Хронікі рэпрэсій. Пратасевічу могуць забараніць выезд з Беларусі
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі 19 чэрвеня.

Суд павінен вырашыць пытанне ўвядзення для нядаўна памілаванага Рамана Пратасевіча прэвентыўнага нагляду, звярнуў увагу сайт Dissidentby. Паводле Крымінальнага кодэкса, прэвентыўны нагляд устанаўліваецца для назірання за паводзінамі, папярэджання злачынстваў і аказання неабходнага прафілактычнага ўздзеяння.
Суд абавязвае чалавека пад наглядам прыбыць ва ўстаноўлены тэрмін да абранага месца жыхарства і з'явіцца ў орган унутраных спраў для пастаноўкі на ўлік, апавяшчаць орган унутраных спраў аб змене месца жыхарства, з'яўляцца ў міліцыю для рэгістрацыі ад аднаго да чатырох разоў у месяц.
Таксама суд можа абавязаць не наведваць пэўныя месцы, не пакідаць сваё жыллё ў пэўны час сутак, не выязджаць за межы раёна (горада) па службовых і асабістых справах без згоды органа ўнутраных спраў, не выязджаць за межы Беларусі.
* * *
Экс-палітвязню Рамуальду Улану прызначылі трое сутак арышту. Былы заснавальнік і выдавец «Новай газеты Смаргоні» быў затрыманы ў пятніцу. Як стала вядома праваабаронцам, сёння адбыўся суд —старшыня суда Смаргонскага раёна Дзмітрый Багдановіч прызнаў Рамуальда Улана вінаватым у парушэнні артыкула 19.11 КК («Распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў») і прызначыў 3 сутак арышту, якія адбываў Улан да суда.
Рамуальд Улан у студзені 2021 года быў прысуджаны да 2,5 гадоў «хіміі». Смаргонца абвінавацілі ў распаўсюджанні загадзя ілжывых звестак, якія ганьбяць гонар і годнасць супрацоўнікаў міліцыі. У траўні яго вызвалілі па амністыі.
* * *
Суддзя Полацкага раённага суда Яніна Марцулевіч аштрафавала выкладчыка Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Ганну Нанос на 1110 рублёў за распаўсюджанне «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у сацыяльных сетках.
Суд устанавіў, што Ганна нібыта размяшчала і захоўвала ў адкрытым доступе ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» інфармацыйныя прадукты, уключаныя ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, да моманту выяўлення супрацоўнікамі Полацкага РАУС.
Як паведамляюць праваабаронцы, Ганна Нанос у 2020 годзе была змешчана на Дошку гонару ў раздзеле «Гонар універсітэта».
* * *
Адразу трох жыхароў Бабруйска судзілі па «народным» артыкуле 342 КК за ўдзел у поствыбарных акцыях пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе. Прысуд вынеслі ў судзе Бабруйскага раёна і горада Бабруйска.
Палітзняволеная актывістка Галіна Смірнова прысуджана да двух гадоў «хатняй хіміі», Аляксандр Леаненка — да аднаго года і шасці месяцаў «хатняй хіміі», палітвязень Андрэй Сініца — да трох гадоў «хіміі». Пракурор запрошваў для апошняга тры гады калоніі.
* * *
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 9 чалавек. Гэта Віталь Скударноў, Аляксандр Кандрацюк, Яраслаў Саковіч, Аляксей Шагаеў, Уладзімір Гемза, Дзмітрый Багачэнка, Ганна Карняенка, Дзмітрый Загалоўвец.
Палітвязнем таксама прызнаны Уладзімір Казека, які з 9 траўня бесперапынна адбывае адміністрацыйны арышт паводле арт.19.11 КаАП («Распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў»).
Цяпер у Беларусі, паводле праваабаронцаў, 1497 палітвязняў. Насамрэч іх колькасць значна большая, бо не ўсе прысуды і справы вядомыя.
* * *
Прысуд па справе Анастасіі Лойка, меркавана, будзе абвешчаны заўтра. Прынамсі, пасяджэнне па справе праваабаронцы стаіць у судовым раскладзе і прызначана на 20 чэрвеня ў 9:30 у Мінскім гарадскім судзе. Суд будзе адкрытым, што паказвае на вырак — ён адкрыты нават у закрытых працэсах.
Наста Лойка абвінавачваецца паводле ч. 3 арт.130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці») за Праваабарончы даклад. Ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Справу разглядае суддзя Алена Шылько. Колькі запрасіла для праваабаронцы дзяржабвінаваўца, невядома, бо працэс праходзіў у закрытым рэжыме. А таксама невядомы падрабязнасці справы і пазіцыя самой Лойка. Усяго адбылося два пасяджэнні.
Праваабаронцу Насту Лойка ўтрымліваюць у СІЗА-1 амаль паўгода. Да гэтага яе ўтрымлівалі працяглы час на Акрэсціна.
* * *
У канцы мінулага тыдня ў Мінску быў затрыманы Сяргей Панін. Дома ў мужчыны быў праведзены ператрус, цяпер ён знаходзіцца на Акрэсціна. У 2021 годзе Сяргею прызначылі 15 сутак арышту за сцяг Канады ў акне кватэры. Тады мужчына тлумачыў, што падчас моладзевага чэмпіянату свету па хакеі «хварэў» за зборную Канады, таму і вывесіў сцяг.
* * *
Стала вядома, што ў Жодзіне 29 чэрвеня адбудзецца суд над фігурантам «справы Ціханоўскага» Уладзімірам Кнігай паводле арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі»).
Кніга — былы сілавік, валанцёр каманды Святланы Ціханоўскай. Яго асудзілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса. 2 чэрвеня 2021 года пасля доўгага судовага працэсу ў гродзенскім судзе Уладзіміру прысудзілі 4 гады калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Пазней палітвязню ўзмацнілі рэжым і перавялі ў жодзінскую турму.
Справу будзе разглядаць суддзя Іван Грынкевіч — ён жа нядаўна асудзіў паводле гэтага артыкула і Сяргея Ціханоўскага.
* * *
Лідара Партыі БНФ Рыгора Кастусёва вярнулі ў калонію «Воўчыя норы». Месяц палітык быў на абследаванні ў бальніцы. Пра гэта ў фэйсбуку паведаміў яго зяць Дзмітрый Антончык. Паводле яго слоў, спадар Рыгор тэлефанаваў жонцы.
Нагадаем, што палітыка затрымалі ў красавіку 2021 года ў Шклове, а ў верасні 2022 года асудзілі да 10 гадоў калоніі па справе аб захопе дзяржаўнай улады. У зняволенні ў Рыгора Кастусёва абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне.
* * *
Сайт гомельскага выдання «Флагшток» заблакіравалі на тэрыторыі Расіі. Блакіраванне сайта адбылося 17 чэрвеня, зрабілі гэта за асвятленне расійскага ўварвання ва Украіну. Разам з «Флагштокам» у гэты дзень у Расіі заблакіравалі сайт «Беларускай асацыяцыі журналістаў» і некалькі ўкраінскіх сайтаў.