Пяць найбольш жудасных лагераў савецкага ГУЛАГу
СЛОН, Белбалтлаг, Бамлаг... Гэта не проста назвы, гэта гісторыя вынішчэння, катаванняў, смерці, прыніжэння і, адначасова, трываласці духу. А яшчэ гэта гісторыя выкарыстання паднявольнай працы асуджаных на «вялікіх камуністычных будоўлях».
У Маскве на Лубянскай плошчы 30 кастрычніка 1990 года быў усталяваны помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Ён уяўляе сабой вялікі камень, што быў спецыяльна прывезены з Салавецкіх астравоў. Сёння, праз 32 гады пасля яго ўсталявання, Расія, а разам з ёй і Беларусь, імкліва крочуць назад у сталінскую эпоху рэпрэсій і даносаў. Таму давайце прыгадаем, што ўяўлялі з сябе найбольш вядомыя лагеры бальшавіцкага ГУЛАГу.
1. Салавецкі лагер асаблівага прызначэння (Салаўкі, СЛОН)
Строга кажучы, гэты «патрыярх» сярод усіх савецкіх лагераў існаваў задоўга да ўтварэння ГУЛАГу як структуры. Манастырская турма існавала там яшчэ з ХVI стагоддзя. Туды ссылалі найбольш небяспечных ворагаў царскага рэжыму. Пасля рэвалюцыі, бальшавікі, якія абвясцілі пачатак барацьбы з манастырамі і царквой, пры гэтым зусім і не думалі зачыняць гэтую турму. Яны толькі перарабілі яе пад свае патрэбы. Нават узнялі яе на новы, амаль прамысловы ўзровень. Напрыклад, цяпер лагер павінен быў існаваць на поўным гаспадарчым самазабеспячэнні, амаль што без падтрымкі цэнтра. Бальшавікам трэба было максімальна скараціць выдаткі. Гэта можна было зрабіць толькі праз пастаяннае павелічэнне колькасці працоўных рук. У 1928 годзе начальнік лагеру Фёдар Эйхманіс з задавальненнем адзначаў, што колькасць зняволеных вырасла з 5872 да 21 900 чалавек.
Эканамічная самастойнасць Салаўкоў паступова прывяла да яго пераўтварэння ў своеасаблівую дзяржаву ў дзяржаве. Сярод зняволеных нават хадзіла прымаўка: «Тут улада не савецкая, тут улада салавецкая».
Жыццё ў Салавецкім лагеры яскрава апісвае ў сваім творы «У капцюрох ГПУ» знакаміты дзеяч беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя Францішак Аляхновіч. Таксама з 1928 года там адбываў свой тэрмін савецкі акадэмік Дзмітрый Сяргеевіч Ліхачоў. Але ў лістападзе 1931 года ён быў пераведзены з Салавецкага лагера ў Белбалтлаг.
Да 1929 года гэта быў адзіны Папраўча-працоўны лагер на ўвесь СССР. Але ў пачатку 1930-х Салаўкі расфарміравалі, а зняволеных перавялі ў іншыя лагеры. Эксперымент аказаўся паспяховым — прыйшоў час распаўсюдзіць сістэму на ўсю велізарную краіну.
2. Беламорска-Балтыйскі папраўча-працоўны лагер (Белбалтлаг)
Менавіта з гэтага лагеру пачынаецца гісторыя выкарыстання паднявольнай працы асуджаных на «вялікіх камуністычных будоўлях». Перад лагерным кіраўніцтвам была пастаўлена задача злучыць Белае мора з Анежскім возерам праз канал. Даўжыня канала павінна была складаць некалькі сотняў кіламетраў. Для выканання гэтай цяжкай працы зэкі атрымалі выключна ручны інвентар, адзінымі інструментамі былі рыдлёўкі, кіркі і іншыя падобныя рэчы. Тым, хто не выконваў пастаўленых задач, давалі скарочаную пайку і павялічвалі турэмныя тэрміны.
У такіх умовах паказчыкі смяротнасці сярод зняволеных былі стабільна высокімі. Толькі паводле афіцыйных звестак на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала загінула больш за 10 тысяч чалавек. І гэта быў яшчэ адносна невялікі будаўнічы праект. Апетыты савецкага кіраўніцтва яшчэ толькі пачалі распальвацца.
3. Байкала-Амурскі папраўча-працоўны лагер (Бамлаг)
Нават у параўнанні з іншымі гіганцкімі будоўлямі ГУЛАГу ідэя пабудовы Байкала-Амурскай магістралі (БАМу) выглядала ўражваючай: планавалася пабудаваць тысячы кіламетраў чыгуначнага шляху ад Сібіры да горада Савецкая Гавань на ўскраіне Далёкага Усходу. Пры такіх гіганцкіх аб’ёмах працы тэрміны выканання работ былі даволі сціслыя. Для выканання плана будоўлі звазілі зняволеных з усяго СССР. Кожны раз, калі будаўніцтва адставала ад графіка, адміністрацыя лагера адразу падоўжвала працоўны дзень. Людзі працавалі па 16, а то і па 18 гадзін у суткі.
