Нацыянальная сімволіка на дзяржаўны капыл?

Аршанскі льнокамбінат — замест Symbal.by. «Салідарнасць» расказвае, як рэжым «замяшчае» крамы з нацыянальнай сімволікай.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Рэжым працягвае вынішчаць усе праявы нелаяльнасці, у тым ліку крамы з нацыянальнай сімволікай, адзеннем, сувенірамі.
За апошнія два гады праз затрыманні гаспадароў, візіты сілавікоў і праверкі розных структур, пагрозы і ціск — былі закрытыя альбо істотна скарацілі дзейнасць «Росквіт» у Баранавiчах, «Цудоўная крама» ў Оршы і «Князь Вітаўт» у Брэсце, «Адметнасць» у Гродне, «БЧБ.бел», «Хамелеон», «Vokladki», «Будзьма», «Мой модны кут», «Symbal.by», «LSTR Adzieńnie», «Honar» і іншыя.
«Салідарнасць» паглядзела, хто цяпер займае гэтую нішу і што прапаноўваюць у якасці нацыянальных сувеніраў.
Былое памяшканне крамы Symbal.by на Машэрава, 18 пустуе. Вывескі ўжо больш як год няма, толькі над уваходам засталіся ліхтары ды надпісы на вокнах сведчаць, што ўласнікі шукаюць новых арандатараў — але чамусьці ніхто не адгукаецца.
Сам жа «Symbal.by» не знік: хоць сам Павел Белавусзнаходзіцца ў няволі амаль год і на яго завялі крымінальныя справы па некалькіх артыкулах, крама аднавіла працу ў Грузіі — і дастаўляе тавары з беларускай сімволікай па ўсім свеце.


Месца пуста бывае


На пачатку мінулага года вымушаны быў закрыцца «Мой модны кут». З 2013-га крама гандлявала нацыянальнай сімволікай у цэнтры Мінска, але ў 2020-м пачаўся ціск на ўладальнікаў.
Зараз павільён № 333 у ГЦ «Маскоўска-Венскі» зачынены, хоць на ім і пазначана шыльдачка нейкай гандлевай кропкі адзення, за шклом і апушчанымі ралетамі бачны толькі пажарны балон і дзіўны ў такім месцы паркет.
Прадаўцы-старажылы гандлёвага цэнтру падказваюць падняцца на паверх вышэй — там у кутку, як напамін пра былое, стаіць піяніна з нацыянальнай сімволікай, вершаванымі радкамі і папяровай цыдулкай ад адміністрацыі: маўляў, сядаць за інструмент можна толькі прафесійным музыкам, а «калі вы таленавіты піяніст, то стул можна папрасіць у краме "Мой модны кут"».
І мы б, што называецца, з задавальненнем, але сёння — ні крамы, ні крэслаў, ні піяністаў, якія рызыкнулі б сыграць на офісным паверсе што-небудзь беларускае…
Дзеля справядлівасці варта заўважыць, што некаторыя брэнды і крамы, якія гандлявалі таварамі з нацыянальнай сімволікай, працягнулі працу да сёння: адны пасля праверак, штрафаў і пільнай увагі дзяржорганаў зразумелі намёк і прыбралі з продажу ўсе тавары ў «няправільных» колерах альбо з «Пагоняй», другія закрылі афлайнавыя шоурумы і перайшлі ў інтэрнэт-рэжым, некаторыя засяродзіліся толькі на вырабах народных рамеснікаў ці нацыянальных строях, выключыўшы з пераліку любую сімволіку, якую могуць палічыць «падазронай».
Але многія закрыліся альбо прыпынілі дзейнасць самі і перайшлі ў рэжым чакання.
— Пакуль у нашай краіне не наступяць перамены, працаваць у ранейшым фармаце нам не дадуць, таму я нават у кірмашах рамеснікаў не ўдзельнічаю — толькі прыдумляю нейкія ідэі і малюю «ў стол», — гаворыць адна з майстрыц, — але падступна ўсё адно перакананая, што досыць хутка ўсё гэта спатрэбіцца.

