ААН: «Сітуацыя пагаршаецца ў атмасферы страху, беспакаранасці і непрыцягнення да адказнасці вінаватых»

На сайце ААН апублікаваны даклад Спецдакладчыцы па пытанні аб палажэнні ў вобласці правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, які будзе прадстаўлены на 47 сесіі Савета па правах чалавека.

anais_marin_1.jpg

У ім Анаіс Марэн апісвае сітуацыю з грамадзянскімі, палітычнымі, эканамічнымі, сацыяльнымі і культурнымі правамі, якая склалася ў 2020 годзе і пачатку 2021 года ў Беларусі. Яна дакументуе хвалю рэпрэсій у краіне з дапамогай довадаў масавых парушэнняў, беспрэцэдэнтных па сваіх маштабах і цяжары.

На 24 старонках даклада ўздымаюцца пытанні, якія вельмі востра паўстаюць у беларускім грамадстве:

  • права на жыццё — смяротнае пакаранне і адвольнае пазбаўленне жыцця;

  • права на фізічную недатыкальнасць: катаванні і іншыя жорскія, бесчалавечыя віды абыходжання; адвольныя затрыманні і заключэнне пад варту; гвалтоўныя знікненні; прымусовыя выдварэнні; справядлівасць судовага разбіральніцтва;

  • свабода мірных сходаў і асацыяцый; свабода асабістага меркавання і яго свабоднае выказванне, права на ўдзел у грамадскім жыцці;

  • права на здароўе, на адукацыю, у тым ліку на беларускай мове і мовах меншасцей ды інш.

Анаіс Марэн глыбока ўстрывожаная беспрэцэдэнтнай эскалацыяй парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, якая назіралася ў адзначаны перыяд.

«Палітычны крызіс і сацыяльныя падзеі яшчэ раз пацвердзілі цыклічнасць усплёскаў парушэнняў правоў чалавека ў перыяд выбараў у Беларусі, але ў той жа час яны выявілі глыбока укаранелыя інстытуцыйныя недахопы дзяржаўнага апарата, у прыватнасці праваахоўнай сістэмы і сістэмы правасуддзя, якія выкарыстоўваюцца не для абароны правоў чалавека, а для іх абмежавання. Асаблівую заклапочанасць выклікае той факт, што сітуацыя працягвае пагаршацца ў атмасферы страху, беспакаранасці і непрыцягнення да адказнасці вінаватых», — прыходзіць да высновы Спецдакладчыца ААН.

Яна нагадвае і паўтарае свае рэкамендацыі, сфармуляваныя ў папярэдніх дакладах, якія не былі выкананы, а таксама падтрымлівае рэкамендацыі, сфармуляваныя Вярхоўным камісарам ААН Мішэль Бачэлет у яе дакладзе, асабліва тыя, якія патрабуюць тэрміновых дзеянняў з боку ўрада Беларусі.

47 сесія Савета па правах чалавека ААН пройдзе з 21 чэрвеня па 9 ліпеня 2021 года, пытанне Беларусі будзе чацвёртым на парадку дня.

spring96.org