«Білі прыкладам, душылі пятлёю, прымянялі абцугі». Ва Украіне расказалі пра катаванні азоўцаў у палоне РФ
Украінскі амбудсмен Людміла Дзянісава распавяла пра здзекі расійцаў з украінскіх ваеннапалонных, у тым ліку жанчын. Пра гэта распавялі вызваленыя з палону абаронцы, якія цяпер знаходзяцца на лячэнні. Большасць з іх былі ўзятыя ў палон пад Марыупалем, піша unian.net.
Паводле словаў Людмілы Дзянісавай, з асаблівай жорсткасцю катаванні ўжываліся да афіцэрскаму складу і байцоў палка «Азоў». Падчас допытаў украінскіх ваеннапалонных ставілі на калені, білі прыкладам ад аўтамата па пальцах ног і адкрытых ранах, ужывалі абцугі, закідвалі пятлю на шыю і душылі. Акрамя таго, катавалі электратокам, збівалі дубінкамі і нагамі.
Украінскія вайскоўцы
паведамілі, што расійцы ім уводзілі невядомыя прэпараты на літару «М», пасля чаго яны гублялі прытомнасць і гублялі памяць.
Акупанты прымушалі ўкраінскіх
жаўнераў вучыць верш «Простите нас, родные россияне», гімн РФ,
гісторыю стварэння герба і сцяга РФ, інакш ужывалі катаванні.
Украінскія жанчыны-ваеннапалонныя, якія ўтрымліваліся ў
Данецкім СІЗА, распавялі, што ў камерах, разлічаных на 2-3 чалавекі, іх
знаходзілася не менш 17-20. Замест санвузла — вядро. Жанчыны былі пазбаўленыя
сродкаў гігіены і магчымасці памыцца. На іх аказваўся псіхалагічны ціск — на іх вачах жорстка збівалі ўкраінскіх палонных мужчын. Таксама палонніц
прымушалі да палавых актаў.
Украінцам не давалі ваду,
усяго 1,5 літра на 30-40 чалавек, абмяжоўвалі ў харчаванні. Дзённы рацыён
складаўся з кавалка хлеба і сала. Часам, даючы мяса, рашысты здзекаваліся і
казалі, што яно «чалавечае».
Нагадаем, што падчас штурму Марыупаля войскамі РФ абаронцы горада занялі сутарэнні металургічнага камбіната «Азоўсталь». Калі ў іх амаль скончыліся харчаванне і боепрыпасы, а таксама медыкаменты для лекавання параненых, яны з дазволу вышэйшага кіраўніцтва Украіны здаліся ў палон. Украінскі бок спадзяецца, што палонных абаронцаў Марыупаля (акрамя азоўцаў, у іх ліку таксама марпехі, памежнікі і іншыя вайскоўцы) атрымаецца абмяняць на паланёных расійскіх жаўнераў.