«Ноч паэтаў»-2022: Вільня і Тбілісі

Беларусы Вільні аднымі з першых сёлета ўшаноўваюць памяць забітых у гады сталінскіх рэпрэсій беларускіх творцаў.

14_77_logo.jpg


Сёлета адзначаецца 85 гадоў з самай страшнай ночы ў беларускай літаратуры: у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года савецкія карнікі расстралялі 123 дзеячаў беларускай культуры. Сярод іх — 22 літаратары.

Сёння беларусы раскіданыя па ўсім свеце і не могуць сабрацца ў Курапатах — самай вялікай «магіле» расстраляных у 1930-я гады. Таму «Ноч паэтаў» ахапіла ўвесь свет. І стартуе яна ў Вільні.

Прайшла акцыя памяці растраляных беларускіх творцаў і ў Тбілісі. Тут яна мела фармат літаратурнага вечара.

У Доме пісьменнікаў Грузіі адбыліся чытанні вершаў забітых паэтаў. Свае любімыя творы прачыталі акцёр Аляксандр Ждановіч («Маляваныч»), музыка Андрусь Такіданг, рэжысёр Андрэй Бібікаў і іншыя вядомыя беларусы. Пазней гэта змаглі зрабіць усе жадаючыя, скарыстаўшыся «вольным мікрафонам».

Перад прысутнымі таксама выступіла па відэасувязі вядомая літаратуразнаўца і настаўніца Ганна Севярынец. Яна прачытала лекцыю пра пакаленне беларускай інтэлігенцыі пачатку мінулага стагоддзя, шмат каму з якога давялося загінуць ад рук сталінскіх катаў.

Усяго на вечарыну ў Тбілісі сабралося некалькі дзесяткаў чалавек.