Палітолаг: Беларусі добра б разабрацца, колькі суверэнітэту засталося і колькі аддадзена пражэрліваму суседу

Праз тры месяцы пасля пачатку вайны, якая, па логіцы Уладзіміра Пуціна, павінна была не дапусціць пашырэнне ваеннага ўплыву Паўночнаатлантычнага альянсу, у НАТО падалі заяўку яшчэ дзве краіны. Што значыць ўступленне Фінляндыі і Швецыі ў ваенны блок Захаду для самой арганізацыі, Расіі і Беларусі?

shmatina2_26.jpg

Пра гэта і не толькі ў інтэрв'ю «Позірку» з Таццянай Каравянковай распавяла палітолаг і спецыяліст па знешняй палітыцы Кацярына Шмаціна.

— Гэта азначае тое, што НАТО атрымала яшчэ адзін імпульс, каб стаць больш рэлевантнай структурай, — лічыць эксперт. — Апошнія гады была шырокая дыскусія сярод краін-удзельніц менавіта з нагоды рэлевантнасці гэтай арганізацыі. То-бок наколькі можна сапраўды разлічваць на калектыўныя дзеянні, у тым ліку, на той жа пяты артыкул аб сумесным ваенным адказе і сумеснай абароне ў выпадку чаго.

І былі апытанні грамадскай думкі. Дапусцім, паўднёвых краін ЕС або грамадскай думкі ў ЗША, маўляў, «навошта нам трэба на ўсходняй мяжы ўмешвацца ў нейкую патэнцыйную вайну з Расіяй, вайны і агрэсіі з боку Пуціна не будзе, навошта павялічваць бюджэтныя выдаткі кожнай з краін і іншае».

І я нават ўспамінаю мінулы год і экспертныя дыскусіі і канферэнцыі, дзе гаварылася, што наогул, можа быць, НATO варта ўжо думаць аб якіх-небудзь кліматычных пагрозах, або, скажам, аб тым, каб змагацца са змяненнем клімату. Наколькі такая хардкор-бяспека і мілітарысцкі дыскурс будзе доўга заставацца ў фокусе НАТО?

Але, дзякуючы дзеянням Крамля, за апошнія месяцы фокус памяняўся і ўсе зразумелі, што сапраўды гэтыя гады пагроза Расіі была рэальнай, як пра гэта і казалі краіны Балтыі і Польшча.

А Беларусі добра б спачатку разабрацца з пытаннем свайго суверэнітэту і колькі яго засталося ўнутры краіны, а не аддадзена свайму пражэрліваму ўсходняму суседу.

І я падкрэслю, што беларускі крызіс, відавочна, не развязаўся за гэты час, і дзякуючы вайсковаму канфлікту Беларусь усё больш уцягнутая ў варонку расійскага ўплыву і геапалітычных апетытаў.

Тыя дыскурсы ў Крамлі, якія гучалі пару гадоў у дачыненні да Украіны. У тым ліку эсэ Пуціна, якое ён летась апублікаваў «аб гістарычным адзінстве народаў». Яно было прысвечана таму, што Украіна нікуды не можа сысці ад славянскага братэрства, а Беларусі там наогул адводзіцца маргінальная роля пра тое, што ўся гісторыя ВКЛ — гэта штосьці няіснае, і Беларусь гэта частка Расіі.

Таму, вядома, пасля пачатку вайны натаўскі блок рыхтуецца да пашырэння, і ўмацоўваецца яго ваенная моц.

Вяртаючыся да Беларусі, хачу сказаць, што мы танчым вакол адных і тых жа баранаў. Гэта пытанне суверэнітэту, пытанне залежнасці ад Масквы, адпаведна пытанне далейшай канфрантацыі з Захадам.

Была рыторыка Лукашэнкі аб пашырэнні расійскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі, і былі фразы пра тое, што ён можа размясціць і ядзерную зброю. Таксама можна ўспомніць і пра Астравецкую АЭС, і пра тое, што збіраліся будаваць яшчэ адну АЭС на тэрыторыі краіны і зноў за расійскія грошы.

І гэта тое, аб чым кажа Літва. АЭС — гэта геапалітычны праект Крамля, і ў першую чаргу ён нясе рызыкі па бяспецы, а не столькі вырашае пытанні энергазабеспячэння Беларусі.

А што тычыцца АДКБ як адказу НАТО, я ўспомню кейс Казахстана, які ўваходзіць у гэтую арганізацыю і напярэдадні іх саміту заявіў, што ніяк не будзе ўмешвацца ў працэс нівеліравання эфекту санкцый у дачыненні да Расіі і Беларусі. Гэта значыць, паглыбляцца ў гэтым кірунку яны не маюць намеру. Як мы бачым, нават краіны-ўдзельніцы не вельмі рвуцца супрацоўнічаць у рамках АДКБ.

Цяпер, калі Расія становіцца ўсё больш таксічнай на сусветнай арэне і нясе эканамічныя страты, пытанне ў тым, якімі яшчэ «плюшкамі» яна можа запалохаць або матываваць краіны ў сваім рэгіёне, нават такія ж аўтарытарныя дзяржавы.

Паводле «Салідарнасці».