Хронікі рэпрэсій. «Экстрэмісцкае фарміраванне Цапкалы» і антырасійскі байкот у Баранавічах

З дапамогай інфармацыі ад праваабаронцаў і медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў за 28 кастрычніка.

img_0629_2_logo_1.jpg


Супраць былога палітвязня Дзмітрыя Фурманава ўзбудзілі новую крымінальную справу. 28 кастрычніка правялі ператрус у яго бацькоў у Гродне ў межах крымінальнай справы за абразу прадстаўніка ўлады. Нагодай стаў каментар пра начальніка рэжымнага аддзела папраўчай калоніі № 3 Сяргея Кібіка і начальніка папраўчай калоніі №3 Аляксея Старавойтава.

Падчас ператрусу супрацоўнікі праваахоўных органаў паведамілі, што ім вядома, што Дзмітрый цяпер знаходзіцца ў Латвіі.

Дзмітрый быў затрыманы 29 траўня 2020 года на гродзенскім пікеце Святланы Ціханоўскай. Яму прысудзілі 2 гады калоніі агульнага рэжыму за «арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Год і тры месяцы Дзмітрый правёў у СІЗА. 21 кастрычніка 2021 года ён выйшаў на волю з калоніі і адразу пакінуў Беларусь.

* * *

Святара Уладзіслава Багамольнікава асудзілі пяты раз запар. Як паведамляе Хрысціянская візія, святар ужо 59 дзён правёў за кратамі — чатыры разы яму прызначалі адміністрацыйны арышт. Ён павінен быў выйсці заўтра, але сёння адбыўся новы суд, які прызначыў яму новыя 15 сутак арышту.

Такое працяглае заключэнне святара можа тлумачыцца ціскам, які на яго аказваюць, хутчэй за ўсё, за тое, што ён адмаўляецца «супрацоўнічаць» з сілавікамі — дагэтуль не з'явілася «пакаяннае» відэа з ім.

Уладзіслаў Багамольнікаў — клірык Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі. Служыў на «Плошчы Перамен» паніхіду па забітым Рамане Бандарэнку, аб'яўляў галадоўку ў знак салідарнасці з палітвязнем Ігарам Лосікам.

Супраць Багамольнікава ў інтэрнэце прапаганда разгарнула цэлую кампанію цкавання і пагроз.

* * *

У Гродне затрымалі дырэктара начнога клуба «Калізей». Па звестках праваабаронцаў, затрыманне праводзілі супрацоўнікі па барацьбе з карупцыяй. Мужчыну вывелі з кватэры і паклалі тварам у падлогу проста ў майтках. У тэлеграм-каналах сілавікоў паведамляецца, што кіраўніку клуба закідаецца распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў.

* * *

Зноў затрымалі праваабаронцу Насту Лойку. У праўладных телеграм-каналах з'явілася «пакаяннае» відэа з дзяўчынай. У роліку яна «прызнаецца», што нібыта «атрымлівала фінансаванне ад замежных арганізацый».

* * *

У Мінску затрымалі супрацоўніка Міністэрства адукацыі Сяргея Навумчыка. 35-гадовы мужчына працуе на пасадзе галоўнага спецыяліста. Кадры яго затрымання і «пакаяннае відэа» з'явіліся 28 кастрычніка. Затрымлівалі Навумчыка брутальна: некалькі сілавікоў наляцелі на яго, калі мужчына спакойна ішоў па двары каля шматпавярховіка.

Сілавікі сцвярджаюць, што Навумчык пісаў у «экстрэмісцкіх» чатах каментары з заклікамі да сілавога супраціву органам унутраных спраў, а таксама «зліваў» асабістыя звесткі некалькіх суддзяў.

Супраць затрыманага распачалі крымінальную справу паводле артыкулаў аб распальванні варожасці і незаконных дзеяннях з персанальнымі звесткамі.

* * *

Генпракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна. Ім інкрымінуюцца новыя артыкулы КК — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншыя дзеянні, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.

Паведамляецца, што па крымінальнай справе са згоды генеральнага пракурора праведзена спецыяльная вытворчасць. А ў дачыненні да ўсіх фігурантаў завочна абрана мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

* * *

Гітарыста «Крамбамбулі» і Pomidor/off Уладзіслава Плюшчавабудуць судзіць 10 лістапада па новай крымінальнай справе. Гэтым разам музыку абвінавачваюць па трох артыкулах КК: абраза прадстаўніка ўлады; паклёп; неправамерныя дзеянні ў дачыненні да звестак аб прыватным жыцці і персанальных даных. Справу будзе разглядаць суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Андрэй Млечка.

4 жніўня палітвязень ужо быў асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі за паклёп і абразу прадстаўніка ўлады. Яго таксама аштрафавалі на 6400 рублёў і канфіскавалі асабісты аўтамабіль. Сёння Мінгарсуд разгледзеў апеляцыю Уладзіслава, але вынік праваабаронцам невядомы.

* * *

У Баранавічах затрыманы дырэктар крамы аўтазапчастак, які адмовіў у продажы тавару вайскоўцам з Расіі. Паводле версіі праўладных крыніц, мужчына сказаў свайму супрацоўніку не прадаваць запчасткі расійскім вайскоўцам, назваўшы іх акупантамі.

Пасля затрымання сілавікі абвінавацілі прадпрымальніка ва ўдзеле «ў спробах захопу ўлады ў 2020 годзе» і пералічэнні сродкаў у падтрымку Узброеных сіл Украіны.

* * *

625 чалавек адначасова прызнаны «экстрэмістамі» па версіі МУС Беларусі. Цяпер у гэтым спісе амаль 1500 прозвішчаў, у тым ліку галоўрэд «Новага часу» Аксана Колб.

* * *

Сілавікі затрымалі начальніцу юрыдычнага аддзела сеткі салонаў «На сувязі». 26-гадовую Ілону Сівец абвінавацілі ў тым, што яна брала ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту.

* * *

У Беларусі новыя «экстрэмісцкія фарміраванні». Гэта Валерый Цапкала (тлумачыцца, што гэта група грамадзян, аб'яднаных пад кіраўніцтвам палітыка, у тым ліку шэраг інтэрнэт-рэсурсаў, плюс лога ў выглядзе яго «фатаграфічнага малюнка»), а таксама полк «Пагоня».

* * *

Праваабаронцы паведамляюць, што ГУБАЗіК затрымаў магілёўскага музыканта Аляксея Варанцова за нібыта ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту і каментары ў «дэструктыўных» Telegram-каналах.