Настаўнікаў усё менш — лічбы. А хто дзяцей вучыць будзе?
Тэлеграм-канал «Нашы грошы» аналізуе свежыя звесткі ад Белстата пра прынятых на працу і звольненых жыхароў Беларусі. У беларускай адукацыі ўсё сумна.
З 2016 года мы бачым, як беларуская сістэма адукацыі вядзе напружаную і беспаспяховую вайну за кадры. Да моманту, калі з універсітэтаў і інстытутаў выпускаюць свежую партыю спецыялістаў, якія атрымалі дыплом, дзякуючы размеркаванню літаральна за пару месяцаў восені ў галіну прыцягваецца пад дзесяць тысяч маладых спецыялістаў, якімі латаюць дзіркі ў штатных раскладах школ.
Але з заканчэннем прыходу «навабранцаў» аднаўляюцца ўцёкі настаўнікаў з прафесіі. І ўцёкі гэтыя значна перакрываюць восеньскі прыток. І так, крок за крокам, непрыкметна, наша сістэма адукацыі спускаецца па лесвіцы сваіх магчымасцей усё ніжэй і ніжэй. Што ні год — страты, якія будзе вельмі цяжка папоўніць. Што ні рэформа — недарэчнасць, якую будзе вельмі складана выправіць.
Так, напрыклад, са снежня 2021 года па жнівень 2022-га 18,3 тысячы чалавек сышло са сферы адукацыі. Пры гэтым прыток выпускнікоў ВНУ (у асноўным размеркаваных) у верасні 2022-га склаў толькі 10,2 тысячы. Цалкам верагодна, невялікі рост будзе адзначаны і за кастрычнік, але ён ніяк не перакрые падзення. А пасля і да наступнай восені — ужо традыцыйна толькі ўніз.
Тут трэба ўспомніць, што ўсяго ў беларускай сферы адукацыі занята каля 440 тысяч чалавек, і страта 2% спецыялістаў толькі за 2021-2022 год — гэта вельмі трывожная тэндэнцыя. Асабліва калі ўлічыць, што яна паўтараецца раз ад разу ўжо шмат гадоў запар, і з кожным годам становіцца толькі горш.
Як жа школы, сады і ўніверсітэты вытрымліваюць усе ўзрастаючую нагрузку? Тут мы можам акрэсліць адразу некалькі тэндэнцый, якія ім «дапамагаюць». Па-першае, мы ўступілі ў перыяд «дэмаграфічнай ямы», дзяцей, якіх патрабуецца вучыць, сапраўды становіцца менш. Па-другое, гэтак жа «дапамагае» адчувальны адток беларусаў за мяжу. Многія з'ехалі не проста на заробкі, а забралі свае сем'і і не разлічваюць вяртацца.
Відавочна, паўплывае на адток беларусаў за мяжу і знішчэнне сістэмы прыватнай адукацыі, якая адбывалася апошнія некалькі месяцаў. Трэба разумець, што большасць бацькоў, дзеці якіх вучыліся ў прыватных школах, наўрад ці пагодзяцца на альтэрнатыву ў выглядзе дзяржадукацыі. Жаданне забяспечыць добрую адукацыю сваім дзецям цалкам можа стаць апошняй кропляй, якая пераважыць чашу вагаў у бок «час валіць».
Для нас жа, у Беларусі, пытанне «хто будзе вучыць нашых дзяцей?» яшчэ нядаўна здаваўся рытарычным. Але сёння праблема становіцца сапраўды рэальнай — хутка могуць наступіць часы, калі вучыць будзе практычна няма каму, а да тых, хто ўсё ж застанецца заняты ў адукацыі, будзе ўсё больш пытанняў у частцы кампетэнцый.