Біскуп Касабуцкі: «Чырвоны касцёл быў пабудаваны, каб там гучала Божае Слова»
У чацвер, 13 кастрычніка, у 175-ю гадавіну з дня нараджэння Эдварда Вайніловіча, фундатара касцёла святога Сымона і святой Алены ў Мінску, у кафедральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбылася святая імша, дзе маліліся ў тым ліку і за аднаўленне рэлігійнага жыцця ў Чырвоным касцёле.
![2022_10_13_katedra_008.jpg 2022_10_13_katedra_008.jpg](/img/v1/images/2022_10_13_katedra_008.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Увечары 13-га кастрычніка біскуп Касабуцкі адправіў святую імшу аб хутчэйшай беатыфікацыі фундатара касцёла — Эдварда Вайніловіча і аб аднаўленні рэлігійнага жыцця ў храме святых Сымона і Алены. На літургіі сабраліся таксама вернікі гэтай парафіі і ксёндз Уладзіслаў Завальнюк.
Біскуп падчас імшы сказаў, што Эдвард Вайніловічі пакінуў вялікі след у гісторыі нашай краіны. «Не толькі ў гісторыі Каталіцкага Касцёла: гэта чалавек, які сапраўды пакінуў вялікі след для людзей розных канфесій, рэлігій, поглядаў. Цяпер адбываецца беатыфікацыйны працэс — працэс прызнання яго дабраслаўлёным, і мы молімся праз яго заступніцтва аб патрэбных ласках, аб патрэбных цудах.
![Эдвард Вайніловіч: Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх Эдвард Вайніловіч: Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх](/img/v1/images/eduard_vajnilovicz__1__logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Асабліва сёння мы молімся аб ласцы хутчэйшага вяртання да нармальнага функцыянавання Чырвонага касцёла, які быў пабудаваны цалкам на сродкі Эдварда Вайніловіча: ён быў фундатарам гэтай святыні.
Не толькі фундатарам, але і арганізатарам будовы. Мы асаблівым чынам молімся аб гэтай ласцы хутчэйшага вяртання ў святыню, каб дзверы гэтай святыні былі шырока адчынены і чакалі вернікаў».
Біскуп Касабуцкі адзначыў: «Чырвоны касцёл быў пабудаваны продкамі, каб там гучала Божае Слова, а не каб ён стаяў з зачыненымі дзвярыма на галоўным пляцы нашага горада».
![2022_10_13_katedra_002.jpg 2022_10_13_katedra_002.jpg](/img/v1/images/2022_10_13_katedra_002.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
![Чырвоны касцёл — «расаднік беларускасці» Валерый Карбалевіч: У вачах рэжыма Чырвоны касцёл — «расаднік беларускасці»](/img/v1/images/ppc_01_redchurch_popup_04.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
«Імша з нагоды 175-годдзя нараджэння Вайніловіча павінна прыносіць нейкі духоўны ўздым, але ў многіх з вас на вачах слёзы. У нас баліць сэрца ад таго, што пакуль не можам маліцца ў тым храме ў якім павінна была б па логіцы адбыцца гэта святая імша. Але Бог ведае, што робіць», — сказаў біскуп.
Таксама Касабуцкі падкрэсліў салідарнасць святароў і біскупаў з парафіянамі закрытага касцёла: «Ксёндз Уладзіслаў, на здымках, якія былі апублікаваны ўчора, падаецца, што вы адзін. Але вы не адзін. Можа быць, мы не заўсёды фізічна з вамі, але духоўна мы з вамі. Мы молімся за вас, мы падтрымліваем вас. Вы ведаеце таксама, якія захады робяцца ў гэтым кірунку».
![Католікі развітаюцца з Чырвоным касцёлам Католікі развітаюцца з Чырвоным касцёлам](/img/v1/images/photo_2022_10_12_08_33_41.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Паводле Хрысціянскай візіі, catholic.by