Не толькі саломкі падсцяліць


Улады «зачысцілі» і закрылі крамы з нацыянальнай сімволікай, але ж турысты працягваюць ездзіць у Беларусь. Што ім прапануюць у якасці «правільных» беларускіх сувеніраў, акрамя мерчу з цытатамі Лукашэнкі? Няўжо ўсё тыя ж саламяныя лялькі і буслоў у вышыванках, як і шмат гадоў таму?
Будзеце смяяцца, але так. У фірмовай краме Аршанскага льнокамбіната ў «Сталіцы» — акурат буслы, козы, стылізаваныя рушнікі і абрусы, шэраг рознакаляровых кашуль па цане крыла самалёта, знаходзіцца нават вышываны шопер з арнаментам і надпісам «Belarus».
Тут жа ёсць гандлёвая кропка «Белмастацкерамікі» — такое адчуванне, што ў ёй сабралі ўсе вырабы, не распрададзеныя за апошнія гады: кубкі, гаршчкі, сувенірныя магніты, свінкі-капілкі.
Яшчэ адно дзяржаўнае прадпрыемства, якое спецыялізуецца на беларускіх сувенірах — «Скарбніца» — выбар прапануе больш багаты. Але, мякка кажучы, не для ўсіх: стылізаваныя пад народныя ўборы жаночыя, мужчынскія і дзіцячыя кашулі абыдуцца ад 150 рублёў і больш, сцэнічныя касцюмы — ад 900 і далей, тая ж гісторыя з тканымі посцілкамі, вышыванымі і маляванымі пад беларускія дываны насценнымі пано, абрусамі і г. д.
На праспекце Незалежнасці шмат гадоў працягвае працаваць «Кірмаш» — тут шырока прадстаўленая прадукцыя аб’яднання «Белмастацпромыслы», якое ўваходзіць у Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі.
Гэта, дарэчы, адзіная з афіцыйных гандлёвых кропак, дзе мы сустрэлі наплыў — пакуль прадаўцы засяроджана пераклейвалі цэннікі (відаць, сувенірныя тавары таксама трапілі пад дзяржрэгуляванне).
Ажно пяцёра пакупнікоў блукалі па першым паверсе, ацэньваючы саламяныя капелюшы, льняное адзенне і камплекты сталовай бялізны, розных драўляных зуброў, лазовыя кошыкі, карціны, кераміку, вялікія і малыя гербы і сцягі ды ўсякія малафункцыянальныя, але сімпатычныя куфэркі.
Аднак купляюць усё ж тое, што таннейшае — напрыклад, пінскія футболкі з «беларускімі» прынтамі.
А вось у галерэі рамёстваў «Славутасць», што ў Траецкім прадмесці, сярод пафасных турыстычных рэчаў можна знайсці і сапраўды цёплыя і душэўныя вырабы дзясяткаў беларускіх майстроў: ад саламяных завушніц і парцалянавага посуду ручной работы да плеценых бранзалетаў, вышытых мяшэчкаў для гарбаты і зёлак, валошкавых пернікаў, берасцяных паштовак.
Акрамя таго, знаўцы параілі не абмінаць сталічныя кнігарні — напрыклад, у «Цэнтральнай», калі добра пакорпацца паміж дзяржсцягамі і матрошкамі, дагэтуль можна набыць наборы сцікераў, значкоў і налепак з беларускім арнаментам, беларускімі замкамі і партрэтамі класікаў, а таксама выдатныя аўтарскія паштоўкі з выцінанкамі, коміксамі, прыказкамі і прымаўкамі.
І хоць гэта, натуральна, зусім не той маштаб і каленкор, што былі пару гадоў таму, аднак усяляе аптымізм: беларускае з беларусаў не вытравіць, як бы хто ні стараўся.