«Пакуты беларускага і грузінскага народаў падобныя». Ноч расстраляных паэтаў у Батумі (фота)
Увечары 29 кастрычніка больш за сотню чалавек сабралося ў цэнтры грузінскага Батумі на акцыю «Ноч расстраляных паэтаў». Сёлета сярод іх — не толькі сябры беларускай дыяспары, але і грузінскія паэты і палітыкі.
Гэта ўжо другая «Ноч расстраляных паэтаў», якая ладзіцца ў Батумі. Летась мерапрыемства праходзіла ў іншым месцы і было больш камерным, удзельнічалі ў ім амаль выключна беларусы. Сёлета да Ночы масава далучыліся і грузінскія творцы.
Аляксей Балашоў, выканаўчы дырэктар ГА «Беларуская дыяспара ў Аджарыі», расказаў:
— Калі мы дамаўляліся з грузінскімі творцамі, то разуменне было стоадсоткавае, яны актыўна ўключыліся ў планаванне фармата акцыі. Яны цудоўна ўсё разумеюць, іх таксама не абмінулі рэпрэсіі, яны ведаюць і нашу сітуацыю, вельмі нам спачуваюць.
Такія мерапрыемствы важна праводзіць паўсюль. Сёння ўбачыў на мапе, што нават у Горы нехта нешта праводзіў, гэта маленькі грузінскі горад, але ж…
Рабіць гэта — важна, каб не перамаглі каты. Яны паляць кнігі, забараняюць кнігі, саджаюць людзей, страляюць, забіваюць. Але мы памятаем пра рэпрэсаваных, мова гучыць, сцяг лунае. Мы верым у сваю справу і працуем на тое, каб кожная нявінная ахвяра была адплочаная, а злачынцы асуджаныя.
Мерапрыемства пачалося з запальвання свечак ля партрэтаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій, супольнага выканання гімна «Магутны Божа» і хвіліны маўчання.
Напачатку імпрэзы выступілі грузінскія паэты. Большасць з іх раней не ведалі пра беларускую памятную дату, але пранікліся тэмай і болем, якія сугучныя і добра зразумелыя і грузінскаму народу.
Літаратар Генры Далідзэ прачытаў верш расстралянага ў 1937 годзе Тыцыяна Табідзэ «Рыа-Рыа».
Прагучала і песня «Чэмо Карго» — неафіцыйны гімн барацьбітоў за адраджэнне і незалежнасць Грузіі ў 1980-я.
Таксама выступілі разважлівы Тарыэл Цхварадзэ, экспрэсіўны Сурхан Цулукідзэ, паэтка Ганна Сурманідзэ.
Беларуская частка распачалася перакладам на беларускую мову верша «Рыа! Рыа!», рэхам якому адгукнуўся легендарны верш расстралянага беларускага паэта Алеся Дудара «Пасеклі край наш напалам» (у беларускай «Ночы Паэтаў» на Курапатах гэты верш звычайна чытаў сучасны палітзняволены Зміцер Дашкевіч). Па чарзе беларусы Батумі выходзілі і чыталі радкі Чарота, Кляшторнага, Кульбака, Жылкі, Дубоўкі.
Гістарычную частку падсумавалі мартыралогам — былі зачытаныя больш за 130 імёнаў расстраляных у «чорную ноч» 1937-га. А потым — пералік ахвяр сучаснага рэжыму, ад Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара да Вітольда Ашурка і Андрэя Зельцэра.
Апошняя частка імпрэзы была прысвечаная вершам сучасных беларускіх паэтаў, у тым ліку тых, хто ў зняволенні. У грузінскай начы гучалі беларускія словы Анатоля Сыса, Максіма Знака, Андрэя Аляксандрава, Макса Вінярскага, Дар’і Бялькевіч, Змітра Кузьменкі.
Завершылася мерапрыемства імправізаванай «прэм’ерай» — зачыткай апублікаванага літаральна за гадзіну да таго верша Дзяніса Івашына«Наган бязьлітасна ўзьняты». Палітзняволены журналіст-расследвальнік, асуджаны на 13 гадоў за «здраду дзяржаве і супрацоўніцтва з замежнай выведкай», прысвяціў свой твор Ночы паэтаў.
Наган бязьлітасна ўзьняты,Раптоўны спалах, стрэлу гук,Твае сыны прырэчаны да страты,Ляжаць у зямлі, нібы каменьняў брук.Не пакаяньня чын яны чакаюцьНашчадкаў ідэйных тых, хто страляў.Твае сыны без супакою спачываюць,Бо іх у тую ноч ніхто не адпяваў.У безназоўных іх магілахСпяць ненароджаныя пакаленьні,Паэзіі няісны скарб на белых крылах,Душы народнае спадзевы й маленьні.Жыцьцё задзьмуўшы яркі зьніч,Ня здолела згасіць чырвоная навалаВашай душы ахвярны кліч,Што ў сэрцы полымем гарыць трывала!
У фінале мерапрыемства прагучалі песні «Чэмо Карго», гімн Украіны, і на развітанне — харавое выкананне «Пагоні».
Гено Тэбідзэ, прадстаўнік партыі «Лело», які прысутнічаў на імпрэзе, падзяліўся з «НЧ» сваімі ўражаннямі:
«Нашы беларускія сябры прыносяць у горад відавочную разнастайнасць, упрыгожваюць яго сабой. Іх дзейнасць бачная і заслугоўвае павагі.
Нашы краіны геаграфічна далёкія, у нас няма агульнай мяжы. Але мы ўбачылі, праз якія пакуты давялося прайсці беларускаму народу, і як яны падобныя на пакуты грузінскага народа, фактычна гэта адна і тая ж гісторыя.
Такімі мерапрыемствамі мы збліжаем нашыя грамадствы. Варта рабіць больш, больш распавядаць адно адному, умацоўваць разуменне, што адным з самых блізкіх народаў для Грузіі ёсць беларусы. Жыве Беларусь!»