Гітарыста «Крамбамбулі» і Pomidor/off зноў будуць судзіць
Стала вядома, што над Уладзіславам Плюшчавым 10 лістапада адбудзецца суд па новай крымінальнай справе.
![plyschau_82.jpeg plyschau_82.jpeg](/img/v1/images/plyschau_82.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Гэтым разам музыку вінавацяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»); арт. 188 («Паклёп»); ч.3 арт. 203-1 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных»). Справу будзе разглядаць суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Андрэй Млечка, паведамляюць праваабаронцы.
Уладзіслава затрымалі яшчэ 12 красавіка і асудзілі на 25 сутак адміністратыўнага арышту. Аднак на волю яго не адпусцілі, а распачалі крымінальную справу.
Нагадаем, 4 жніўня палітвязня ўжо асудзілі да двух гадоў калоніі за паклёп і абразу прадстаўніка ўлады. Таксама яму прызначылі штраф у памеры 6 400 рублёў і канфіскавалі яго асабісты аўтамабіль.
У сярэдзіне верасня 2022 года Уладзіслава перавялі з СІЗА-1 у жодзінскую Следчую турму № 8.
Сёння, 28 кастрычніка, у Мінгарсудзе адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі Уладзіслава, але вынік праваабаронцам невядомы.
Можна падтрымаць Уладзіслава грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі: Следчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Уладзіслаў Яўгенавіч Плюшчаў.