«Маладыя, прыгожыя, яркія». Маштабная «Ноч паэтаў» у Гданьску

З трагічнай нагоды 85-годдзя расстрэлу сто трыццаці двух прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі беларусы ў чарговы раз здзейснілі цуд еднасці, ушанаваўшы памяць забітых бальшавікамі суайчыннікаў у 12 краінах свету. У тым ліку «Ноч паэтаў», арганізаваная беларускім культурным таварыствам «Хатка», прайшла ў Гданьску.

«Ноч паэтаў» у Гданьску. Фота Паўла Хадзінскага

«Ноч паэтаў» у Гданьску. Фота Паўла Хадзінскага

Сумная, чорная «Ноч» у Аблацкім цэнтры адукацыі і культуры, што пры касцёле святога Юзэфа, праходзіла ў светлай атмасферы шчасця творчасці — менавіта такога эфекту чакалі арганізатары мерапрыемства. Постаці расстраляных літаратараў паўставалі перад гледачамі ва ўвесь рост і стваралі эфект прысутнасці паэтаў. Вось яны, тут — «Маладыя, прыгожыя, яркія», што сцвярджае і лозунг імпрэзы.

had_5016_logo.jpg
had_5025_logo.jpg

На ўваходзе ў залю беларусаў сустракаў айцец Марцін Шафарс. На пачатку імпрэзы ён выступіў з вітальным словам, у якім адзначыў, што боль трагедыі бязвінна забітых адгукаецца асабліва моцна менавіта ў касцёле святога Юзэфа, дзе ўчора і прагучалі беларускія вершы. У сценах гэтага касцёла 27 сакавіка 1945 года чырвонаармейцы спалілі жыўцом больш за сто вернікаў, якія шукалі ў святыні паратунку. Дарэчы, кожную нядзелю ў гэтым касцёле цэлебруюцца святыя імшы па-беларуску і гучыць хрысціянскі гімн «Магутны Божа». Але ж вернемся да імпрэзы.

Айцец Марцін Шафарс

Айцец Марцін Шафарс

Выказаць пашану расстраляным літаратарам сёлета прыйшлі больш за 150 беларусаў. Айцец Марцін увесь час клапатліва дадаваў новыя і новыя крэслы для нашых суайчыннікаў, якія крыху спазніліся.  

had_5003_logo.jpg

Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна)

Прамова кіраўніцы Беларускага Культурнага Таварыства «Хатка» Лены Глагоўскай была напоўненая болем і трагізмам. Спадарыня Лена заўважыла, што ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года — сімвалічная дата, але ж знішчэнне беларускай інтэлігенцыі пачалося нашмат раней.

Першым расстраляным беларускім літаратарам быў таленавіты пісьменнік Фабіян Шантыр. Яго забілі ў 1920 годзе, — нагадала спадарыня Глагоўская. — У 1920-я гады, у БССР, пад прыкрыццём палітыкі беларусізацыі, бальшавікі заахвочвалі шмат каго прыехаць у Мінск, каб будаваць там беларускі дом. Але ж мяжой стаў 1929 год, калі пачалася расправа з беларускай культурай, беларускай інтэлігенцыяй.

Лена Глагоўская

Лена Глагоўская

Таксама Лена Глагоўская зрабіла трывожную, але надзвычай трапную заўвагу:

«Вельмі жадаецца, каб падобныя падзеі ніколі не паўтарыліся. Але ж у 1929 годзе ніхто не прадбачваў таго, што праз 8 гадоў прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі будуць расстраляныя. Не хочацца быць злым прарокам. Лепш будзем глядзець у светлую будучыню».

Свой выступ кіраўніца беларускага культурнага таварыства ў Гданьску скончыла вершам Міхася Чарота «Прысяга», напісаным ім на сцяне турмы НКВД напярэдадні расстрэлу.

З твораў Міхася Чарота пачалася і музычна-паэтычная частка сустрэчы, на чале якой быў адзін з аўтараў кнігі «НЕрасстраляныя» Васіль Дранько-Майсюк. Імпрэза была аздобленая музыкай беларускага кампазітара Анатоля Багатырова ў выкананні беларускай піяністкі спадарыні Алены Кур'яновіч.

Васіль Дранько-Майсюк максімальна наблізіў да гледачоў адчуванне прысутнасці (не)расстраляных аўтараў, спусціўшы іх з вышыні вобразу трагічных герояў да вобразу «зямных», дзёрзкіх, натхнёных маладых людзей. Сёння ў гданьскай залі паэты былі проста мужчынамі, якія кахалі, марылі, выпівалі і здзяйснялі памылкі. А іх трагічны лёс гучаў сумным лейтматывам падчас гэтага свята жыцця. На сцэне разам са спадаром Васілём былі беларускія акцёркі Алена Баярава, Ірына Купчанка і Таццяна Кулеш. Кранальна і пранікнёна яны чыталі вершы Тодара Кляшторнага, Алеся Дудара, Міхася Чарота, фельетоны Анатоля Вольнага, а таксама прозу Міхася Зарэцкага.

Алена Баярава, Ірына Купчанка, Таццяна Кулеш

Алена Баярава, Ірына Купчанка, Таццяна Кулеш

had_5024_logo.jpg


Пра ўражанні ад мерапрыемства мы спыталі ў Алены — беларускі, якая жыве ў Гданьску ўжо 11 гадоў:

Вельмі спадабаўся фокус на тое, што творы расстраляных паэтаў жывыя і, нягледзячы на трагедыю, галасы паэтаў працягваюць гучаць. Бо на працягу ўсіх гэтых гадоў, калі сапраўдная гісторыя замоўчвалася, іх творы не выдаваліся, і людзі, якія не займаліся даследаваннем літаратуры, нават не ведалі, што былі такія творцы, — адзначыла беларуска. — Для мяне асабіста вельмі важна, што падобныя мерапрыемствы адбываюцца. Што іх удзельнікі падкрэсліваюць тое, наколькі моцна расстраляныя паэты любілі жыццё.

Васіль Дранько-Майсюк пасля імпрэзы распавёў, што рыхтаваўся да яе з вялізным задавальненнем: «Гэта мае ўлюбёныя творцы, яны сапраўды натхняюць, яны спрыяюць, яны даюць імпэт жыць і развівацца. Вядома ж, шмат што з іх творчасці вельмі сугучна сённяшняму часу. Таму яны дапамагаюць знаходзіць адказы і сёння. Асабліва мяне натхняе Алесь Дудар. Яго фігура сапраўды драматычная — інтэлектуал, якога хіліла ў розныя бакі».

Спадар Васіль падзяліўся тым, што падрыхтоўка да імпрэзы заняла каля месяца і праходзіла ў фармаце zoom-сустрэчаў. Ён таксама выказаў спадзевы на далейшую супрацу з артысткамі, што былі разам з ім на сцэне. «Бо гэта самыя лепшыя артысткі, якіх я ведаю», — адзначыў спадар Дранько-Майсюк.

had_5096_logo.jpg

Фота Паўла Хадзінскага