Яна належала да арганізацыі «Жыве Беларусь!»

«Верачка выкарыстоўвала кожную хвіліну, каб выхаваць мяне патрыётам. Калі мне і ўдалося здзейсніць нешта значнае, то толькі дзякуючы беларускасці Верачкі», — расказваў неяк Алесь Белакоз.

_cihi_supraciu__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1.jpg

Вера Белакоз нарадзілася 26 ліпеня 1921 года ў вёсцы Юраўляны Крынкаўскай гміны Сакольскага павета на Беласточчыне ў сялянскай сям’і. З дзяцінства выхоўваўся характар, яна была вельмі даверлівай, шчырай, уражлівай да няпраўды.

Аднойчы яе маці напякла аладак з грыкі. Вера сабрала дзяўчынак з вёскі і прапанавала: «Я вас пачастую смачнымі грычанікамі, а вы пачастуйце тым, што вам мама нарыхтавала на дзень». Дзяўчаты пагадзіліся. Вера раздала ўсім па дзве аладкі, хаця самой і сястры засталося па адной. А потым пайшлі да сяброўкі Валі. Але Валя забегла дамоў, зачыніла дзверы і нікога не ўпусціла ў хату. А сама села каля вакна і пачала есці крупнік. Вера папярэдзіла, што калі Валя зараз жа не пачастуе крупнікам дзяўчынак, так, як дамаўляліся, то яна паб’е шыбы ў вокнах. Але Валя дзвярэй не адчыніла. І ўсе шыбы былі пабіты. Бацька Веры Белакоз цэлы дзень шкліў вокны суседа.

Верачка Белакоз

Верачка Белакоз

Вера сапраўды была справядлівай. Алесь Белакоз прыгадваў, што Верачка часам пачастуе ўсіх смачнымі грушамі, то зварыць яйкі і ўсім раздасць, то грошай дасць бяднейшым, якія бацька прывёз з Амерыкі. А калі вучылася ў школе, дапамагала дома дзяўчатам і хлопцам па мове, па матэматыцы. Вось такою расла гэта Вера Белакоз.

Аднойчы было вельмі холадна. І маці Веры Белакоз пабаялася браць дзяцей у поле. Яна пакінула іх дома. Малая Вера знайшла сахарыну і шмат з’ела. З-за гэтага ў яе перастаў працаваць адзін з клапанаў сэрца. Пройдзе дзяўчынка 100–200 метраў — і задыхаецца. Прафесар адной з самых лепшых клінік Вільні сказаў бацькам, што Вера пражыве толькі да 18 гадоў, а пасля памрэ. Але гэта будзе пасля…

Скончыўшы школу, Вера Белакоз паступіла ў Віленскую беларускую гімназію. У Вільні ёй прапанавалі ўступіць у беларускую засакрэчаную арганізацыю «Жыве Беларусь!». І Вера пагадзілася. Дарэчы, у гэту арганізацыю запрасілі толькі 13 самых надзейных юнакоў і дзяўчат. Сярод іх была і Вера. У Вільні сябры арганізацыі «Жыве Беларусь» наладжвалі беларускія вечары, ставілі спектаклі, выпускалі лістоўкі. Калі Вера прыязджала на канікулы ў вёску Ляткі, куды пераехала іх сям’я, збіралася вакол яе мясцовая моладзь. У 1938 і 1939 гадах яна аднавіла ў Лятках Купалле. Юнакі і дзяўчаты вёскі і мясцовых вёсак і хутароў прыходзіла да Веры, каб разам паспяваць беларускія песні, паслухаць вершы, даведацца пра віленскія навіны.  

vuchn_v_lenskaj_belaruskaj_g_mnaz_sta_c_trecjaja_sprava_vera_belakoz_1938_g__logo_1.jpg

Вучні Віленскай беларускай гімназіі, стаіць трэцяя справа Вера Белакоз, 1938 г.