Першы кіраўнік Галоўнага ўпраўлення лагераў чыгуначнага будаўніцтва Нафталій Фрэнкель наўпрост заяўляў: «Мы павінны ўзяць ад зняволеных усё магчымае ў першыя тры месяцы». Гэта фактычна і была сярэдняя працягласць жыцця зняволенага ў лагеры.
Але ўсё роўна даволі хутка выявілася, што эфектыўна кіраваць такой колькасцю людзей, раскіданых па тэрыторыі ў 2000 кіламетраў, амаль немагчыма. Таму ў траўні 1938 года Бамлаг быў расфарміраваны і на яго базе было створана шэсць асобных чыгуначных папраўча-працоўных лагераў, кожны са сваім кіраўніцтвам.
4. Паўночна-Усходні папраўча-працоўны лагер (Паўусхлаг)
Гэты лагер стаў цэнтрам засваення Калымы. Ён знаходзіўся ў падпарадкаванні Дальбуда, дзяржаўнага трэста развіцця Далёкага Усходу. Юрыдычна ён не лічыўся часткай ГУЛАГу, але лагерныя ўмовы былі тут тымі ж самымі, што і ў астатніх лагерах, а часта і яшчэ больш жорсткімі. Асноўнай вытворчай дзейнасцю зняволеных Паўусхлагу была здабыча карысных металаў — золата і волава. Як і паўсюдна ў Савецкім Саюзе, дзеля выканання гэтых работ выкарыстоўваліся выключна ручныя сродкі працы.
Штодзённая цяжкая праца каштавала жыцця прыблізна 150 тысячам зняволеных. Але гэта ніяк не ўплывала на планы савецкага кіраўніцтва. З чалавечымі жыццём там ніколі не лічыліся.
Так, адзін з кіраўнікоў Дальбуда згадваў, як іх аднойчы запрасілі ў Крэмль: у 1938 г. Сталін запрасіў прадстаўнікоў Дальбуда ў Крэмль для ўручэння ўзнагарод за перавыкананне плана здабычы золата. Начальнікі прыіскаў Вінаградаў, Анісімаў і Альшанскі пазней расказвалі, што затым Сталін захацеў пагутарыць з імі. Ён спытаў: «Як на Поўначы працуюць зняволеныя?» — «Жывуць у вельмі цяжкіх умовах, сілкуюцца дрэнна, а працуюць на цяжкіх працах. Многія паміраюць. Трупы складаюць штабелямі, як дровы, да вясны. Выбухоўкі не хапае для капання магіл у вечнай мерзлаце», — адказалі яму. Сталін усміхнуўся: «Складаюць, як дровы... А ведаеце, чым больш будзе падыхаць ворагаў народа, тым лепш для нас».
Свой асабісты вопыт выжывання ва ўмовах якраз гэтага лагеру апісаў у сваіх знакамітых «Калымскіх расказах» расійскі пісьменнік Варлам Шаламаў.
5. Акмалінскі лагер жонак здраднікаў Радзімы («Алжыр»)
Афіцыйна гэты лагер уваходзіў у склад Карагандзінскага папраўча-працоўнага лагера (Карлаг), што быў створаны бальшавікамі ў снежні 1930 года ў стэпах цэнтральнага Казахстана. У адрозненне ад іншых лагераў, Карлаг не быў звязаны ні з якімі «вялікімі будоўлямі». Гэта было стацыянарнае паселішча для розных «ворагаў народа» і іх сваякоў.
Першыя эшалоны з асуджанымі жанчынамі пачалі прыбываць у «Алжыр» у 1938 годзе. Умовы жыцця ў ім былі практычна тыя ж самыя, што і ў мужчынскім лагеры. Зняволеныя мусілі працаваць па 12 гадзін у суткі і пры любым надвор’і. Гэта пры тым, што клімат казахскіх стэпаў вагаўся ад +40 улетку да –40 зімой пры пастаянным моцным ветры.
Пры гэтым у Акмалінскім лагеры не ўтрымлівалася аніводнай асуджанай жанчыны. Судоў над сваякамі «ворагаў народа» не вялося. Іх лёсам займалася Асобая нарада НКУС. Рэпрэсаваных толькі знаёмілі з ужо вынесеным рашэннем і патрабавалі распісацца на паперцы.
Разам з маці ў лагер часта траплялі і малыя дзеці ва ўзросце да трох гадоў. Яны змяшчаліся ў асобным бараку. Пасля дасягнення імі трохгадовага ўзросту іх адрывалі ад мамак і размяркоўвалі па дзіцячых дамах Савецкага Саюза, дзе дзетак мусілі пазбавіць «антынароднага» бацькоўскага ўплыву і перавыхаваць на сапраўдных грамадзян краіны Саветаў.
Сярод зняволеных «Алжыру» сустракаліся вельмі вядомыя прозвішчы. У лагеры знаходзіліся родная сястра Міхаіла Тухачэўскага, маці барда Булата Акуджавы, балерыны Маі Плясецкай і іншыя. Адзіным злачынствам усіх гэтых жанчын было толькі тое, што яны наўпрост былі самі сабой: жонкамі, сёстрамі і маці «ворагаў» савецкай улады.