«Вінаваты Дзярждэп». У РПЦ пракаментавалі адлучэнне УПЦ ад Масквы
У РПЦ адрэагавалі на рашэнне Сабора Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата аб поўнай незалежнасці. Першы намеснік старшыні Сінадальнага аддзела Маскоўскага патрыярхата па ўзаемаадносінах Царквы з грамадствам і СМІ Аляксандр Шчыпкоў лічыць, што на такі крок УПЦ падштурхнуў Дзярждэпартамент ЗША. І што рашэнне Сабора — ні што іншае, як раскол і аб'яўленне аўтакефаліі.
«УПЦ МП ухілілася ў раскол. Усе кананічныя нормы парушаны.
Аб'ява поўнай самастойнасці — гэта абвяшчэнне аўтакефаліі. Мітрапаліт Ануфрый
не выкарыстоўвае тэрмін «аўтакефалія». Але абвяшчае пра «аднаўленне міраварэння
ва Украінскай Праваслаўнай Царкве». Міраварэнне — галоўная прыкмета
аўтакефальнасці, — упэўнены Шчыпкоў. — 27 траўня 2022 года Украінская
праваслаўная царква знікла. Заказчык — Дзярждэпартамент ЗША».
Кіраўнік аддзела знешніх царкоўных сувязей Маскоўскага
патрыярхата мітрапаліт Валакаламскі Іларыён у сваю чаргу запэўнівае, што РПЦ
працягвае ўмацоўваць і захоўваць адзінства з УПЦ. Аднак, паводле яго слоў, УПЦ «не залежыць ад Масквы ні адміністрацыйна, ні фінансава, ні ад
якіх-небудзь яшчэ адносінаў».
«Учорашнімі рашэннямі УПЦ яшчэ раз засведчыла, што яна
з'яўляецца цалкам самакіравальнай, што яе царкоўны цэнтр знаходзіцца не ў
Маскве, а ў Кіеве», — дзеліцца меркаваннем іерарх.
Кіраўнік Сінадальнага аддзела па ўзаемаадносінах Царквы з
грамадствам і СМІ Маскоўскага патрыярхата Уладзімір Легойда запэўнівае, што РПЦ
не атрымлівала нейкіх паведамленняў ад УПЦ і працягвае маліцца аб захаванні
адзінства і аб спыненні кровапраліцця.
«Украінская праваслаўная царква знаходзіцца ў вельмі
цяжкім становішчы і адчувае ціск з розных бакоў: з боку ўладаў, раскольнікаў,
нацыяналістычна настроеных прадстаўнікоў пэўнай часткі грамадскасці, з боку
сродкаў масавай інфармацыі», — гаворыць Легойда.
Ён лічыць, што ў «у сітуацыі, калі знешнія сілы
спрабуюць разбурыць адзінства Рускай праваслаўнай царквы», каментаваць
рашэнні, якія прымаюцца «ў самакіравальнай Украінскай праваслаўнай царкве
ў вышэйшай ступені безадказна».
Сабор УПЦ МП, на якім абмяркоўваліся пытанні царкоўнага
жыцця, якія ўзніклі з пачаткам вайны ва Украіне, заявіў, што асуджае вайну як
парушэнне Божай запаведзі «Не забі!». УПЦ звярнулася да ўладаў
Украіны і Расіі з просьбай працягваць перамовы.
Таксама
Сабор УПЦ выказаў нязгоду з пазіцыяй Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла
наконт вайны ва Украіне. У Статут УПЦ былі прынятыя праўкі, якія сведчаць аб яе
поўнай самастойнасці і незалежнасці.
Паводле «Еўрарадыё».