У пачатку 1941 года Вера Белакоз вярнулася дамоў і пакінула вучобу, бо даведалася, што іх сям’ю павязуць у Сібір. Але хутка пачалася вайна. І мясцовы люд нямецкую акупацыю сустрэў з радасцю, бо бальшавікі нікога не павязуць у Сібір, не пасадзяць у турмы, не расстраляюць, не загоняць у калгасы, на адбяруць зямлю, гумно, каня і кароў.

Неяк прыбеглі да Белакозаў мясцовыя юнакі Дзіма Жалезняковіч, Юра Пракопчык, Віталь Янушчык, якія вельмі кахалі і паважалі Веру. Вера ім кажа: «Хлопцы, я чула, што палякі ўжо даносяць на беларусаў, што мы — камуністы ці камсамольцы. У Лятках ужо расстралялі трох зусім нявінных вяскоўцаў. Мы абавязаны ў самы кароткі час давучыць нямецкую мову, каб маглі зайсці да камісара ці да каменданта, апраўдаць падстаўленага беларуса, выратаваць яго». Алесь Мікалаевіч Белакоз памятаў, як цэлымі днямі Вера і хлопцы зубрылі нямецкую мову, чыталі раманы па-нямецку, газеты, часопісы, і размаўлялі між сабой па-нямецку. Больш з вёскі, а таксама з суседніх, нікога не расстралялі, не пасадзілі, не саслалі ў лагер смерці.

Пасля гэтай справы Вера Белакоз пачала агітаваць хлопцаў, каб адкрывалі ў вёсках патаемныя беларускія школы. Вера стварыла школу дома. Сюды хадзілі дзесяць чалавек. Хадзілі дзеткі хаваючыся і не ўсе адразу, адны з загуменняў, а другія з дарогі. Тады Ваўкавышчына адносілася да Беласточчыны, якая была аб’яўлена Усходняй Прусіяй, гэта значыць Нямеччынай, у якой беларускіх школ не павінна было быць. Тутэйшыя людзі нават сталі пагаворваць, што немцы даведаліся пра існаванне патаемнай школы Веры Белакоз. Таму заўсёды на душы ў дзяўчыны і ва ўсіх была вялікая трывога.

Але школа існавала. Вось што ўспамінае брат Веры Белакоз Алесь Мікалаевіч: «Неяк Вера сказала: «Задала вам на сёння вывучыць на памяць тры раздзелы з паэмы «Курган» Янкі Купалы. Але ніхто з вас усіх раздзелаў не вывучыў. Калі б немцы ведалі, што вы не хочаце вучыць роднай беларускай літаратуры, то сёння прывезлі б вам скрынку цукерак. А потым кожнага з вас пагладзілі б па галоўцы і сказалі б: вы добра робіце, што не вучыце беларускай літаратуры. Мы гэту ведзьму, што вас мучыць заняткамі, зараз расстраляем, а вам прышлём немца, які будзе вучыць вас па-нямецку…» Мы, хлопчыкі, плачучы пайшлі з класа, а дзяўчынкі абляпілі настаўніцу і пачалі прасіць яе: «Даруйце нам, калі ласка. Мы ўсю паэму вывучым на памяць. Мы вас любім. Любім Беларусь і родную мову». Дзяўчынкі пачалі плакаць, цалуючы і абдымаючы настаўніцу. Гэта была субота. У панядзелак амаль усе паэму «Курган» ведалі на памяць».

У канцы чэрвеня 1941 года Алесь з сябрамі ўбачылі каля рэчкі на сенажаці савецкага салдата. Дзеці пачалі будзіць салдата, але ён не рэагаваў на іх старанні дапамагчы яму. Пра гэты факт сказалі Веры. Вера ўзяла хлеба, сала, паляндвіцы і прыбегла з Алесем на дарогу, па якой адступалі савецкія танкі. Вера з братам стала сярод дарогі, і танк, які ехаў, спыніўся. Адчыніўшы люк вайсковец закрычаў: «Ты што, не бачыш, што мы адступаем? Яшчэ і хлопчыка пад гусеніцы падстаўляеш. Сыдзі з дарогі!». «Не сыду!» — закрычала Вера. «Чаму?» — здзівіўся вайсковец. «Там хворы салдат. Забярыце яго, бо немцы расстраляюць», — папрасіла Вера. Вайсковец паслухаўся і праз люк апусціў салдата ў танк, а сам ён сеў на машыну зверху. Так яны і паехалі адступаць.

