«Мы ўпэўненыя, што ўдзел у гэтай вайне на баку агрэсара для хрысціяніна недапушчальны»
Напярэдадні Калядаў расійскія хрысціяне розных канфесій, якія не падтрымліваюць вайну на Украіне, падрыхтавалі сумесную дэкларацыю міратворцаў. Тэкст дэкларацыі складалі праваслаўныя святары, пратэстанцкія пастары і свецкія асобы.
![file_6d1f7cdd8122ce8f98895d19e5e43ace.jpg file_6d1f7cdd8122ce8f98895d19e5e43ace.jpg](/img/v1/images/file_6d1f7cdd8122ce8f98895d19e5e43ace.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аўтары вымушана захоўваюць ананімнасць. Відэазварот з асноўнымі тэзісамі дэкларацыі запісалі салідарныя з аўтарамі хрысціяне, якія знаходзяцца ў эміграцыі.
Дэкларацыя змяшчае асуджэнне ваенных дзеянняў Расіі на Украіне з багаслоўскіх пазіцый і заклік да хрысціян, якія падзяляюць міратворчыя погляды, маліцца аб спыненні ваенных дзеянняў, па магчымасці выступаць супраць вайны, аказваць негвалтоўны супраціў мабілізацыі і дапамагаць украінскім уцекачам. Па словах складальнікаў тэксту, ім хацелася нагадаць вернікам, якія жывуць у Расіі, што вайна ва Украіне тычыцца кожнага, і нельга ігнараваць тое, што адбываецца, і тым больш –— апраўдваць вайну з хрысціянскіх пазіцый.
Аўтары дэкларацыі распавялі SOTA аб тым, чаму вырашылі падрыхтаваць антываенны маніфест, і ў чым бачаць мэту гэтай акцыі:
— Над тэкстам працавалі праваслаўныя і пратэстанты, якія жывуць у Расіі. Чарнавы варыянт мы паказвалі тэолагам, пастарам і святарам, простым вернікам, так што каля 30 чалавек так ці інакш унеслі сваю лепту ў стварэнне тэксту.
— Калі дэкларацыя міжканфесійная, чаму згадваюцца толькі праваслаўныя і пратэстанты, але не гаворыцца пра каталікоў?
— Мы пазіцыянуем нашу дэкларацыю не як канфесійную (заяву праваслаўных або лютэран), а як заяву хрысціян, незалежна ад канфесійнай прыналежнасці. Пакуль мы проста не паспелі знайсці выхад на каталікоў, якія падзяляюць нашы погляды, але ў тым, што сярод суаўтараў няма каталікоў, наша недапрацоўка. На наступных этапах працы праекта мы абавязкова яе выправім і запросім каталікоў з намі супрацоўнічаць.
— З якой мэтай вы вырашылі падрыхтаваць гэты тэкст?
— З лета 2022 года мы сталі збірацца невялікай групай аднадумцаў. Сустрэчы прысвячалі чытанню багаслоўскіх тэкстаў, напісаных нямецкімі хрысціянамі ў 30-я гады XX стагоддзя. Пытанні, якія займалі хрысціян тады, карэлявалі з пытаннямі, якія ўзніклі перад намі: якімі павінны быць адносіны паміж Царквой і дзяржавай? На чым можа быць заснаваны хрысціянскі пацыфізм? Пры якіх умовах хрысціянін можа ўзяць у рукі зброю? Апора на гэтыя тэксты дазваляла нам не проста абмяркоўваць, як усё дрэнна, але звяртаць увагу на канкрэтныя праблемы і пытанні.
Калі мы абмяркоўвалі гэты дакумент, нам прыйшла думка скласці ўласную дэкларацыю. Асноўнай матывацыяй першапачаткова было не столькі заявіць пра сябе свету, колькі для саміх сябе сфармуляваць нашу пазіцыю. Кожны з нас ведаў, што ён супраць вайны. Але чаму? Ці лічым мы, што ваяваць нельга ў прынцыпе ні пры якіх абставінах? А калі пры нейкіх умовах усё ж такі можна, то чаму цяперашняя вайна ў гэтыя ўмовы не ўпісваецца? Нам хацелася асэнсаваць гэтыя пытанні і матываваць іншых хрысціян у Расіі гэтым пытаннямі задацца.
Акрамя таго, нам вельмі хацелася адказаць афіцыйным царкоўным (ды і палітычным) спікерам, якія ўсімі сіламі спрабуюць паказаць, што вайна з Украінай — «свяшчэнная вайна», ледзь не аскетычны подзвіг; што салдаты аўтаматычна трапляюць у рай, што мы — армія святла, якая змагаецца супраць арміі цемры, і г. д., і т. п.
