Мінгарвыканкам забараніў вернікам маліцца каля Чырвонага касцёла
І ў зашклёнай галерэі касцёла маліцца таксама нельга.
![Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева](/img/v1/images/_belarus_minsk_horad_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева
Вернікі каталіцкага Касцёла прасілі ў мінскіх уладаў дазволу маліцца каля Чырвонага касцёла або ў яго зашклёнай галерэі. У адказе на гэты зварот першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Мікулёнак заявіў, што пасля пажару ў касцёле павінны быць праведзеныя «неабходныя мерапрыемствы» — тым самым забараняючы правядзенне любых малітваў у будынку касцёла або побач з ім. Пра гэта паведаміла «Св*бода».
Таксама чыноўнік прыгразіў, што набажэнствы каля касцёла будуць расцэненыя як масавыя мерапрыемствы. Тым часам Закон «Аб масавых мерапрыемствах» забараняе правядзенне масавых мерапрыемстваў, у тым ліку рэлігійных, толькі на адлегласці менш за 200 метраў ад будынка Савета Міністраў РБ.
![Чырвоны касцёл — «расаднік беларускасці» Валерый Карбалевіч: У вачах рэжыма Чырвоны касцёл — «расаднік беларускасці»](/img/v1/images/ppc_01_redchurch_popup_04.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Нагадаем, уначы 26 верасня ў касцёле Святых Сымона і Алены ў Мінску здарыўся пажар. Прычынай здарэння нібыта стала ўзгаранне электраправодкі. На пачатку кастрычніка стала вядома, што беларускія ўлады забіраюць у вернікаў касцёл святых Сымона і Алены. Чыноўнікі скасавалі дамову на карыстанне касцёлам, заключаную КУП «Мінская спадчына» з суполкай «Рымска-каталіцкая парафія Святога Сымона і святой Алены». На імя ксяндза-пробашча Уладзіслава Завальнюка прыйшоў афіцыйны ліст з патрабаваннем вызваліць касцёл і плябанію (суседні са святыняй будынак, у якім жывуць святары) да 12 кастрычніка, з прычыны «немагчымасці яго эксплуатацыі».
Вернікі звярталіся таксама да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай вырашыць канфліктную сітуацыю.