У 1943 годзе да Белакозаў зайшоў нехта Карпук і пачаў агітаваць Веру, каб яна ехала на з’езд у Беласток і ўступіла ў Саюз беларускай моладзі. Ён заходзіў і да Дзімы Жалезняковіча. Але Вера адмовілася. Яна сказала, што каб была здаровая, то абавязкова паехала б і паглядзела б, што гэта за Саюз. Але каб дабрацца да Беластока, трэба было пехатой ісці да Саколкі, але яна з-за хваробы не прайшла б і некалькі кіламетраў.

У Беласток тады паехаў яе сябра Дзіма Жалезняковіч, які ўступіў у Саюз беларускай моладзі, потым вучыў дзетак у беларускай школе. Пасля вайны ён за гэта атрымае 10 гадоў Сібіры.

Калі скончылася вайна, Вера Белакоз працавала настаўніцай у Гудзевіцкай школе, дзе па-ранейшаму выхоўвала беларускіх патрыётаў. Праўда, яе часта наведвалі супрацоўнікі КДБ. Аднойчы прыехаў кадэбэшнік, які быў даволі адукаваным чалавекам. Вось яму Вера Белакоз і не пабаялася сказаць праўду ў вочы, што працуюць яны ўсе дарам, што яна за месячную зарплату можа купіць толькі восем кілаграмаў збожжа, якіх хапае на тое, каб пракарміць у год тры курыцы, а есці самой трэба, старэнькай матулі, брату, які вучыцца ў Ваўкавыску ў восьмым класе і плаціць за вучобу 150 рублёў за год. 

Вера абуралася, што ў школе мала гадзін на беларускую мову, што ўстановы навадняюцца рускімі, што старшыня сельсавета — рускі, дырэктар школы — руская, сакратар партыйнай арганізацыі — рускі. Што казала Вера, кадэбэшнік запісваў у пратаколы, але, відаць, занатоўваў не ўсё. Дый потым вяскоўцы прасілі яго не арыштоўваць Веру. Супрацоўнік КДБ аказаўся на дзіва сумленным чалавекам, таму што Веру больш ніколі КДБ не чапала.

Вера Белакоз сярод навучэнцаў Віленскай беларускай гімназіі (у першым шэрагу сядзіць другая справа), 1939 г.

Вера Белакоз сярод навучэнцаў Віленскай беларускай гімназіі (у першым шэрагу сядзіць другая справа), 1939 г.

28 траўня 1948 года ў Гудзевіцкай школе а дзевятай гадзіне меў пачацца экзамен па матэматыцы ў чацвёртым класе. Прыехаў інспектар раённага аддзела адукацыі Стольнікаў. Седзячы каля школы, ён запытаўся ў дырэктара школы Барыса Кофмана:

— А почему все ученики и учителя плачут, они страшно боятся экзаменов?

— Сёння ноччу памерла наша найлепшая настаўніца, усе яе шкадуюць…» — адказаў дырэктар.

— А она местная или восточница? — далей пытаецца Стольнікаў.

— Не, тутэйшая, шчырая беларуская патрыётка, — адказвае Кофман.

— Да что б они, эти западники, все передохли — я был бы счастлив, — зрываецца інспектар. Праз некалькі гадзін, напіўшыся, Стольнікаў паехаў на Ваўкавыск.

Калі хавалі Веру Белакоз, быў прыгожы, цёплы, веснавы дзень. На пахаванне сабраліся сотні людзей. Дзяўчыну пахавалі на вясковых могілках у Гудзевічах.