праблемы зваротнай сувязі паміж насельніцтвам і ўладамі ў беларускай мадэлі. Вінаваты, каюся. Такая сувязь існуе. У расійскай цывілізацыі з часоў цара Гароха яе забяспечвалі чалабітныя загады, якія ў нашы дні былі пераназваныя ў «інстытут скаргаў».

Няхай чытачы даруюць мне вялікую цытату, але ж занадта яна добрая і паказальная, і да таго ж узятая з самай саліднай крыніцы:

«Працягваем сачыць за гісторыяй 58 шматдзетных сем'яў з мінскага мікрараёна Сокал. Нагадаем, шматдзетныя сем’і з мікрараёна Сокал некалькі месяцаў спрабавалі звярнуць увагу на недахопы і сур'ёзныя будаўнічыя хібы ў сваіх новых дамах, абіваючы парогі розных інстанцый. Але ўсюды толькі разводзілі рукамі або адпраўлялі адпіскі. Тады жыхары напісалі ліст... (самі разумееце каму. — С. Н.). [Самі разумееце хто] адрэагаваў імгненна, даручыў кантраляваць сітуацыю старшыні Савета Рэспублікі, упаўнаважанай па Мінску Наталлі Качанавай. Пасля распараджэння [самі разумееце каго] у катэджным пасёлку літаральна тут жа закіпела праца па ліквідацыі недахопаў».

«Напачатку было Слова». Усё сапраўды так. Адкрыйце Евангелле ад Яна і прачытайце першы радок. Аднак не кожнае слова трэба пісаць з вялікай літары. З апосталам усё зразумела, таму прапаную дачытаць сказ да канца: «... і Слова было ў Бога, і Слова было Бог».

У нашым выпадку гаворка ідзе пра культуру, у якой гарызантальныя сувязі на парадак саступаюць сувязям вертыкальным, выбудаваным у каардынатах начальнік — падначалены. Пры такой сацыяльнай структуры, само сабой, нібы вугры ў пераходным узросце, фарміруецца «вертыкаль улады».

Яе галоўная асаблівасць палягае ў тым, што ўсе галоўныя словы вымаўляюцца на вяршыні вертыкалі, а заканадаўцам і іншым уладным інстытутам адводзіцца толькі роля рупара, праз які агучваюцца прынятыя рашэнні.

Адсюль праблема «дагрукацца да нябёсаў». Шматдзетным сем’ям з мікрараёна Сокал пашанцавала. Яны дагрукаліся. Мае віншаванні.

У кожнага медаля ёсць другі бок

Дагрукацца атрымліваецца ў адзінак, аднак жа і мільёнам скаржнікаў сёе-тое перападае, пры ўмове, што ў сваіх просьбах яны не пераходзяць мяжу «паесці і апрануцца». 

У стагоддзе электронных прыбамбасаў рэальнасць усё часцей замяняецца выдуманымі сутнасцямі. Адна з такіх сутнасцяў — асоба палітыка. На тэлеграм-канале «Наивная Политология» чытаю: «З улікам узроўню ўмяшання паліттэхналогій, у публічным вобразе сучаснага палітыка знаходзіцца толькі часцінка асобы, астатняе — прадукт працы цэлага штата людзей і акцёрскае мастацтва. Чым глыбей палітычная асоба занырвае ў папулізм, тым менш у ёй застаецца ад чалавека. Адпаведна, калі гаворка заходзіць пра электаральныя аўтакратыі або гібрыдныя рэжымы, асоба палітыка ў падобнай мадэлі можа быць прама процілеглай і нават антаганістычнай вобразу, які выкарыстоўваецца».

На стварэнне вобразу палітыка, які адпавядае запытам большасці, з бюджэтаў аўтарытарных/таталітарных дзяржаў выдаткоўваюцца значныя сумы. Прыведзены вышэй фрагмент артыкула, запазычаны з самай саліднай крыніцы, — прыклад фарміравання чарговага вобразу «бацькі народа», які імгненна рэагуе на факт несправядлівасці.

Аднак жа ў кожнага медаля ёсць адваротны бок. Тыя, хто стварае выдуманую сутнасць палітыка, міжвольна ствараюць і выдуманую сутнасць народа. У выніку тое, што наверсе прымаюць за народ, аказваецца тульпай — гэта значыць, паранармальным аб'ектам, створаным сілай думкі.

А пра тое, да чаго гэта прыводзіць, я распавяду ў наступным артыкуле.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: