Чаму царква маўчыць, калі святароў кідаюць за краты?

Тэолаг Наталля Васілевіч лічыць, што «ва ўлад няма чырвоных ліній, могуць пасадзіць нават біскупа, і няма хваляванняў, што скажа на гэты конт грамадства».

_belarus_minsk_czyrvony_kascjol_vosen_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3_.jpg

Палітзняволены святар Уладзіслаў Багамольнікаў, які адбыў сем арыштаў запар і правёў на Акрэсціна больш як 100 содняў, стаў фігурантам крымінальнай справы — яго абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Раней святару Сяргею Разановічу і ягонай сям’і прысудзілі па «справе Аўтуховіча» ад 15 да 19 гадоў калоніі.

І гэта без уліку тых шматлікіх святароў і вернікаў розных канфесій, хто быў арыштаваны, атрымліваў «суткі», вымушана з’ехаў з Беларусі.

На гэтым тле заявы прадстаўнікоў Беларускай праваслаўнай царквы, у прыватнасці, пратаіерэя Фёдара Поўнага — барацьба з «чужынскімі» дзіцячымі цацкамі, прапановы рэфармаваць школьную адукацыю, каб трансляваць дзецям «правільныя каштоўнасці», і стварыць у Беларусі новую навуку, якая «ўзвышала» б дзяржаву і народ — выглядаюць, мякка кажучы, дзіўна.

Чаму БПЦ яскрава маўчыць, калі святары трапляюць пад рэпрэсіі і ціск з боку ўлад, што адбываецца ў краіне з царквой і верай і ці ператворыцца факультатыў па асновах духоўнасці ў новы школьны прадмет? Гэтыя і іншыя пытанні «Филин» абмеркаваў з багасловам, палітолагам і юрысткай Наталляй Васілевіч.

natalia_vasilevich.jpg


— БПЦ цікавіцца падрастаючым пакаленнем, навукай, чым заўгодна, але не рэагуе на арышты і пераслед святароў — чым гэта можна патлумачыць?

— Насамрэч да падрастаючага пакалення царква асаблівай цікавасці не праяўляе. Адукацыя ў школах — гэта несістэматычная праца, накіраваная на фарміраванне асобы, якая можа навучыць адрозніваць дабро ад зла, такой працы БПЦ не вядзе альбо вядзе кропкава, у асобных прыходах.

Што датычыць адсутнасці публічных заяў пра пераслед, то перш хачу вярнуцца да гісторыі 2020 года, калі ў Беларускай царкве знайшліся біскупы і святары, якія выступілі супраць гвалту, супраць фальсіфікацый. На жаль, усе гэтыя выступленні скончыліся наступам на царкву, фактычна кіраўніцтва царквы было зменена, а хто нейкім чынам выказваўся, тым пагражалі.

Сёння кіраўніцтва БПЦ — цалкам лаяльнае да дзеючых улад і лічыць, што нічога страшнага не адбываецца.

У царкве ёсць тры пазіцыі: адныя стаяць цалкам на баку ўлад і лічаць, што тыя, каго рэпрэсуюць, самі вінаватыя, бо выступаюць супраць улады і з’яўляюцца «дэструктыўнымі элементамі», якіх трэба перавыхоўваць сілай дзяржапарату, тым мячом, які начальнік пры сабе носіць.

Яшчэ адна пазіцыя — гэта пазіцыя ігнаравання, заплюшчвання вачэй на пакуты людзей, на вайну, на ўціск, на несправядлівасць, выбар жыць сваімі ўласнымі праблемамі, сваім уласным духоўным жыццём — як у прытчы пра добрага самараніна: мінакі (святар і законнік) абмінулі збітага вандроўніка, які ляжаў на дарозе абрабаваны, бо гэта «не іх справа».

Ну і вядома, натуральны інстынкт самазахавання — страх тых людзей, у каго ёсць сумленне і хто бачыць, што адбываецца, адчувае ўсю трагічнасць сённяшняй сітуацыі ў Беларусі, але ўзровень рэпрэсій настолькі вялікі, што дзейнічаць публічна — гарантавана патрапіць пад «асфальтаўкладчык».

Таму гэтыя апошнія дзейнічаюць там, дзе яшчэ застаюцца магчымасці для дзеяння, схавана, непублічна, і ўсё роўна рызыкуюць, проста не «нарываюцца» адкрыта.


— Тады, у 2020-м, мы бачылі, як пасля пэўных дзеянняў, перамоў і заступніцтва вышэйшых дзеячаў царквы, напрыклад, гісторыя з Тадэвушам Кандрусевічам скончылася адносна добра. Ці можа хто-небудзь цяпер зрабіць штосьці падобнае для айца Уладзіслава Багамольнікава, іншых палітзняволеных святароў і вернікаў?

— Цяпер у нас ужо амаль дзве тысячы палітвязняў, дзясяткі тысяч беларусаў з 2020 года прайшлі праз здзекі і катаванне на Акрэсціна і ў іншых падобных месцах, несправядлівыя арышты, брутальныя затрыманні.

На жаль, у беларускім грамадстве няма цяпер сілы, якая магла б спыніць гэты гвалт і беззаконне. У тым ліку і царква не з’яўляецца такой сілай, у якой было б дастаткова ўнутранага рэсурсу, уплыву на дзяржаву, смеласці і адвагі для таго, каб гэта зрабіць. Грамадзянская супольнасць цяпер разгромленая.

Цэрквы ў Беларусі знаходзяцца ў такім жа стане, як і ўсё астатняе грамадства: яны вымушаны сядзець цішком, падпарадкоўвацца загадам, быць пад пастаянным кантролем, а рабіць штосьці могуць толькі партызанскімі метадамі, прыхавана.

Уладзіслаў Багамольнікаў — гэта ж таксама царква. Нават не «таксама» — цяпер ён і ёсць галоўны твар беларускай царквы, царквы, якая пакутуе з людзьмі.

Ён заставаўся сумленным чалавекам, пры гэтым не рабіў ніякіх публічных заяў, не выступаў у СМI, у яго нават фотаздымка якаснага няма, каб ілюстраваць яго гісторыю.

Але ён усё роўна сваімі маленькімі справамі, у сваім маленькім полі, на сваёй дзялянцы аказаўся «небяспечным» для ўлады, настолькі, што ўладзе спатрэбілася закрыць яго ў турме, каб з ім не было ніякай сувязі і каб яго самога маральна зламаць і пакараць пакутамі і невыноснымі ўмовамі.

Цяпер уся грамадзянская супольнасць, усё грамадства заціснута, знаходзіцца пад прэсам, сёння няма таго нават нейтральнага поля ўнутры Беларусі, дзе больш ці менш бяспечна было б выступіць у абарону іншых, каб самім не апынуцца за кратамі.

Але нават маленькія, незаўважныя публічна дзеянні таксама маюць значэнне — і ўлады баяцца іх, лічаць небяспечнымі для сябе.


— Таму перыядычна становіцца вядома пра новыя затрыманні святароў ці пра адхіленне кагосьці з іх ад працы за антываенныя пропаведзі… Ці можна казаць пра крызіс царквы і, магчыма, нават крызіс веры ў Беларусі?

— Я не думаю так. Сам факт таго, што святароў саджаюць і вернікаў саджаюць (мы як група «Хрысціянская візія» вядзём маніторынг і бачым, што вельмі вялікая колькасць вернікаў за кратамі), значыць, што яны не маўчаць і не падпарадкаваліся несправядлівасці і гвалту.

Прынамсі, сама ўлада чуе іхні голас, чуе, што ёсць пратэст, не абавязкова палітычны, а пратэст хрысціянскага сумлення — і гэта на яе балюча дзейнічае. Бо калі б уладзе было проста ўсё роўна, яна б не кідала гэтых людзей за краты.

З аднаго боку, згаджаецца Наталля Васілевіч, публічная пазіцыя беларускіх цэркваў —  і праваслаўнай, і каталіцкай — не гучыць так моцна, як гучала ў 2020-м, але ва ўмовах рэпрэсій асобныя людзі і суполкі ўсё адно стараюцца штосьці рабіць, каб дапамагчы тым, каго пераследуюць, сказаць словы суцяшэння, падтрымкі і праўды:

— Проста гэта не атрымліваецца сказаць гучна, мы нібыта сядзім у забетанаваным мяху і наш голас, як сігнал wi-fi, не прабіваецца праз сутарэнні на волю. І гэты голас ледзь чутны, бо вялікія пагрозы і рызыкі пераследу.


— Штосьці ўсё ж атрымліваецца рабіць справамі, напрыклад, паказальным падаецца ўчынак Уладзіслава Завальнюка, які ўладкаваўся дворнікам, каб усё адно быць паблізу Чырвонага касцёла, нават калі там нельга праводзіць службы.

— Так, гэта знакавая гісторыя. Ён малайчына, што знайшоў пэўны, няхай і такі экстравагантны, спосаб засведчыць сваю незадаволенасць, некалькі дзён працаваў дворнікам і прыцягнуў медыйную ўвагу і ўвагу грамадскасці да касцёла і сітуацыі. Але ж у выніку ўлады каталіцкай царквы назначылі дадатковага адміністратара ў парафію, які і павінен весці перамовы з уладамі — то-бок ксяндза Завальнюка адхілілі ад дыялогу наконт Чырвонага касцёла.

Цяперашняму царкоўнаму кіраўніцтву таксама прасцей працаваць з прадказальнымі людзьмі, якія не будуць выкідваць нейкія экстравагантныя рэчы, што могуць раз’юшыць улады, бо будуць інтэрпрэтаваны як пратэст.

У нейкім сэнсе царкоўныя ўлады таксама можна зразумець: у сітуацыі падвышанага ціску вельмі цяжка ісці на дадатковыя канфлікты з уладамі. Цяпер у гэтым супрацьстаянні ўладай задзейнічаны ГУБАЗіКі, яны паказваюць, што няма чырвоных ліній і што любога могуць пасадзіць, нават біскупа, і няма хваляванняў, што скажа на гэты конт грамадства.



Хто мог падумаць пэўны час таму, што адабранне Чырвонага касцёла наогул можа адбыцца? Але ж адбылося. Улады працягваюць наступаць на грамадскасць і спрабуюць ажыццявіць той націск, які дазволіць ім максімальна кантраляваць сітуацыю, і кожны крок у адказ з боку цэркваў робіцца яшчэ больш цяжкім, бо поле для дзейнасці звужаецца, застаецца літаральна маленькі лапік прасторы, заціснутай з усіх бакоў. І паўплываць на сітуацыю не атрымліваецца ані ў дэмакратычных сіл, ані ў заходніх палітыкаў шляхам нейкіх перамоў, прастора застаецца кантраляванай рэжымам — не толькі Лукашэнкі, але і расійскім.

— Але ж ёсць і адваротныя прыклады — супрацоўніцтва царквы з уладамі. Другі год запар у беларускіх школах існуе факультатыў пра духоўнасць і патрыятызм, нават вядуцца размовы пра рэформы ў адукацыі, каб дадаць у яе рэлігійны складнік і праводзіць «правільныя каштоўнасці». На ваш погляд, што з гэтага атрымаецца?

— Дыскусіі на гэты конт вядуцца ўжо дваццаць гадоў, але вялікіх зрухаў не адбываецца. Калісьці быў такі Анатоль Рубінаў у адміністрацыі Лукашэнкі, які ў 2006-м, калі не памыляюся, у газеце «Советская Белоруссия» выступіў з праграмным артыкулам: дзяржава і рэлігія — канкурэнты, і чым большы ўплыў мае рэлігія ў грамадстве, тым меншы ўплыў дзяржінстытутаў.

А царква да таго ж паказала, што можа доўга маўчаць, нібы не мае голасу, як рабіла гэта да 2020 года, а потым у нейкі момант спрацоўвае трыгер і высвятляецца, што ў многіх бацюшак прыхаваныя бел-чырвона-белыя сцягі ляжалі адпрасаванымі, і вось ужо яны разам з вернікамі спяваюць на вуліцах «Магутны Божа».


У прынцыпе, гэтыя людзі — непадкантрольныя дзяржаве: ты не можаш паставіць бацюшку выкладаць, а да яго яшчэ дадаткова ідэолага прыставіць, каб слухаў, што той бацюшка гаворыць.

Таму пускаць нейкіх «левых» людзей і ў школы, і ў любыя іншыя месцы ўлада лічыць небяспечным. Думаю, у асобных месцах такія факультатывы будуць працягвацца, але сістэмнага характару гэта не набудзе, бо дзяржава не давярае царкве, як і нікому ў грамадстве.

Паводле gazetaby.com