ПЦУ: Кірыл Гундзяеў свой выбар на карысць антыхрыста ўжо зрабіў

Царкоўная вайна. Канец Маскоўскаму Патрыярхату ва Украіне? Кіраўнік Праваслаўнай царквы Украіны Мітрапаліт Епіфаній нагадаў, што Патрыярх Кірыл з'яўляецца адным з творцаў ідэалогіі "рускага свету", яе прапагандыстам і папулярызатарам.

РПЦ падтрымлівае вайну ў Украіне

РПЦ падтрымлівае вайну ў Украіне

Праваслаўная царква Украіны (ПЦУ) просіць Усяленскага Патрыярха пазбавіць пасады кіраўніка Рускай праваслаўнай царквы Кірыла — Уладзіміра Гундзяева, таму што той дабраслаўляў расійскае ўварванне ва Украіну, паведамляе korrespondent.net.

Услед за адмовай ад расійскіх помнікаў і назваў вуліц з пачаткам вайны Украіна спрабуе адмовіцца і ад Рускай праваслаўнай царквы. Прадстаяцель РПЦ Кірыл ухваляе маладых расіян, што ў шэрагах арміі РФ ідуць забіваць украінцаў.

Мітрапаліт Праваслаўнай царквы Украіны Епіфаній заяўляе, што прадстаяцель Рускай праваслаўнай царквы Кірыл зрабіў выбар на карысць антыхрыста.

"Гаворка ідзе пра дабро і зло як такое пра ўласны выбар для кожнага: ты з Богам ці з д'яблам? Кірыл Гундзяеў свой выбар на карысць спраў антыхрыста ўжо зрабіў. Заклікаю тых, хто да гэтага часу лічыць яго сваім пастырам — адкрыйце вочы, паглядзіце на атрутныя плады яго вучэння, аддаліцеся ад беззаконнага, не будзьце далей яго саўдзельнікамі!" — заклікае Епіфаній.


Паводле яго слоў, ідэалогія "рускага свету" з'яўляецца тым жа, чым ідэалогія нацызму, таму што апраўдвае гвалт, забойства, вайну і генацыд, а таму павінна быць адпрэчаная і асуджаная гэтак жа, як асуджаны нацызм.

"Стваральнікамі і праваднікамі гэтай злачыннай ідэалогіі з'яўляюцца кіраўнік Маскоўскай Патрыярхіі Кірыл Гундзяеў і ягоныя паплечнікі. Ён разам з падначаленымі не толькі ўсяляк распальваў гэтае вогнішча, але і адкрыта, ад імя Бога і царквы, хлуслівымі вуснамі даблаславіў катаў і забойцаў на іх чорную справу", — адзначыў кіраўнік ПЦУ.

Праваслаўная царква Украіны просіць Усяленскага Патрыярха пазбавіць Гундзяева пасады.

"Архірэйскі сабор ПЦУ звярнуўся да Усяленскага Патрыярха і прадстаяцеляў памесных аўтакефальных цэркваў з просьбай асудзіць духоўныя злачынствы Кірыла і пазбавіць яго пасады, у прыватнасці на падставе распаўсюджвання ерэтычнага этнафілетычнага вучэння аб "рускім свеце" і распаўсюджвання схізмы сярод праваслаўных (беспадстаўнага разрыву эўхарыстычнага яднання і стварэнне епархій РПЦ у межах Александрыйскага Патрыярхату)", — заявіў мітрапаліт.

Епіфаній нагадаў, што Патрыярх Кірыл з'яўляецца адным з творцаў ідэалогіі "рускага свету", яе прапагандыстам і папулярызатарам. Паводле яго слоў, сама гэтая ідэалогія падпадае пад асуджэнне этнафілетызму як ерасі Канстанцінопальскага сабора 1872 года. Адпаведна, на думку Епіфанія, Кірыл Гундзяеў як сустваральнік і прапагандыст "рускага свету" павінен быць асуджаны, калі не адрачэцца ад гэтай ерасі і не пакаецца.

Кіраўнік ПЦУ таксама заклікаў прадстаяцеляў іншых памесных цэркваў асудзіць словы і дзеянні маскоўскага патрыярха Кірыла, які з амбона падтрымлівае кровапралітную вайну супраць Украіны.