У «багаслоўскай частцы» дэкларацыі мы паспрабавалі сістэматычна выкласці нашы тэзісы, а таксама коратка адказаць на асноўныя пярэчанні, якія мы рэгулярна чуем ад прыхільнікаў вайны. Атрымалася 6 раздзелаў, два асноўных прысвечаны ўзаемаадносінам паміж Царквой і дзяржавай, адносінах да вайны наогул і да ўварвання ва Украіну ў прыватнасці. Тэкст вялікі, таму мы вылучылі асноўныя тэзісы і запісалі іх на відэа для тых, хто захоча хутка азнаёміцца з нашымі ідэямі.
Відэазапіс мы разглядаем як палітычнае выказванне, звернутае, галоўным чынам, да тых хрысціян, хто сумняваецца, хто лічыць, што вайна ва Украіне не тычыцца яго наўпрост і не закранае яго хрысціянскае сумленне, хто аддае перавагу проста пра гэта не думаць, імкнучыся жыць «як звычайна». Нам хацелася, каб такія людзі адчулі, што сёння грамадзяне Расеі не могуць жыць так, як быццам бы нічога не адбываецца, як быццам бы вайна ва Украіне іх не тычыцца.
Мы пастараліся сфармуляваць нашы тэзісы так, каб яны не выглядалі як заклікі да безразважных дзеянняў. Нават цяпер у грамадзян Расіі ўсё яшчэ застаецца мноства спосабаў змагацца супраць вайны і выказваць салідарнасць з украінцамі, не рызыкуючы дарма. Напрыклад, размаўляць з сваякамі і сябрамі або аказваць гуманітарную дапамогу ўкраінскім бежанцам.
Багаслоўскі дадатак да дэкларацыі мы пазіцыянуем як запрашэнне да дыялогу. Гэты тэкст — усяго толькі адзін з першых крокаў на доўгім шляху багаслоўскага асэнсавання гэтай вайны і ўсяго, што яе суправаджае. Мы запрашаем усіх хрысціян паўдзельнічаць у яго дапрацоўцы.
— У якім выглядзе вы плануеце працягваць дапрацоўку тэксту (улічваючы захаванне ананімнасці складальнікаў)?
— Тэкст дэкларацыі апублікаваны на сайце, там жа ёсць пошта для водгукаў, каментароў і прапаноў. Грунтоўныя, сур'ёзныя, вялікія водгукі і адказы на іх мы будзем публікаваць на сайце ў спецыяльным раздзеле. Таксама мы запускаем ТГ-канал, дзе будзем публікаваць дэкларацыю па частках, каб для кожнага асобнага тэзіса з'явілася свая галінка абмеркаванняў-каментароў. Такім чынам, кожны жадаючы можа паўдзельнічаць у дапрацоўцы тэксту, прапанаваць сваю фармулёўку або ўдакладненне.
— Вы згадалі аб выхадзе пратэстантаў з нямецкай евангелічнай царквы ў Трэцім Рэйху і аб стварэнні альтэрнатыўнай структуры. Ці магчымы падобны спосаб дзеянняў для сучасных расійскіх хрысціян? Бо акрамя асабістых перакананняў ёсць таксама і пазіцыя вышэйшай царкоўнай іерархіі, і ці не супярэчыць заявам дэкларацыі ўдзел у жыцці царквы як інстытута, кіраванага праваенна настроенымі людзьмі?
— Трэба разумець, што ў пратэстантызме і ў праваслаўі розныя ўяўленні аб адзінстве Царквы: праваслаўнаму важна быць у кананічных зносінах з епіскапам (што не значыць згоды з ім па пытаннях, якія не адносяцца да веравучэння), а пратэстанты ў гэтых адносінах вольныя ствараць новыя абшчыны, ніяк не звязаныя з іншымі.
Праблема неадпаведнасці нашых поглядаў пазіцыі царкоўнай адміністрацыі тычыцца не ўсіх хрысціян Расіі. Папа Рымскі даволі ясна выказаў сваю пазіцыю, а біскупы гэтай царквы ў Расіі ўстрымліваюцца ад лаялісцкіх выказванняў. Сярод пратэстантаў сітуацыя розная: лідары адных дэнамінацый ясна выказалі сваю антываенную пазіцыю, лідары іншых — праваенныя. У многіх пратэстантаў кожная абшчына адміністрацыйна самастойная, а калі пастар праваенны — можна проста перайсці ў іншую суполку.
Хтосьці перастае хадзіць у праваслаўныя храмы і шукае альтэрнатывы. Хтосьці не мяняе ні храм, ні канфесію, але асабіста не ўдзельнічае ў тым, што можа трактавацца як акты падтрымкі вайны (напрыклад, не моліцца аб перамозе расійскай арміі).
У дэкларацыі мы гэтае пытанне не закраналі, таму што яно не міжканфесійнае і не звязанае наўпрост з асуджэннем або апраўданнем вайны. Але, магчыма, у працэсе працы над багаслоўскай часткай і такі параграф у нашым тэксце з'явіцца.