«Вы дзівіцеся свежазлепленым помнікам таварышу Сталіну? Усё толькі пачынаецца»
Кулінарная блогерка Ніка Белацаркоўская, абвешчаная ў вышук у Расіі, напярэдадні 7 лістапада нагадала пра знішчаную савецкую інтэлігенцыю.
Ha паэта Данііла Хармса данесла грамадзянка Антаніна Аранжарэева. У 1942 годзе ён быў змешчаны ў псіхіятрычную бальніцу «Крыжы», — піша Ніка Белацаркоўская. — Знойдзена даведка ў архівах КДБ, што Хармс памёр не ад голаду — яго расстралялі.
Паэта Мікалая Забалоцкага пасадзілі за тое, што ён капаў падземны ход да Бамбея. І ён падпісаў, што капаў. Усё б падпісалі.
Акадэміку Козыраву далі дзесяць гадоў за спробу скрасці раку Волгу. У абвінавачванні так і было напісана: «Спрабаваў скрасці Волгу з Расіі на Захад». «Я ўжо быў тады пісьменным фізікам, — распавядаў ён Сяргею Даўлатаву. — Таму, калі сфармулявалі абвінавачванне, я засмяяўся. Затое, калі абвясцілі прысуд, мне ўжо было не да смеху…»
У дом Барыса Пільняка пастукалі познім вечарам, у дзень нараджэння яго сына: чалавек у белым урачыстым касцюме ветліва папрасіў пісьменніка заехаць на гадзінку да Яжова — цяпер, ноччу, гэта тэрмінова.
Жонка Пільняка паспрабавала даць яму сабраны загадзя вузельчык з адзеннем (груку ў дзверы чакаў, практычна, кожны), але ён адмовіўся паверыць, што гэта ўжо ўсё, і не ўзяў.
Пільняк паехаў да камісара дзяржбяспекі сам, на сваёй машыне, і дадому ўжо не вярнуўся: пасля працы касталомаў ён падпісаў прызнанне, што з'яўляецца японскім шпіёнам, тут жа адбыўся суд і ў гэты ж дзень ён быў расстраляны.
Следам за Пільняком была арыштаваная яго жонка, актрыса Кіра Андранікашвілі, і сасланая ў лагер жонак здраднікаў Радзімы (Алжыр).
Мікалая Алейнікава, аднаго са знакамітых «абэрыутаў», рэдактара часопісаў «Вожык» і «Чыж», у 37-м расстралялі, як памагатага трацкізму. І яшчэ ў архівах было знойдзена, што ён падпісаў прызнанне ў забойстве ўласнага бацькі — мабыць, для следчага аднаго трацкізму было мала, хацелася чагосьці яшчэ і для душы — забойства аднаго з бацькоў, напрыклад.
Усеваладу Меерхольду пасля ўсіх выдасканаленых катаванняў, перад смерцю па чарзе зламалі ўсе пальцы. A потым утапілі ў адхожым месцы — усё гэта мы даведаліся праз шмат гадоў, пасля адкрыцця архіваў. Для справаздачнасці напісалі, як належыць: расстраляны, пахаваны ў агульнай магіле…
Меерхольд не падпісаў паперу аб трацкісцкай змове, у якой нібыта ўдзельнічалі Эрэнбург, Лявонаў, Пастарнак, Катаеў, Эйзенштэйн, Шастаковіч і многія іншыя — і іх не кранулі. Пасля катаванняў ён падпісаў паперу толькі на сябе, чым страшна раззлаваў НКУСнікаў.
Месца смерці Восіпа Мандэльштама — лагерны пункт Другая Рэчка. Так званыя «зімовыя трупы» складалі штабелямі, а вясной хавалі ў брацкіх магілах. У адной з такіх безыменных магіл спачывае і вялікі рускі паэт.
Міхоэлса па асабістым распараджэнні Сталіна забілі на лецішчы. А потым выкінулі на дарогу, каб агучыць версію: «Быў збіты машынай». Праўда адкрылася толькі пасля расследавання гэтай справы ў 1953 годзе.
Бабеля не расстралялі, як гэта прынята лічыць, у саракавым годзе. Ён ішоў па этапу і, знясілены, упаў. І яго проста пакінулі паміраць на дарозе. Напісана, што яго пахавалі ў агульнай магіле — але наўрад ці хтосьці вярнуўся за ім, мёртвым, каб данесці яго цела да агульнай магілы. Вялікі пісьменнік памёр у гурбе, ў лесе — у саракавым.
Паэта Аляксандра Увядзенскага першы раз арыштавалі ў 1931-м, другі — у 1941-м, ён быў этапаваны ў эшалоне ў Казань і памёр у шляху ад плеўрыту. Яго цела было дастаўлена ў морг Казанскай псіхіятрычнай бальніцы. Дзе ён пахаваны, невядома…
Загінуўшых і пацярпелых падчас рэпрэсій — мільёны. А вы дзівіцеся свежазлепленым удзячнымі нашчадкамі помнікам таварышу Сталіну… Усё толькі пачынаецца.
Пераклад НЧ