Праваабаронцы: за кастрычнік у Беларусі прысудзілі агулам 425 гадоў пазбаўлення волі

Праваабарончы цэнтр «В*сна» апублікаваў статыстыку па рэпрэсіях за кастрычнік.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Прынамсі 114 чалавек былі асуджаныя па палітычных матывах у кастрычніку, з іх 36 — жанчыны, 78 спраў тычацца мужчын. Такія лічбы прыводзяць праваабаронцы «В*сны». Больш за 65% прысудаў па гэтых справах — пазбаўленне волі.
Агулам статыстыка палітычнага пераследу за кастрычнік выглядае так:

  • 425 гадоў і 8 месяцаў пазбаўлення волі ў дачыненні да 77 чалавек;
  • 15 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія») у дачыненні да 7 чалавек;
  • 67 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») у дачыненні да 27 чалавек;
  • 4 месяцы арышту ў дачыненні да 2 чалавек;
  • 100 базавых велічынь штрафу на суму 3200 рублёў у якасці асноўнага пакарання ў дачыненні да аднаго чалавека;
  • 12 120 базавых велічынь штрафу на суму 387 840 рублёў у якасці дадатковага пакарання для 27 чалавек — разам з пазбаўленнем (для 26 асуджаных) і абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову (для аднаго чалавека);
  • 10 гадоў пазбаўлення права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў у дачыненні да 2 чалавек — разам з пазбаўленнем волі кожнаму;
  • Пазбаўленне воінскага звання «старшы прапаршчык у адстаўцы» ў дачыненні да 1 чалавека — разам з пазбаўленнем волі;
  • Прымусовыя меры бяспекі і лячэння ў выглядзе прымусовага лячэння ад хранічнага алкагалізму па месцы адбывання пакарання ў дачыненні да 1 чалавека — нароўні з пазбаўленнем волі.



У параўнанні з вераснем, на траціну вырасла колькасць палітычна матываваных спраў у дачыненні да жанчын (у верасні іх было 23, у кастрычніку — 36), на 16% знізілася колькасць выпадкаў затрыманняў мужчын (78 у кастрычніку, 91 — у верасні). Расце колькасць і вынесеных прысудаў з пазбаўленнем волі (425 гадоў агулам у дачыненні да 77 чалавек у кастрычніку, 412 гадоў у дачыненні да 79 чалавек  — у верасні), гэтая ж тэндэнцыя тычыцца і сумы штрафаў (10 400 базавых велічынь, або 332 800 рублёў, у верасні; 12 120 «базавых», 387 840 рублёў — у кастрычніку).